Экс-палітвязень, праваабаронца Леанід Судаленка ў экспрэс-каментары «Салідарнасці», патлумачыў, што азначае памілаванне чарговай групы палітвязняў без зняцця судзімасці.
Па словах Судаленкі, «рэжым Лукашэнкі працягвае сваю гульню без правіл, бо памілаванне без зняцця судзімасці з’яўляецца ні чым іншым, як замена рэжыму на больш мяккае!».
– Пасля такога вызвалення з калоній палітычныя рэпрэсіі ў дачыненні да памілаваных, як вядома, не спыняюцца. Справа ў тым, што ў Беларусі на ўзроўні ўрада зацверджана спецыяльная пастанова, у якую пасля ўступлення ў законную сілу прысудаў уносяць асабістыя звесткі ўсіх асуджаных па «экстрэмісцкіх» артыкулах Крымінальнага кодэкса.
А гэта значыць, што нават пасля вызвалення па адбыцці пакарання цягам тэрмінаў пагашэння судзімасці (2 гады па менш цяжкаму і 5 гадоў па цяжкаму злачынству) былым палітвязням крымінальна-выканаўчыя інспекцыі прад'яўляюць шэраг патрабаванняў, – адзначыў Леанід Судаленка.
У прыватнасці, ім забараняюць выезд не толькі з краіны, а нават з горада; усталёўваюць рэгулярны (не менш раз на тыдзень) абавязак з'яўляцца ў інспекцыю для правядзення прафілактычных мерапрыемстваў (напрыклад, прагляд патрыятычных фільмаў); рэгулярна па месцы жыхарства з'яўляюцца супрацоўнікі міліцыі і пад запіс уключанага відэарэгістратара прымушаюць падпісвацца аб месцазнаходжанні.
Акрамя таго любыя фінансавыя аперацыі, у тым ліку дробныя выдаткі (напрыклад, на мабільную сувязь), кантраліруюцца дзяржавай з дапамогай блакіроўкі банкаўскіх рахункаў і немагчымасці атрымаць банкаўскую картку.
Грамадзянам, уключаным у названы пералік, да пагашэння судзімасці і на працягу пяці гадоў пасля яе пагашэння забараняецца:
- займацца дзейнасцю, звязанай з абаротам наркатычных сродкаў, зброі, выбуховых рэчываў;
- педагагічнай дзейнасцю, выдавецкай дзейнасцю;
- займаць дзяржаўныя пасады, праходзіць вайсковую службу.
За парушэнне гэтых патрабаванняў былым палітвязням пагражае буйны грашовы штраф (да 100 базавых велічыняў) або адміністрацыйны арышт да 15 сутак. За некалькі такіх парушэнняў могуць перагледзець рашэнне аб памілаванні і вярнуць асуджанага ў лагер для адбыцця пакарання.
Падставай для выключэння грамадзян са «спісу экстрэмістаў» з'яўляецца адмена прысуду, смерць грамадзяніна альбо заканчэнне пяці гадоў з дня пагашэння або зняцця судзімасці (ч. 6 арт. 18 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму»).
«Адсюль вынікае, што нават пасля пагашэння альбо зняцця судзімасці МУС будзе працягваць кантраляваць былых палітвязняў цягам яшчэ пяці гадоў», — адзначыў праваабаронца.
Судаленка дадаў:
– Над былымі палітвязнямі нават пасля памілавання МУС ажыццяўляе кантроль на працягу тэрмінаў пагашэння судзімасці ў выглядзе прафілактычнага нагляду альбо прафілактычнага ўліку. І нават пасля пагашэння судзімасці былыя палітвязні застаюцца ў «спісах экстрэмістаў або тэрарыстаў» яшчэ цягам пяці гадоў на падставе Закона аб супрацьдзеянні экстрэмізму.
Так, пры менш цяжкім злачынстве такі кантроль будзе працягвацца цягам 7 гадоў, а пры цяжкім — цягам 10 гадоў нават пасля вызвалення.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия