У суд Навабеліцкага раёна Гомеля паступіў на разгляд адміністрацыйны пратакол, складзены адміністрацыяй раёна ў дачыненні да жыхара абласнога цэнтра, які абразліва выказаўся пра беларускую мову.
Гаворка ідзе пра былога супрацоўніка дэпартамента аховы МУС Васіля Варушчанку, які стаў вядомы дзякуючы скандальным выказванням і фатаграфіям у інтэрнэце. У пабліку партала «Сильные новости» ў сацыяльнай сетцы «УКантакце» Варушчанка пакінуў каментарый: «Беларуская мова — гэта труп, што раскладаецца і загнівае, які ўжо даўно трэба закапаць глыбей!»
Грамадскі актывіст Ігар Случак, ініцыятар кампаніі «Справаводства па-беларуску», накіраваў заяву ў Гомельскі гарвыканкам з просьбай прыцягнуць да адказнасці грамадзяніна, які абразіў беларускую мову. Актывіст палічыў, што гэтым выказваннем аўтар парушыў заканадаўства аб мовах (артыкул 9.22 КоАП), публічна абразіўшы беларускую мову.
Матэрыялы з гарвыканкама былі перададзеныя на разгляд у адміністрацыю Навабеліцкага раёна. Пасля праверкі, праведзенай АУС, адміністрацыя раёна склала ў дачыненні да жыхара Гомеля пратакол на падставе артыкула 9.22 КоАП.
Намеснік кіраўніка адміністрацыі Навабеліцкага раёна Васіль Зубец паведаміў, што каментарый грамадзяніна пра беларускую мову як «гнілы труп» быў накіраваны на экспертызу з пытаннем, ці можна лічыць такое выказванне абразлівым для беларускай мовы. «Эксперты далі заключэнне, што так, сапраўды, такая фраза абражае беларускую мову. І ў сувязі з гэтым адміністрацыяй раёна быў складзены пратакол аб адміністрацыйным парушэнні. Пратакол будзе разгледжаны ў судзе», — пракаментаваў Зубец.
Ён адзначыў, што за час яго працы ў адміністрацыі гэта першы пратакол на падставе артыкула 9.22 КоАП (публічная абраза, ганьбаванне дзяржаўных і іншых нацыянальных моў, стварэнне перашкод і абмежаванняў у карыстанні імі, пропаведзь варожасці на моўнай глебе).
Ігар Случак лічыць, што ў адміністрацыйна-працэсуальны кодэкс варта ўнесці змены, згодна з якімі весці адміністрацыйны працэс на падставе артыкула 9.22 КоАП і складаць пратаколы змогуць не толькі адміністрацыі раёнаў і выканкамы, але і міліцыя. «Таму што ў выканкамах аб'ектыўна няма такіх магчымасцяў, як у МУС, і ўсё роўна адміністрацыям раёнаў і выканкамам даводзіцца ўзаемадзейнічаць з МУС, як было ў гэтым выпадку, а праз гэта губляецца час і можа скласціся так, што вінаватыя могуць пазбегнуць адказнасці, бо на прыцягненне да адміністрацыйнай адказнасці даецца два месяцы», — адзначыў грамадскі актывіст.
Ён задаволены, што экспертыза прызнала словы Варушчанкі знявагай: «здаецца, іншага выніку і быць не магло». «Спадзяюся, гэта будзе добрым урокам для тых, хто яшчэ не зразумеў, што меркаванне і абраза — зусім розныя рэчы, і абраз не толькі беларускай мовы, але і наогул стане менш», — сказаў Случак.
У верасні 2016 года, упершыню з 1999 года, у Беларусі быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці грамадзянін, які абражаў родную мову, чым парушыў артыкул 9.22 КоАП. Пакарання для жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых таксама дамогся Случак. Актывіст піша магістарскую дысертацыю на тэму «Прававыя асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь», таму, акрамя адстойвання нацыянальных каштоўнасцяў, яму быў цікавы юрыдычны бок канфлікту як частка яго навуковай працы. Канфлікт, што скончыўся для былога супрацоўніка сайта offside.by Шчарбатых штрафам у чатыры базавыя велічыні, пачаўся з яго абразлівага каментарыя на старонцы ў сацсетках, дзе абмяркоўваўся новы білборд мазырскага футбольнага клуба «Славія» з надпісамі на беларускай мове.
фота з сацсетак, БелаПАН
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия