Што цяпер робіць каманда Віктара Бабарыкі? Чым яе стратэгія адрозьніваецца ад стратэгіі іншых апазыцыйных сілаў? У чым сэнс дзейнасьці Каардынацыйнай рады?
Пра гэта Свабодзе расказаў Іван Краўцоў, сакратар Каардынацыйнай рады, каардынатар штабу Віктара Бабарыкі і арганізацыйнага камітэту партыі «Разам».
18 красавіка Менскі гарадзкі суд пачаў завочна разглядаць ягоную справу. Краўцова вінавацяць у распальваньні сацыяльнай варожасьці, махлярстве ў асабліва буйным памеры, змове з мэтаю захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам і ў стварэньні «экстрэмісцкага фармаваньня».
Фрагмэнты гутаркі.
- Калі лічыць Каардынацыйную раду і дэмакратычны рух экстрэмісцкімі, дык тады можна называць нейкія з гэтых абвінавачаньняў абгрунтаванымі. Але я дэмакратычны рух экстрэмісцкім не лічу. Патрабаваньні прытрымлівацца заканадаўства Беларусі не экстрэмісцкія.
- Каардынацыйная рада цяпер — гэта пляцоўка, дзе розныя ініцыятывы і актывісты могуць каардынаваць сваю працу. Гэта зручная форма працы для экспэртаў.
- Большая частка лідэраў дэмакратычнага руху цяпер у ізаляцыі. Ужо каля году няма ніякай перапіскі, наведваньня адвакатаў, тэлефанаваньняў. Віктар Бабарыка ў гэтым сэнсе не выключэньне.
- Першы крок да нейкай нармалізацыі палітычнай сытуацыі ў краіне — гэта доступ да палітвязьняў. Нядаўна была навіна, што Анжаліка Борыс наведала Анджэя Пачобута ў папраўчай калёніі. Думаю, што гэта правільны крок. Калі б быў доступ да лідэраў дэмакратычнага руху, дык можна было б абмяркоўваць выйсьце зь цяперашняй сытуацыі.
- Эканоміка Беларусі ня можа доўга існаваць эфэктыўна ў стане татальных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці. Так, яна можа існаваць неэфэктыўна — я ня бачу крытычных пагрозаў для эканомікі, санкцыі не мяняюць цалкам поле гульні. Але ў інтарэсах дзяржавы — неяк разьвязаць гэты палітычны крызіс. Гэты крызіс існуе, пакуль ёсьць палітвязьні.
- Намаганьні каманды Віктара Бабарыкі, як і большасьці апазыцыйных структураў за мяжой, цяпер засяроджаныя на міжнароднай «адвакацыі» і на дыпляматычных кантактах. Тацяна Хоміч — самы вядомы чалавек з нашай каманды — займаецца парадкам дня палітвязьняў. Гэтае пытаньне падымаць вельмі важна, бо Беларусь цяпер не на першым месцы па міжнароднай увазе.
- Мы можам апынуцца ў сытуацыі, калі будуць нейкія саступкі, зьняцьце санкцый без вызваленьня палітвязьняў. Гэта б значыла правал стратэгіі Захаду адносна Беларусі, і гэтага нельга дапусьціць. Калі будуць нейкія рухі насустрач уладам Беларусі, трэба, каб людзі пры гэтым выходзілі на свабоду.
- Мы маем кантакты са сваімі прыхільнікамі ўнутры Беларусі. Але мы іх не палітызуем, бо любы палітычны праект у Беларусі цяпер стварае асабістую пагрозу для людзей. Мы ня бачым патрэбы ціснуць, каб быў нейкі палітычны актывізм унутры краіны з такімі высокімі рызыкамі і з малым вынікам.
- Партыя «Разам» запускалася ў сакавіку 2021 году, калі яшчэ былі надзеі на палітычную дзейнасьць. Рэпрэсіі набралі абарот у канцы траўня 2021 году, на тры месяцы пазьней. Думаю, што да траўня беларускія ўлады яшчэ не прынялі канчатковага рашэньня, што будуць рабіць поўную «зачыстку» грамадзянска-палітычнага сэктару.
- Цяпер любы ўдзел у палітычнай дзейнасьці небясьпечны. Мы больш верым у нейкую дзейнасьць вакол побыту і гаспадараньня. Усё яшчэ працуюць абмеркаваньні зь мясцовымі ўладамі нейкіх пытаньняў, зьвязаных з добраўпарадкаваньнем тэрыторыі, рамонтам дарогаў, якасьцю паслугаў. Гэта таксама форма актывізму, якая скіраваная на паляпшэньне жыцьця.
- Мы ня лічым, што санкцыі — гэта эфэктыўны інструмэнт разьвязваньня палітычнага крызісу. А па-другое, мы ня лічым, што стварэньне протадзяржаўных утварэньняў кшталту кабінэту ці прэзыдэнцкіх структураў — гэта эфэктыўны спосаб арганізацыі дэмакратычнага руху. Гэтыя структуры ня маюць шанцаў на міжнароднае прызнаньне.
- Нам пашанцуе, калі аслабленьне рэпрэсій адбудзецца цягам найбліжэйшых 2–3 гадоў. А вельмі верагодна, што гэта зацягнецца на 10 гадоў. Каманда Ціханоўскай нашмат больш аптымістычная наконт рэсурсу, які маюць дэмакратычныя сілы, а мы спрабуем глядзець на сытуацыю, як мне здаецца, больш рэальна.
- Я ня веру ў хуткую дэзынтэграцыю рэжыму ў Расеі і яе хуткае аслабленьне. Гэта будзе адбывацца даволі доўга. Мы бачым, што вайна ва Ўкраіне ня мае адназначнай аптымістычнай тэндэнцыі.
- Я бачу небясьпеку паглынаньня Беларусі Расеяй, але, на жаль, я ня вельмі разумею, як дэмакратычныя сілы могуць на гэта паўплываць. Бо мы ня маем ніякага эфэктыўнага кантролю над тэрыторыяй Беларусі.
- Калі мы робім нейкія палітычныя рухі ці заявы, мы павінны памятаць, што галоўнае — гэта ўзмацненьне сувэрэнітэту Рэспублікі Беларусь у яе цяперашніх межах. У барацьбе з адным канкрэтным чалавекам трэба памятаць, што ёсьць рызыка цалкам страціць краіну. Тут, як ні сьмешна, я на 100% згодны зь Зянонам Станіслававічам Пазьняком, што ўзмацненьне незалежнасьці Беларусі — гэта агульная задача.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия