Сябрам пісьменніцы Святланы Алексіевіч атрымалася забраць з яе мінскай кватэры нобелеўскі медаль*. Сама кватэра, набытая за Нобелеўскую прэмію, знаходзіцца пад пагрозай канфіскацыі, паведаміла літаратар у інтэрв’ю нямецкаму штотыднёвіку Die Zeit.
Як піша "Позірк", паводле яе слоў, у Мінску засталіся дзённікі і ўсе рукапісы. Кватэра знаходзіцца ў т. зв. “доме Чыжа”, размешчаным у цэнтры горада на набярэжнай ракі Свіслач па суседстве з Траецкім прадмесцем.
“Цяпер прапагандысты гавораць: гэтая кватэра была б ідэальная для сям’і супрацоўніка АМАПа”, — адзначыла лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры за 2015 год.
“У мяне дома няма нідзе. Я хачу вярнуцца, але вяртацца няма куды, — сказала Алексіевіч. — Мае рукапісы там. Усё засталося там. Кватэра — гэта не проста месца, дзе вы жывяце. Гэта ваш свет. І ўвесь гэты свет застаўся ззаду… Мой кабінет выходзіў проста на кухню, і за працоўным сталом я магла глядзець на Свіслач… Мой свет знік. Вельмі цяжка гэта перажыць”.
Паводле слоў пісьменніцы, яе свет ствараўся шмат гадоў. “І я кажу пра рэчы, якія маюць сімвалічнае значэнне. А потым урываюцца гэтыя звяры — я не магу назваць іх інакш — і знішчаюць гэты свет. Нядаўна яны ўсё разграмілі ў кватэры аднаго навукоўца (магчыма, гаворка пра эканаміста Сяргея Чалага. — “Позірк”.), раскідалі там грузавік смецця і апублікавалі фатаграфіі адтуль. Цяжка ўявіць, што павінен адчуваць чалавек, калі бачыць, што робяць з ягоным светам”, — сказала Алексіевіч.
28 лістапада па Беларусі пракацілася хваля ператрусаў у тых, хто, на думку ўладаў, звязаны з Каардынацыйнай радай па выхадзе з палітычнага крызісу. Заведзена крымінальная справа, ужо другая, у дачыненні да КР. Алексіевіч уваходзіла ў прэзыдыюм першага складу КР у 2020 годзе, аднак публічна ўлады ў ліку фігурантаў першай справы яе не называлі. Тым не менш 9 верасня 2020 года да яе ў мінскую кватэру спрабавалі трапіць невядомыя. Алексіевіч паклікала журналістаў падзяжурыць ля яе дома. Падтрымаць літаратара прыехалі заходнія дыпламаты. Неўзабаве яна з’ехала з краіны.
* У каментары парталу “Люстэрка” Алексіевіч заявіла, што забрала медаль яшчэ ў 2020 годзе перад ад’ездам у Берлін.
Photo by Nataliya Vaitkevich
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия