У навагоднім відэавіншаваньні, апублікаваным на Youtube, лідэр руху «Вольная Беларусь» зьвярнуўся да розных катэгорый беларусаў унутры краіны і заклікаў шанаваць адзін аднаго, падтрымліваць усё беларускае.

У прыватнасьці Пазьняк зьвярнуўся і да тых беларусаў, якія падтрымліваюць рэжым Лукашэнкі і і лічаць, «што гэта добра».

«Такіх людзей шмат і мы ня можам іх ігнараваць. Але што б я хацеў сказаць такім людзям? Памятайма, што Беларусь – наш агульны дом. Мы павінны яго берагчы, усе, якім бы мы чынам не адносіліся да палітыкі. Не прадаецца хата бацькоў, як сьпяваецца ў песьні. Таму дбайма пра нашую незалежнасьць, наш агульны беларускі дом і нашу дзяржаву», – сказаў Зянон Пазьняк.

Зьвяртаючыся да дзяржаўных служачых, палітык канстатаваў, што многія зь іх апынуліся ў цяжкім становішчы, калі трэба выконваць палітыку, якая не спрыяе беларускаму народу.

«Шаноўнае спадарства, не забывайце, што вы беларусы, не забывайце, што ў вашых руках улада. Будзьце патрыётамі сваёй краіны, беражыце наш народ. Можна не выконваць антынародныя распараджэньні. Можна паглядзець на нейкую злую справу, якую ад вас патрабуюць, скрозь пальцы. Можна яе ня выканаць і гэтым паспрыяць нашым людзям. Калі міліцыянт ідзе па вуліцы і бачыць, што маладыя людзі кажуць «Жыве Беларусь», не кідайцеся туды, не чапайце гэтую моладзь, ня біце іх дручкамі. Не заўважце гэтага і гэтым вы дапаможаце беларусам», – заклікаў Пазьняк.

Напрыканцы ён заклікаў Лукашэнку вызваліць трох палітвязьняў, каб праявіць добрую палітычную волю. Гаворка ідзе пра шматдзетную маці Вольгу Залатар, журналіста Дзяніса Івашына і берасьцейскую актывістку Паліну Шарэнду-Панасюк.

31 сьнежня за некалькі хвілінаў да навагодняга відэазвароту Сьвятланы Ціханоўскай у Беларусі заблякавалі YouTube. Блякаваньне відэаплятформы працягвалася да 0.16 гадзін 1 студзеня, пасьля чаго доступ да сэрвісу аднавіўся. Навагодні зварот Ціханоўскай выйшаў 31 сьнежня ў 23.50 адначасова са зваротам Аляксандра Лукашэнкі.

"Свабода"