Прэс-канфэрэнцыя беларускай палітзьняволенай, якая выйшла на волю ў лютым, адбываецца ў Вільні, перадае Свабода.
Былая палітзьняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк дае прэс-канфэрэнцыю ў Вільні. Яна расказвае пра ўмовы ўтрыманьня ў турме і іншыя акалічнасьці свайго палітычнага перасьледу з боку беларускіх уладаў. На самым пачатку яна назвала «абсалютным тэрорам» тое, што адбываецца ў краіне і катаваньні, празь якія яна прайшла.
«За пару дзён да спатканьня чалавек трапляе ў ШЫЗА. Прыдумляюць нейкую прычыну і кідаюць туды. І ні спатканьня, ні тэлефанаваньняў ужо ня будзе».
На канфэрэнцыі прысутнічала галоўная рэдактарка «Хартыі-97» Натальля Радзіна. Яна прамовіла на пачатку:
«Больш за 270 содняў Паліна правяла ў ШЫЗА і карцарах. Супраць яе ўжывалі карную псыхіятрыю, яна трымала галадоўку. Яе вызваленьне — гэта і наша перамога».
Паліна пачала выступленьне з такіх словаў:
«Гэтыя чатыры гады можна ахарактарызаваць як жыцьцё сярод нелюдзяў. Дзякуй усім, хто дапамагаў мне і маёй сям‘і, хто зьбіраў перадачы. Усім журналістам, якія трымалі тэму палітвязьняў у фокусе ўвагі. Тое, праз што праходзяць тысячы палітвязьняў у Беларусі, — гэта тэрор, катаваньні і зьдзекі. Зараз палітвязень — гэта ўвесь беларускі народ, які застаўся ў закладніках.
Абсалютная беспакаранасьць і расейскі парасон над рэжымам Лукашэнкі даюць катам адчуваньне, што яны могуць рабіць са зьняволенымі ўсё што захочуць.
Я хачу перадаць прывітаньне ПК-24 — Вользе Маёравай, Вікторыі Кульшы, Алене Гнаўк. Іх становішча вельмі цяжкое. Вікторыя Кульша — чалавек, перад якім я схіляюся. Яна не здаецца, нягледзячы на крытычны стан здароўя. Яна трымала галадоўкі, яе кідалі ў ШЫЗА (умовы там можна параўнаць з падваламі НКВД), але нават там яна працягвала галадаць. У яе адмовілі ныркі, ёсьць іншыя сур’ёзныя захворваньні. Я прашу, каб тэма Вікторыі Кульша не зьнікала з парадку дня. Яна можа стаць першай жанчынай, якая памрэ ва ўмовах лукашэнкаўскага ГУЛАГу».
Паліна Шарэнда-Панасюк заявіла, што людзей катуюць увесь час, прымушаючы іх падпісваць прашэньні аб памілаваньні.
«Калі ты не падпішаш гэтае прашэньне, то застанешся за кратамі бясконца. Заключны этап — здымкі на дзяржаўным тэлевізіі і падпісаньне паперы аб „канфідэнцыйным супрацоўніцтве“. Першую такую паперу я падпісала ў ПК-24, другую — 3 лютага. З майго боку гэта быў тактычны крок. Яны выпрацавалі альгарытм вызваленьня людзей. Ім недастаткова давесьці чалавека да інваліднасьці — ім трэба, каб ён здрадзіў сваім ідэалам.
Я заклікаю ўсіх, хто падпісваў гэтыя дакумэнты, публічна заявіць пра гэта».
Былая палітзьняволеная супраць перамоваў з Лукашэнкам і за працяг санкцыйнага рэжыму, у тым ліку эканамічную блякаду.
«Калі я чую пра перамовы з Лукашэнкам, мне становіцца сьмешна. Лукашэнка — гэта не самастойная фігура, а расейская марыянэтка. Калі ў мяне бралі інтэрвію, разам з прапагандыстамі прыяжджаў расеец — ён курыраваў гэтую групу».
Збор грошай
Абвешчаны на плятформе BySol збор грошай для Паліны пасьпяхова адбыўся ўжо ў першы дзень, набраўшы неабходную суму ў 5 тысяч эўра.
- Паліну Шарэнду-Панасюк затрымалі 3 студзеня 2021 году, з таго часу яна знаходзілася за кратамі.
- У чэрвені 2021 году суд Маскоўскага раёну Берасьця прысудзіў Шарэндзе-Панасюк 2 гады пазбаўленьня волі ва ўмовах агульнага рэжыму паводле арт. 364 («Гвалт у дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), 369 («Абраза прадстаўніка ўлады») і 368 («Абраза прэзыдэнта») КК. Падчас сьледзтва і ў судзе Паліна Шарэнда-Панасюк адмовілася даваць паказаньні, а таксама падкрэсьліла, што не прызнае суду: «Палітычныя рэпрэсіі нічога агульнага з судом ня маюць».
- У красавіку 2022 году палітзьняволеную прыгаварылі яшчэ да аднаго году зьняволеньня паводле ч. 1 арт. 411 КК, у кастрычніку 2023-га — яшчэ да аднаго году паводле таго ж артыкула.
- За час зьняволеньня ў Паліны пагоршыўся стан здароўя, зьявіўся хранічны панкрэатыт. На волі жанчыну чакалі муж Андрэй Шарэнда і двое сыноў — Славамір і Стах.
- 1 лютага стала вядома, што Паліна Шарэнда-Панасюк выйшла на волю.
- Раніцай 6 лютага стала вядома, што Паліну Шарэнду-Панасюк вывезьлі зь Беларусі пры дапамозе кампаніі эвакуацыі BySol і партнэраў. Увечары муж з сынам і неабыякавыя беларусы кветкамі і аплядысмэнтамі сустрэлі яе на вакзале ў Вільні.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия