У Мінску на пачатку чэрвеня разгледзяць позву Мінюста аб ліквідацыі Беларускага грамадскага аб’яднання выкладчыкаў рускай мовы і літаратуры (БГАВРМЛ).
Гэтае таварыства было зарэгістравана больш як 15 год таму, а фактычна існуе з пачатку 2000-х, з’яўляецца часткай міжнароднай асацыяцыі выкладчыкаў рускай мовы. Аб’яднанне рэгулярна ладзіла кангрэсы, форумы і конкурсы для выкладчыкаў-русістаў, аспірантаў і студэнтаў.
Адметна, што БГАВРМЛ карысталася падтрымкай пасольства РФ у Беларусі і «Рассупрацоўніцтва», і, мяркуючы па мерапрыемствах кшталту форуму «Падтрымка рускай мовы як асновы развіцця інтэграцыйных працэсаў у СНД», бачыла сваю місію не столькі ў навуковых даследаваннях, абмене, паляпшэнні выкладання рускай мовы, колькі ў прасоўванні ідэй «рускага свету».
Альбо, як адзначыла яшчэ 20 год таму «Руская газета», — «узяло на сябе добраахвотныя функцыі па падтрыманні інтэграцыйных працэсаў у сферы адукацыі».
Таму цяперашняя ліквідацыя аб’яднання, з аднаго боку, выглядае цалкам лагічным кірункам рэпрэсій — зачышчаецца ўся грамадская супольнасць, як патэнцыйна небяспечная для рэжыму. Паводле ацэнак праваабаронцаў, з 2020 года ў Беларусі былі ліквідаваныя больш 1000 НКА, ад ініцыятыў па абароне ўразлівых груп да дабрачынных, спартовых, медыцынскіх і іншых вузкіх суполак. Яшчэ не менш 619 НКА спынілі сваю дзейнасць і рэгістрацыю самі.
А з другога боку, ёсць пытанні. Чаму беларускія ўлады не ствараюць перашкод, напрыклад, «рускамірнай» дзейнасці Свята-Елісавецінскага манастыра, не чапаюць значна больш агрэсіўныя «патрыятычныя клубы», дзе нярэдка працуюць прарасійскія актывісты, альбо структуры кшталту «Маладой гвардыі» Карпянкова (існуе меркаванне, што такі фонд можа быць зручным прыкрыццём расійскай дапамогі для мілітарызацыі беларускіх школьнікаў), але адыгрываюцца на адносна бяскрыўдных грамадскіх аб’яднаннях, ці пераследуюць асобных адэптаў «рускага свету»?
Няўжо, нягледзячы на гучныя заявы і абдымкі беларускага правіцеля з Пуціным, беларускі рэжым усё ж імкнецца абмежаваць уплыў прарасійскіх структур? Ці ў гэтай дваістасці ёсць іншыя прычыны?
— Думаю, што рэжым проста вынішчае якую б тое ні было ініцыятыву знізу, незалежна ад таго, якую ідэалягічную афарбоўку яна мае, — зазначае ў каментары Филину аналітык і публіцыст Сяргей Навумчык.
— Скажам, калі б, умоўна, у Баранавічах ці Быхаве жыхары самі (без узгаднення з уладай) стварылі арганізацыю «Мы за Лукашэнку!» ці «Мы за Пуціна» — гэта таксама было б прадметам пільнай увагі КДБ.
Галоўнае тут — не ў якіх мэтах створаная арганізацыя, а што яна створаная з ініцыятывы грамадзян. Бо дазволь ты сёння бескантрольна ствараць арганізацыі за Лукашэнку — заўтра пачнуць рабіць арганізацыі супраць Лукашэнкі.
Што да канкрэтна аб'яднання выкладчыкаў рускай мовы — напэўна, улада не цалкам яе кантралявала (БГАВРМЛ зарэгістраванае па адрасе філфака БДУ, старшынёй аб’яднання з’яўляецца загадчык кафедры рускай мовы, экс-дэкан філфака Іван Роўда — Ф), таму і прыкрылі.
Але актывістам гэтай арганізацыі няма падстаў хвалявацца — іх справа не знікне. Рэжым праводзіць русіфікацыю такімі тэмпамі, якія былі хіба што пры Мураўёве-вешальніку.
Салiдарнасць
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия