У сёняшнiм нумары газеты «Звязда» апублiкавана iнтэрв’ю з Мікалаем Быхаўцавым пад назвай «Краязнавец з Ваўкавыска напісаў 1540 старонак гісторыі свайго горада». Прапануем нашым чытачам.

У Ваўкавыску жыве даволі цікавы і апантаны сваім краем чалавек. Гэта Мікалай Быхаўцаў. Шмат гадоў ён даследуе і піша гісторыю раёна. Некалькі разоў на год за ўласны кошт ён ездзіць у архівы Польшчы, Літвы, Латвіі, Санкт-Пецярбурга, у беларускія архівы і шукае ўсё, што звязана з гісторыяй Ваўкавышчыны.

— Мікалай Іванавіч, колькі гадоў Вы даследуеце гісторыю Ваўкавышчыны?

— Пачаў працаваць з 2001 года. Пачынаў з маленькіх артыкулаў-даследаванняў, якія друкаваў у мясцовым друку, а праз два гады ўжо пісаў даволі вялікія і сур’ёзныя артыкулы па гісторыі Ваўкавышчыны. Цікавасць да маіх гістарычных артыкулаў з боку чытачоў была вельмі вялікая, бо дагэтуль сапраўднай гісторыі Ваўкавыскага раёна не пісалі. Пошукі матэрыялаў працягваю і цяпер. Калі іх назбіралася даволі шмат, я пачаў выдаваць свой краязнаўчы часопіс, першы нумар якога пад назвай «Ваўкавышчына» выйшаў у траўні 2007 года. Усяго на сённяшні дзень выдадзена 22 нумары са 130 артыкуламі. Калі ўлічыць, што ў сярэднім у нумары каля 70 старонак, то надрукавана 1540 старонак гісторыі роднага краю. Гэта цэлы скарб гісторыі аднаго рэгіёна.

— І што самае цікавае сабрана Вамі?

— Напачатку я цікавіўся 1920-1945 гадамі, бо пра гэта маглі распавядаць людзі, якія перажылі іх, таму я апытаў каля 150 чалавек. Але з цягам часу адчуў неабходнасць «капаць глыбей». Таго матэрыялу, якога «накапаў», хопіць для выдання трох тоўстых кніг па гісторыі Ваўкавышчыны. Адзначу толькі грунтоўныя даследаванні: «Паўстанне 1863 года на Ваўкавышчыне», «Адукацыя ХІХ стагоддзя на Ваўкавышчыне», «Крымінальная Ваўкавышчына», «Ваўкавыск міжваенны», «Першыя Саветы», «Расправа над народам», «Сем сутак вайны», «Нямецкая акупацыя», «Акаўцы Ваўкавыскага павета», «Трагедыя яўрэяў Ваўкавыска» і іншыя. Склаў гісторыка-геаграфічны слоўнік Ваўкавыскага павета, які ўключае гісторыю не толькі вёсак і мястэчак, а і маёнткаў, і фальваркаў. Такога падобнага выдання яшчэ ў Беларусі няма.

— Дык Вашы даследаванні неабходна выдаваць асобнымі кнігамі?

— Так, я быў бы вельмі задаволены ўбачыць свае гістарычныя працы асобнымі кнігамі, тым больш што многія артыкулы пасля публікацыі ў часопісе «Ваўкавышчына» значна папоўніліся новымі дакументамі і матэрыяламі. Для ілюстрацыі будучых кніг сабрана вялікая колькасць фотаздымкаў і іншых матэрыялаў.

— Да каго Вы звярталіся з просьбай дапамагчы выдаць гэтыя кнігі?

— Некалькі гадоў таму я звяртаўся да мясцовых прадпрымальнікаў па дапамогу ў выданні кніг, але безвынікова. Гэта не той гатунак людзей, якія маюць духоўную патрэбу нешта зрабіць дзеля нашай спадчыны. На ўласныя ж сродкі выдаць кнігу не выпадае. Добра яшчэ тое, што знаходжу са свайго хатняга бюджэту грошы на паездкі ў архівы Беларусі і суседніх дзяржаў.

— Тым не менш, Мікалай Іванавіч, надзея ёсць, і верыцца, што Вашы кнігі пабачаць свет. Якія ў Вас гісторыка-краязнаўчыя планы?

— Планы простыя — надалей працаваць над складаннем гісторыі роднага краю, а гэта значыць, мяне чакаюць новыя паездкі ў архівы і бібліятэкі розных краін, адкуль кожны раз я вяртаюся дамоў з новымі гістарычнымі звесткамі, знойдзенымі ў архіўных справах, забытых кнігах, старых часопісах і газетах. Таму спадзяюся, што мая праца некалі ўсё ж будзе выдадзена і запатрабавана грамадствам.

Сяргей ЧЫГРЫН

Спадзяемся, што пасля выхаду ў свет гэтага інтэрв’ю Мікалай зможа, нарэшце, выдаць свае кнігі.