Публіцыст — пра тое, чаму нельга спадабляцца адэптам рэжыму.
— Уразілі некаторыя каментары ў сацсетках (і не толькі) інфармацыі пра тое, што, разграміўшы і канфіскаваўшы кватэру былога вядучага дзяржаўнага тэлебачання, на вуліцу выставілі яго 78-гадовую маці. Месца, дзе жыць, у яе няма, — піша Сяргей Навумчык.
Сутнасць тых каментароў — ну вось, радавалася, калі сын абяляў рэжым на тэлеэкране, у той час як збівалі няўгодных, а цяпер хай адчуе, што гэты рэжым сабой уяўляе.
Эмацыйна гэта зразумела: катаванні палітвязняў і здзекі над іх роднымі, пераслед сем'яў «экстрэмістаў» (а экстрэмістамі могуць абвясціць кожнага нязгоднага з уладай) параджаюць жаданне крыкнуць – «Каб і з вашымі дзецьмі, з вашымі бацькамі гэтак было!».
Цалкам натуральная эмоцыя.
Але ж услед за эмоцыяй павінна надысці разважанне.
Існуе (павінна існаваць!) непарушнае правіла: у юрыдычным, прававым сэнсе дзеці не адказваюць за бацькоў, а бацькі – за дзяцей. Парушэнне гэтай нормы пераводзіць рэжым у якасна іншую катэгорыю, робіць яго абсалютна нечалавечым.
Такім быў рэжым Сталіна, такім быў рэжым Гітлера. Такім ёсць і рэжым Лукашэнкі (і задоўга да 2000 года; майго цесця з-за мяне выгналі з працы і ён нават не дажыў да пенсіі, цешчы «невядомыя» асобы, якія ўварваліся ў дом, прыстаўлялі да скроні пісталет. Гэта здарылася больш як два дзесяцігоддзі таму, але не сказаць, каб было заўважана грамадствам, бо не клалася ў тэорыю «Позняка и Наумчика никто не преследует», якую падтрымлівалі і некаторыя лідары апазіцыі).
Цяпер пераслед семʼяў праціўнікаў рэжыму зрабіўся руцінай.
Калі сціхне эмоцыя і надыдзе час развагі, мы павінны памятаць: калі мы апладзіруем здзекам над старой маці палітычнага праціўніка (не істотна якога – мінулага ці цяперашняга) – мы робім ні што іншае, як апрыёры ўхваляем падобны (а магчыма, і яшчэ горшы) здзек над сваімі бацькамі ды роднымі.
У 1994 галоўны дэвіз кандыдата ў прэзідэнты Лукашэнкі быў – «Адвесці народ ад бездані».
Беларусь пад Лукашэнкам даўно ляціць у бездань, рэжым прабівае і прабівае чарговае дно, і адзінае, да чаго яшчэ не дабраўся – масавыя расстрэлы (і зразумела, чаму: у такім выпадку Захаду давялося б паўтарыць тое, што ў 1999 было зроблена з рэжымам Мілошавіча за генацыд – прымяніць ваенную сілу).
Нашы магчымасці затрымаць ці запаволіць гэтае падзенне роўныя магчымасцям тых, хто быў вымушаны пакінуць нацысцкую Нямеччыну: яны блізкія да нуля. Але ў нас ёсць усе магчымасці не спадабляцца адэптам рэжыму.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия