Аляксандр Кухта, святар Праваслаўнай царквы Канстантынопальскага патрыярхату ў Літве, у праграме «Пік Свабоды» на Радыё Свабода расказаў пра страшную трагедыю БПЦ, адносіны БПЦ з дзяржавай і пра фігуру мітрапаліта Веніяміна.

Былы святар БПЦ Аляксандр Кухта (разам з Георгіем Роем) пакінуў Беларусь з-за палітычнага пераследу і ў красавіку 2023 года перайшоў ва Усяленскі Патрыярхат.

000000

Аляксандр Кухта, святар Праваслаўнай царквы Канстантынопальскага патрыярхату ў Літве

BGmedia выбрала самыя істотныя моманты з інтэрв’ю.

— Зараз беларуская царква перажывае вялікую трагедыю. Трагедыя ў тым, што царкоўнае кіраўніцтва чым далей, тым больш забываецца пра Хрыста, і чым далей, тым больш абслугоўвае прапаганду Лукашэнкі. І чым далей, тым больш яно нагадвае кітайскіх малпаў, якія закрываюць вусны, вушы і вочы, быццам яны нічога не бачаць, не чуюць і не гавораць. Я ў гэтым бачу трагедыю менавіта для царквы, бо, калі царква перастае служыць Хрысту, то яна становіцца бессэнсоўнай. Але, з іншага боку, перамога рэжыму Лукашэнкі, таму што ён знаходзіць падтрымку сваёй легітымнасці, — кажа Аляксандр Кухта.

У грамадскай свядомасці ўкаранілася меркаванне, што БПЦ з’яўляецца часткай Рускай праваслаўнай царквы і дзейнічае па загадах з Масквы, з’яўляецца часткай «рускага міру». Журналіст Аляксей Знаткевіч пацікавіўся: БПЦ мае большую залежнасць ад рэжыму Лукашэнкі ці ад Масквы?

— Царква ў Беларусі даволі вялікая: шмат вернікаў і, што вельмі важна, тысячы святароў на месцах. А калі мы маем справу з такімі вялікімі супольнасцямі, то тут важна разумець, што святары — тыя ж грамадзяне Беларусі, якія ходзяць па тых жа вуліцах, глядзяць тыя ж тэлеканалы ці чытаюць тыя ж самыя незалежныя СМІ ў інтэрнэце. Я маю тэорыю: калі мы возьмем 100 выпадковых людзей на вуліцах Беларусі і 100 выпадковых святароў і запытаем іх, як яны ставяцца да падзеяў апошніх гадоў, то атрымаем прыкладна аднолькавую разбіўку адказаў. Сярод іх будзе некаторы адсотак тых, хто любіць Расію і падтрымлівае вайну, але будзе аднолькавы адсотак тых, хто ўсё гэта не падтрымлівае. А таксама вялікі адсотак тых, у каго «мая хата з краю».

Ці адбываецца цяпер зачыстка ў царкоўнай адміністрацыі? Як можна ахарактарызаваць сённяшняга мітрапаліта Веніяміна? Ці праводзіць ён палітыку на адданасць рэжыму Лукашэнкі і ідэалогіі «рускага міру»?

— Калі я жыў у Менску, я таксама сустракаўся з мітрапалітам Веніямінам. Я бачу ў ім чалавека, які добры манах, менавіта добрага манаха, які не на сваім месцы: ён стаў мітрапалітам, стаў епіскапам, але ў яго няма тых рысаў, якія патрэбныя для гэтай пасады. Я бачу чалавека, якому цяжка, і які разумее больш-менш сітуацыю, але яму вельмі страшна, таму што на яго давяць і з адміністрацыі Лукашэнкі, і з Масквы, і свае ўласныя страхі, напэўна. І ў гэтым яго ўласная трагедыя. Гэта менавіта яго трагедыя, я магу толькі спачуваць і спадзявацца, што не акажуся на яго месцы.

Якія рысы мусіць мець вышэйшы царкоўны іерарх у краіне?

— Іерарх, как і любы чалавек, перш за ўсё павінен быць хрысціянінам. Тут ужо не мне даваць ацэнкі, бо гэта справа толькі Бога. Але зразумела, што ў сучасным свеце царкоўныя іерархі таксама палітыкі, гэта людзі, якія павінны мець мудрасць і здольнасць трымаць дыстанцыю паміж царквой і дзяржавай. Таму што дзяржава — такая ўстанова, якая імкнецца мець як мага больш улады і якая імкнецца выкарыстоўваць у тым ліку царкву для таго, каб легітымізаваць свае дзеянні. А мы ведаем, што дзеянні, якія цяпер здзяйсняе рэжым Лукашэнкі, цяжка назваць хрысціянскімі. Мне падаецца, што ў мітрапаліта Веніяміна гэтай мудрасці, гэтай здольнасці — адстойваць сваю самасць — проста няма. І ў гэтым яго трагедыя.

На думку Аляксандра Кухты, папярэднік Веніяміна, мітрапаліт Павел, валодаў вельмі важнай рысай:

— Ён разумеў, што акружэнне робіць караля. Таму некаторыя з людзей, якія акружалі яго, маглі ўтрымліваць гэтую дыстанцыю. Зараз я не хацеў бы называць іхнія імёны (многія з іх засталіся ў Беларусі), але, зразумела, усе яны, пасля замены мітрапаліта, страцілі свае пасады.

Журналіст папрасіў ахарактарызаваць асобу айца Фёдара Поўнага, якога называюць не толькі духоўнікам Лукашэнкі, але якога лічаць найбольш уплывовай асобай у беларускім экзархаце РПЦ.

— Я не ведаю, як яно на самой справе. Але калі я жыў яшчэ ў Менску і калі я назіраў прыход мітрапаліта Веніяміна, было бачна, што мітрапаліт Веніямін у гэтым сэнсе значна больш моцная фігура, для якога айцец Фёдар калі і з’яўляецца праблемай, то вельмі маленькай. Больш я нічога сказаць не магу, таму што нічога не ведаю. Адзінае, што гадоў з 10 таму, калі я сутыкаўся з айцом Фёдарам у Менску, ён падаваўся мне моцнай фігурай, якую не тое што варта было слухаць, але было варта мець на ўвазе, пра што ён кажа і лепш было не сутыкацца з ім. А вось зараз, калі я паглядзеў невялікі кавалачак відэа, пар якое мы зараз размаўляем, я, напэўна, убачыў чалавека зломленага, якому не пазайздросціш.

BGmedia