20 красавіка ў Беларусі прайшоў традыцыйны суботнік. Як звычайна, у ім у прымусовым парадку ўдзельнічалі ўсе, хто працуе на дзяржаўных прадпрыемствах і ва ўстановах. Прадпрыемствы вымушаныя пералічваць у фонд суботніка пэўныя сумы, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.

Навошта суботнік патрэбен ўладам, Аляксандру Лукашэнку?

Найперш, гэта — даніна савецкай традыцыі, сіла інэрцыі, звычкі, настальгія па СССР, неабходны рытуал.

Але ў суботніку ёсьць і рацыянальны палітычны сэнс. Гэта — тэст на здольнасьць выканаўчай вэртыкалі да мабілізацыі насельніцтва. Суботнік стаў ў пэўным сэнсе праверкай на паслухмянасьць народу, на палітычную добранадзейнасьць. Калі людзей можна прымусіць працаваць бясплатна ў выходны дзень, то гэта — важны паказьнік кантролю над імі з боку ўлады.

Таксама тут існуе прапагандысцкі момант. Суботнік стварае ілюзію народнага адзінства, кансалідацыі вакол улады. Той факт, што і Лукашэнка разам з усім насельніцтвам працуе, павінна падкрэсьліць ягонае яднаньне з народам. Гэта — сымбалізм, які сягае да міталягічнай гісторыі зь ленінскім бервяном.

Дарэчы, міжнародныя праваабарончыя арганізацыі рэгулярна заносяць Беларусь у сьпіс краін, у якіх выкарыстоўваецца прымусовая праца. Пры гэтым згадваюць ня толькі пэнітэнцыярную сыстэму, практыку адпрацоўкі выпускнікоў навучальных устаноў, але і суботнікі.

Важным момантам, які сьведчыць пра сучасныя прыярытэты дзяржаўнай палітыкі, зьяўляецца пытаньне пра тое, куды пойдуць сродкі, заробленыя на суботніку. Мінулымі гадамі аб’яўлялася, што грошы накіроўваюцца на будаўніцтва ці рамонт шпіталяў, іншых мэдычных устаноў, нейкіх сацыяльных аб’ектаў, накшталт дзіцячых дамоў ці дамоў для людзей сталага веку. Маўляў, Беларусь жа — сацыяльная дзяржава.

А вось цяпер ўсё інакш. Гэтым разам, здаецца, упершыню сродкі, заробленыя на суботніку, пойдуць на ідэалягічнае выхаваньне насельніцтва. Сёньня менавіта гэта галоўнае, прыярытэтнае, усе астатнія праблемы пачакаюць.

А на чым, як лічаць улады, можна і варта выхоўваць людзей? Правільна, на памяці пра мінулую вайну. Паводле БелТА, 30% грошай пойдзе на рэканструкцыю, аднаўленьне і бягучы рамонт мэмарыяльных комплексаў, месцаў баявой і вайсковай славы; 35% — на рэканструкцыю мэмарыяльнага комплексу «Дзецям — ахвярам вайны» ў населеным пункце Чырвоны Бераг Жлобінскага раёну; 30% — на стварэньне рэспубліканскага цэнтру патрыятычнага выхаваньня моладзі на базе Кобрынскага ўмацаваньня Берасьцейскай крэпасьці.

Умоўна кажучы, замест сацыяльнай дзяржавы маем дзяржаву ідэалягічную. І цяперашні суботнік — важная вяха на шляху гэтай эвалюцыі.

Сам Лукашэнка працаваў на сваёй малой радзіме, у Шклоўскім раёне, высаджваў яблыневы сад.

"Свабода"