Прарасейская актывістка Вольга Бондарава абрынулася з крытыкай на нявестку Аляксандра Лукашэнкі Ганну Сялук, але праз паўгадзіны выдаліла пост у Telegram, піша reform. news.

Бондарову абурыла, што песьню Сялук уключылі ў канцэрт «Не будзіце заснулых салдат», які праходзіць 7 траўня ў Палацы Рэспублікі. Актывістка назвала Сялук «змагаркай».

«Колькі ня пішуць патрыёты аб тым, што непрыгожа да патрыятычных мерапрыемстваў прыцягваць змагароў і дзяржпераваротчыкаў, пральня ўпарта працягвае іх цягнуць. Каторы раз мы сустракаем прозьвішча змагаркі Ганны Сялук на канцэртах з удзелам прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Сёньня, на мерапрыемстве ў гонар Дня Перамогі 9 мая — зноў тыя ж граблі. Алё, гэта пральня?..» — напісала Бондарава.

Праз паўгадзіны пост быў выдалены. Пазьней Бондарава апублікавала новы пост, але ўжо зь іншымі прозьвішчамі — Курчыча, Шмата і Кузьняцовай.

Бондарава не патлумачыла, чым ёй не дагадзіла Ганна Селук — аўтар песень «Ах, Аляксандр» і «Бульба-дэнс», гімну Генэральнай пракуратуры, двухразовы пераможца «Песьні году Беларусі» ў намінацыі «Найлепшы аўтар слоў», уладальніца прэміі Лукашэнкі і дыплёму расейскай прэміі «Шансон году — 2024». Тэксты песьняў Сялук піша на беларускай і расейскай мовах.

Ганна Сяргееўна Лукашэнка, вядомая пад псэўданімам Ганна Сялук, — жонка сярэдняга сына Лукашэнкі Дзьмітрыя.

Да Вольгі Бондаравай пасьля яе праекту «Інфаспэцназ» прыляпілася мянушка «інфаказачка». Цягам апошніх двух гадоў імя горадзенскай актывісткі гучыць часта. Бондарава запатрабавала прыбраць помнік Ларысе Геніюш у Зэльве; яна змагалася зь беларускай лацінкай і супраць наданьня імя Адама Мальдзіса Астравецкай раённай бібліятэцы.

Прычым змагацца яна пачала ня толькі з праціўнікамі ўлады, але і зь некаторымі яе прыхільнікамі. Летась яна раскрытыкавала кіраўніка Горадзенскай вобласьці Ўладзімера Караніка за здымак з сырам у гонар сьвятога Губэрта. Сьвятога яна назвала «бэльгійскім біскупам, кімсьці па-езуіцку хітрым і дальнабачным прызначаным „заступнікам“ Горадні».

"Свабода"