«Перагарнуць старонку» рэжыму так і не ўдалося, аднак палітычны крызіс доўжыцца ўжо амаль пяць гадоў. За гэты тэрмін у часткі людзей, якая вымушана выехала за мяжу, усталявалася новае жыццё. У хуткія змены ўжо ніхто не верыць.

Камунікацыя паміж беларусамі ў Беларусі і беларусамі за мяжой моцна парушаная, прынамсі праз страх. Наколькі гэта загрозлівая сітуацыя? Што насамрэч адрознівае пратэстных эмігрантаў ад тых, хто застаўся і адаптаваўся да новай рэчаіснасці, і што можна зрабіць ва ўмовах гэтага разрыву? Паразмаўлялі з кіраўніком Цэнтра палітычнага аналізу і прагнозу ў Варшаве Паўлам Усавым.

— Наколькі сапраўды існуе разрыў між беларусамі, якія з’ехалі, і беларусамі, якія засталіся? У чым ён заключаецца і чым небяспечны?

— Разрыў паміж грамадзянамі, якія жывуць у сваёй краіне, і дыяспарай існуе заўсёды. Гэта розныя рэчаіснасці, розныя ўмовы функцыянавання. Звычайна, калі людзі выязджаюць па нейкіх эканамічных, сацыяльных прычынах, то раней ці пазней сувязь з новай краінай нарастае, і гэта прыводзіць да асіміляцыі ці ўбудоўвання ў новую сістэму. Гэта датычыцца не толькі беларускай дыяспары. Гэта датычыцца любых дыяспар, калі няма нейкіх моцных аб’яднаўчых культурных, рэлігійных цэнтраў.

У Беларусі заўсёды існавалі праблемы з культурнай і этнічнай кансалідацыяй дыяспары. Яна, нягледзячы на тое, што ад 1,5 да 2 мільёнаў беларусаў жыве за мяжой, ніколі не была кансалідаванай, і беларусы вельмі хутка ўбудоўваліся і інтэграваліся ў тыя грамадствы, у якіх яны знаходзіліся.

Сітуацыя трошкі змянілася ў 2020 годзе, калі палітычныя працэсы ў Беларусі вельмі моцна ўзбудзілі беларускую дыяспару. Як аказалася, гэтыя сувязі заставаліся, і дыяспара прыняла вельмі актыўны ўдзел у палітычных працэсах, звязаных з Беларуссю, ад Аўстраліі і Японіі да Канады і ЗША. Розная матывацыя была ў гэтай актыўнасці, але дзесьці там у падсвядомасці эмігрантаў заставаліся праблемы Беларусі.

2021–2024 год — гэта новая хваля эміграцыі, вельмі буйная, фактычна першая ў 21 стагоддзі. Пакуль казаць пра інтэнсіўны разрыў мы не можам, бо не прайшло вялікага перыяду часу, калі людзі, што выехалі з краіны, цалкам разарвалі ўсе адносіны з Беларуссю. Тым больш што шмат з тых, хто выехаў, нягледзячы на эканамічныя і сацыяльныя цяжкасці, мараць вярнуцца ў краіну, калі наступяць змены, і гэтымі надзеямі жывуць. Таму не адбылося так званага спалення мастоў, на што якраз разлічвае лукашэнкаўская прапаганда. Яна жадае паказаць, што ўсе тыя, хто з’ехаў, — здраднікі. Прыдумалі нават адмысловае слова — «беглыя», якое ўведзена ў абарот у кантэксце прыніжальным, зневажальным, якое падкрэслівае, што гэтыя людзі разарвалі ўсе сувязі з краінай. Гэта не так.

Збольшага сувязі якраз такі застаюцца, хоць камунікацыя між тымі, хто з’ехаў, і тымі, хто застаўся, парушаная ў першую чаргу з прычыны рэпрэсій. Эмацыйныя сувязі будуць заставацца ў перспектыве ў залежнасці ад таго, колькі часу пройдзе і ў якой сітуацыі будзе знаходзіцца Беларусь.

Калі працэсы, якія зараз адбываюцца ў краіне, закансервуюцца, і краіна ўбудуецца ў новую сістэму — скажам, расейскую — а людзі, якія выехалі, будуць вымушаныя займацца збольшага праблемамі свайго штодзённага жыцця, то разрыў будзе нарастаць. Але гэта наступіць у бліжэйшыя 5–10 гадоў. Для гістарычнага працэсу не вельмі вялікі перыяд. Сітуацыя развіваецца дынамічна і за гэты час можа змяніцца.

Канешне, трэба дадаць, што з Беларусі выехала найбольш актыўная частка насельніцтва, тыя, хто ўдзельнічаў у працэсах 2020–2022 гадоў, ядро пратэстаў, пасіянарыі. Якраз на гэта і разлічвалі ўлады. Тут можа быць пэўнае непаразуменне. Людзі з актыўнай жыццёвай пазіцыяй думаюць, што ўсе тыя, хто знаходзіцца ў Беларусі, маюць такую ж самую пазіцыю, і не разумеюць, чаму ў краіне нічога не адбываецца. Магчыма перанясенне ўласнага светапогляду на большасць грамадства, а гэта звычайна не адпавядае рэчаіснасці. Вось у гэтым можа быць разрыў — разрыў між светапоглядамі, разуменнем сітуацыі.

Для большасці людзей у любым грамадстве ўласны дабрабыт важнейшы за палітычныя прынцыпы. Менавіта так і функцыянавала Беларусь 30 год. У гэтым можа быць неразуменне паміж часткай пасіянарных беларусаў, якія з’ехалі, і тымі, хто застаўся.

Такая ж праблема была ў апазіцыі, якая з’язджала з Беларусі на працягу 30 год — у 90-х гадах, напачатку 2000-х, пасля 2010-га, — ім здавалася, што беларускае грамадства думае як яны, што вось-вось і рэжым разваліцца. А большасць беларусаў даволі камфортна жыла без нейкіх унутраных жаданняў да пераменаў.

— Я правільна вас разумею: праблема можа быць не толькі ў тым, што людзі жывуць у розным кантэксце, але і ў тым, што яны ў прынцыпе розныя?

— Няма масавага ўспрыняцця рэчаіснасці, якое б функцыянавала стала. Яно ўзнікае ў пэўны момант і рассыпаецца, калі няма сістэмных уздзеянняў на свядомасць групы або калі яны не прыводзяць да пераменаў.

Чаканні людзей у 2020 годзе таксама былі розныя. Хтосьці чакаў нацыянальна-вызвольнага адраджэння. Хтосьці чакаў, што зменіцца толькі Лукашэнка, а ўся сістэма, якая была дагэтуль, будзе функцыянаваць. Хтосьці чакаў, што Расея дапаможа пераменам, і ў кантэксце інтэграцыі Беларусь будзе функцыянаваць так, як яна функцыянавала. Розныя чаканні ў пэўны момант спляліся ў жаданне змяніць Лукашэнку. Калі сітуацыя не змянілася, Лукашэнка застаўся, гэтыя розныя чаканні пачалі ўплываць на адаптацыю людзей.

Для каго не была важнай дэмакратыя, а толькі жаданне змяніць Лукашэнку, убудаваліся ў новую рэчаіснасць, зразумеўшы, што Лукашэнку змяніць нельга. Тыя, хто чакаў больш значных сістэмных зменаў, засталіся на гэтых пазіцыях. Вось тут і наступіла разыходжанне на каштоўнасным узроўні.

Тыя, хто не змяніўся на каштоўнасным узроўні, вельмі хутка адаптаваліся і працуюць на новую рэчаіснасць без нейкіх праблем з сумленнасцю і маральнасцю. А тыя, хто ўвайшоў у іншую сістэму каштоўнасцяў і разумення палітыкі, ужо не маглі функцыянаваць у сістэме. Нават былыя чыноўнікі, былыя сілавікі проста выйшлі адтуль. Людзі, чые каштоўнасці змяніліся, не могуць зразумець, чаму іншыя так не захоўваюцца, як захоўваюцца яны. «Я ж так не раблю, я не працягваю працаваць на сістэму, хоць і заробкі там атрымоўваў, і меў кар’еру. Чаму іншыя гэта робяць?».

З гэтай праблемай сутыкнуліся ўсе тыя, хто на працягу 30 гадоў намагаўся нейкім чынам паўплываць на сітуацыю ўнутры Беларусі. Яны казалі, што сістэма недэмакратычная, яна парушае правы, Лукашэнка фальсіфікуе выбары. «Вы ж не можаце гэта падтрымліваць!». А апаненты кажуць: «Ну а што? Я заробак атрымоўваю, у мяне кватэра ёсць, тэлевізар ёсць, мае дзеці ходзяць у школу. Мне гэта ніяк не перашкаджае».

Калі няма дзяржаўнай палітыкі ў фармаванні маральных аспектаў, гэта прыводзіць да таго, што людзі з прычыны сваіх натуральных інстынктаў імкнуцца выключна да таго, каб ім было лепей, і ім пляваць на калектыўнае дабро і палітычныя каштоўнасці. Ім важна, што ёсць у лядоўні, ці паступяць дзеці ва ўніверсітэт. Калі няма адпаведнага выхавання, то натуральныя інстынкты выжывання дамінуюць, і людзі не жывуць у катэгорыях палітычнага.

— Часам кажуць, што ёсць такая праблема: беларусы, якія пратэставалі ў 2020 годзе, завіслі ў 2020 годзе. Магчыма, у гэтым ёсць плюс, бо псіхалагічныя сувязі не разрываюцца?

— Гэта не тое што плюс, гэта сутнасць працэсаў, якія мы назіраем. Для людзей, якія «абудзіліся», 2020 год — гэта стрэс. Яны пабачылі рэачіснасць, якой не бачылі раней. Яны перарадзіліся. Гэта моцныя псіхафізічныя змены. Калі чалавек убачыў праўду, ён ужо не ў стане ад яе адмовіцца. Таму 2020 год цягнецца і будзе цягнуцца. Гэта пералом для ўсяго грамадства. Гэтыя перамены фармуюць новы палітычны і культурны код, які будзе ўплываць на трансфармацыю Беларусі ў будучым.

Адна справа, калі маленькая група разумее, што трэба нешта мяняць, і іншая — калі сотні тысяч людзей, нават мільён, зразумелі, што сітуацыя ў краіне была ненармальнай, і што прызвычаіцца да гэтай ненармальнасці немагчыма. Ужо гэтая сацыяльная база будзе спрыяць пазітыўнай трансфармацыі, калі ўзнікнуць больш-менш добрыя ўмовы для палітычных пераменаў — нават калі яны ўзнікнуць праз некалькі гадоў.

Асноўную ролю ў антрапалагічнай рэвалюцыі ў Беларусі зыграла візуалізацыя пратэстаў — то, чаго мы не назіралі ні ў 2006-м, ні ў 2010-м годзе. Грамадства не бачыла праз вочы смартфонаў, што адбывалася на пляцы, акрамя таго, што паказвалі па БТ. Калі ў 2006 у Менску знішчалі намётавае мястэчка, там раптоўна «знайшлі» нейкія шпрыцы і сказалі, што былі наркаманы, прастытуткі. І людзі, не маючы крытычнага мыслення, успрымалі апазіцыю менавіта так. Але калі ў 2020 мільёны пабачылі ў тэлеграм-каналах, што нейкая прастытутка правакуе Ціханоўскага, што нейкія менты раптоўна падаюць, хоць іх не чаплялі, і ўсё гэта прыводзіць да арышту — гэта выклікала натуральнае чалавечае пачуццё несправядлівасці. Чалавек, якія такім чынам асвойвае рэчаіснасць, пачынае капаць: як жа было, як так сталася.

Гэтая візуалізацыя даволі моцна адбілася ў свядомасці, як і разгон дэманстрацый у жніўні 2020 года, як і здзекі, катаванні. Не таму, што ў Беларусі гэтага ніколі не было, а менавіта таму, што людзі гэта пабачылі. Адносіны да Лукашэнкі заўсёды былі даволі крытычнымі, але гэта не перарастала ў візуалізацыю.

2020 год — гэта год візуальнай рэвалюцыі. Змяніць сітуацыю ўжо немагчыма, як бы доўга гэты працэс не адбываўся.

— Што ў сённяшніх умовах могуць рабіць беларусы ў Беларусі і беларусы з-за мяжы, каб гэтая трансфармацыя мела нейкія наступствы, акрамя дэпрэсіі і нявер’я ў тое, што штосьці зменіцца?

— Перш за ўсё людзям даводзіцца займацца забеспячэннем свайго хаця б мінімальнага дабрабыту. Шмат хто выехаў з Беларусі цэлымі сем’ямі.

Адзінае, што можна рабіць, — ствараць нейкія інтэграцыйныя колы. Гэта ўжо абавязак больш актыўных людзей. Беларусы рассеяныя па ўсёй Еўропе і нават па гарадах Польшчы. Тут патрэбныя актывісты, якія будуць маральна, псіхалагічна, а магчыма, і матэрыяльна дапамагаць дыяспарам, якія знаходзяцца ў канкрэтным месцы. Я ведаю, што такія спробы рабіліся, дзесьці ўдала, дзесьці няўдала. Тут трэба актыў, трэба валанцёры, якія прысвецяць саміх сябе такім дзеянням па інтэграцыі і дапамозе, для якіх гэта стане місіяй. Будуць такія людзі ці не — мне цяжка сказаць. Тут павінна быць зацікаўленасць кожнай асобы.

Другі ўзровень — адказнасць людзей, якія называюць сябе палітычнымі лідарамі, каб іх дзейнасць, іх актыўнасць не расчароўвала, не прыводзіла да ўпадку духа. Паглядзеўшы, як паводзіць сябе ў маральным сэнсе так званае кіраўніцтва апазіцыі, можа стварыцца ўражанне, што яны нічым не адрозніваюцца ад улады. Асабліва калі мы кажам пра нейкія дэмакратычныя працэдуры. Напрыклад, выбары ў Каардынацыйную раду паказалі, што ўжо прарастае нейкая незадаволенасць.

Ну і медыі. Такога медыйнага патэнцыялу ў беларусаў не было, хаця часткова медыі заўсёды існавалі і дзейнічалі па-за межамі. Але не было такой моцнай дыяспары. Тут ужо роля медыяў — ускладанне на сябе місіі псіхалагічнай падтрымкі, інтэрв’ю, размоваў з прадстаўнікамі дыяспары. Трэба, каб СМІ не зацыкліваліся выключна на палітычных вобразах і персонах, а больш увагі аддавалі простым людзям, распавядалі пра іх жыццё: як яны адаптуюцца, чым займаюцца.

Размовы з тымі, хто працуе на таксоўках, дальнабойшчыкамі ці ў «Бедронцы» — таксама важна. Тады людзі не будуць адчуваць сябе пакінутымі. Яны цікавыя, нягледзячы на тое, што яны ў цяжкіх умовах.

Што тычыцца беларусаў у Беларусі — тут, на жаль, не так шмат магчымасцяў. Перш за ўсё, мне падаецца, трэба не адмаўляцца ад свайго экзістэнцыяльнага выбару і не ўбудоўвацца маральна ў сістэму. Тут ужо нічога не зробіш — трэба функцыянаваць у той сістэме, якая ёсць, каб проста жыць, атрымоўваць заробак, расціць дзяцей. Але важна не дапамагаць гэтаму злу распаўсюджвацца. Казаць праўду хаця б сваім дзецям. Не прымаць гэтага зла як чагосьці натуральнага і нармальнага. І самае важнае, канешне, — не працаваць на тое, каб рабіць людзей дурнейшымі, не быць вінцікам у машыне тэрору і рэпрэсій, не толькі фізічных, але і псіхалагічных.

Гэта таксама задача і выбар кожнага чалавека. Толькі трэба памятаць, што за наш сённяшні выбар будуць плаціць потым нашыя дзеці, што і адбылося ў 2020 годзе.

BGmedia