11 студзеня на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі была анансаваная амністыя да 80-годдзя вызвалення Беларусі. Правіцель заявіў, што трэба падысці да пытання нетрадыцыйна і «паглядзець больш уважліва на жанчын і дзяцей, жанчын з дзецьмі, іншыя катэгорыі асуджаных», а таксама «пералапаціць» Крымінальны кодэкс і падыходзіць да вынясення прысудаў індывідуальна.

Кіраўнік Вярхоўнага суда Валянцін Сукала ў той жа дзень распавёў, што па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса за менш цяжкія і негвалтоўныя злачынствы пазбаўленне волі заменяць нейкім альтэрнатыўным пакараннем. Са свайго боку, кіраўнік МУС Іван Кубракоў даў зразумець, што палітычных вязняў (у тэрміналогіі сілавікоў —«экстрэмістаў» і «тэрарыстаў») змякчэнне пакарання не датычыцца.

Таксама амністыя не распаўсюдзіцца на «злосных парушальнікаў» рэжыму адбывання пакарання, асуджаных па наркатычных артыкулах, рэцыдывістаў — як падлічылі ў МУС, з месцаў пазбаўлення волі могуць быць вызваленыя ўсяго каля 900 чалавек, и гэта амаль удвая менш, чым планавалася падчас амністыі-2022.

На каго разлічаныя прамовы Лукашэнкі аб індывідуальным падыходзе і змяншэнні тэрмінаў пакарання — ці гэта звычайныя перадвыбарныя гульні, ці спробы прытрымаць сілавікоў, якія разышліся, ці намёк чыноўнікам, што на вызваленне могуць разлічваць асуджаныя па карупцыйных справах?

«Нетрадыцыйнасць», якой няма

— Відавочна, што Лукашэнка на гэтай нарадзе хацеў зарысавацца такім гуманістам, і тут найперш працуе ягоны электаральны інтарэс, — гаворыць у каментары Филину палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк» Аляксандр Класкоўскі.

— Калі прасачыць ягоную рыторыку за апошнія тыдні, то ён фактычна адкрытым тэкстам казаў, што будзе балатавацца на чарговы тэрмін. І як прыроджаны папуліст Лукашэнка хоча яшчэ раз гэты рэсурс скарыстаць, наколькі магчыма.

Але ж ён сказаў, што трэба падысці «нетрадыцыйна», а развагі былі цалкам традыцыйнымі — пра жанчын, непаўнагадовых, жанчын з дзецьмі. Падчас папярэдніх амністый таксама зважалі найперш на гэтыя катэгорыі.

У тым, як падхапілі заявы правіцеля прадстаўнікі сістэмы, Аляксандр Класкоўскі заўважае трагікамічны штрых: калі старшыня Вярхоўнага Суда пасля нарады тлумачыў, па якіх артыкулах можа адбыцца змякчэнне, то адзіны прыклад, які ён прывёў афіцыйным СМІ, быў пра заняткі прастытуцыяй.

Застаецца хіба горка іранізаваць над такім выбарачным гуманізмам уладаў: у становішча прастытутак яны гатовыя ўвайсці, пашкадаваць іх, а вось што тычыцца людзей, якія ў 2020 годзе ці пазней проста выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю — тут ніякай літасці няма.

— Гэта выразна даў зразумець і Іван Кубракоў. Хоць ён, як і ўлады наогул, пазбягае тэрміну «палітычны», а кажа пра «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», але, як вядома, суды лепяць прысуды з такімі ярлыкамі менавіта палітычным праціўнікам рэжыму.

У рэжыму кароткая лаўка запасных

У параўнанні з амністыяй 2022 году, канстатуе аналітык, можна казаць нават пра рэгрэс. Тады на гэтай ніве шчыраваў былы апазіцыянер Юрый Васкрасенскі, які перайшоў на бок рэжыму. І хоць многага ён не дамогся, купка людзей, асуджаных па палітычных матывах, была вызваленая альбо атрымала змякчэнне пакарання (што праўда, закранула гэта тых, хто і так меў невялікія тэрміны, пра знакавых асоб з ліку палітвязняў гаворка не ішла).

— Акрамя спробаў згуляць на пачуццях электарату — маўляў, «бацька строгі, але справядлівы», яшчэ адно меркаванне, якое можа быць у Лукашэнкі — магчымасць даць палёгку асуджаным наменклатурнікам або гаспадарнікам. Бо пайшла новая хваля барацьбы з карупцыяй, зноў жа звязаная з перадвыбарным папулізмам — але на практыцы асуджаных з ліку чынавенства, «чырвоных дырэктараў» праз невялікі прамежак часу часта выпускаюць цішком і кідаюць на нейкія цяжкія ўчасткі працы, кшталту кіраваць калгасам ці адстаючым прадпрыемствам.

Думаю, паколькі лаўка запасных у рэжыму не надта доўгая, то і такія намеры ў звязку з планаванай амністыяй Лукашэнка таксама трымае ў галаве.

Што ж да заяваў пра «пералапачванне» Крымінальнага кодэксу — Аляксандр Класкоўскі нагадвае, што апошнія змены ў КК, як і ў адміністрацыйным кодэксе і цэлым шэрагу законаў, былі скіраваныя акурат на больш жорсткія пакаранні: у чэрвені 2021-га былі уведзеныя новыя «экстрэмісцкія» артыкулы, узмацнілася адказнасць за заклікі да несанкцыяваных акцый, у 2023-м прыняты закон аб смяротным пакаранні для чыноўнікаў і вайскоўцаў за «здраду дзяржаве».

— Усё гэта — пакаранні для тых, хто мае пазіцыю, адрозную ад генеральнай лініі рэжыму. І гэта застрашванне не толькі тых, каго рэжым грэбліва называе «змагарамі», але і чыноўнікаў: здрадзіце «бацьку» — вас могуць і да сценкі паставіць. Наколькі можна меркаваць па ўчорашняй нарадзе, пра змякчэнне «экстрэмісцкіх» артыкулаў гаворка не ідзе, што яшчэ раз падкрэслівае вельмі выбарачны, абмежаваны «гуманізм» уладаў.

Рэпрэсіўны падыход цалкам перамог

Выказаная Лукашэнкам думка пра тое, што не варта кожны раз даваць тэрмін, што для беларуса нават патрапіць у суд — ужо пакаранне, фармальна правільная. Але, думаю, яна павісне ў паветры. Таму што ў Беларусі суды маюць відавочна абвінаваўчы ўхіл, і гэта тычыцца не толькі палітычных спраў, але ўсіх судовых працэсаў.

Болей за 99% прысудаў, што выносяцца у Беларусі,— абвінаваўчыя.

То бок дзейнічае сталінскі прынцып, што ў нас «органы не памыляюцца». Гэтая машына — як пашча кракадзіла: калі ўхапіў, то ўжо не расцісне сківіцы.

І мне здаецца, што без змены самой сістэмы (а яна ідзе, наадварот, ад аўтарытарызму да таталітарызму) усе словы пра гуманізм, індывідуальны падыход, памяркоўнасць застануцца пустым гукам, суды будуць і надалей аўтаматам штампаваць абвінаваўчыя прысуды.

Такім чынам, рэзюмуе Аляксандр Класкоўскі, цудаў ад амністыі 2024 года чакаць не выпадае. Калі два гады таму ў атачэнні Лукашэнкі яшчэ ішла барацьба розных падыходаў і больш памяркоўныя дарадцы, імаверна, раілі зменшыць «жэсць», то пазней рэпрэсіўны падыход цалкам перамог — гэта відавочна і па выніках працы «камісіі па вяртанні», і па ўзмацненні жорсткасці заканадаўства.

— Тут прычына ў тых высновах, засечках, якія зрабіў сабе Лукашэнка пасля 2020 года: што ўжо не будзе ў яго шырокай народнай любові. А паколькі ўладу пакідаць ён не хоча, застаецца толькі трымаць усіх нязгодных і няскораных у перманентным страху.

Таму ў 2024-м нават ніякіх гульняў на палітычным полі няма, улада цвёрда выбрала курс на працяг рэпрэсій. І фраза пра тое, што палова месцаў у турмах і калоніях вольная, што Лукашэнка назваў «добрай тэндэнцыяй» — ведаючы ягоную натуру і ўвогуле замашкі рэжыму, прагучала двухсэнсоўна, можна зразумець і так, што знойдзецца яшчэ куды пасадзіць нязгодных.

Салiдарнасць