Карэспандэнт Hrodna.life сустрэў напярэдадні Раства, 6 студзеня, у Свята-Пакроўскім саборы кіраўнічку гродзенскіх камуністаў Лілію Кашанкову. Ад яе ён даведаўся, як сучасныя камуністы спалучаюць сваю палітычную пазіцыю з верай у Бога.
Першы сакратар гродзенскага гаркама камуністычнай партыі Беларусі Лілія Кашанкова кожны год у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі выступае на плошчы Леніна перад мясцовымі камуністамі, узнагароджвае найлепшых і традыцыйна ўскладае кветкі да помніка правадыру сусветнага пралетарыяту. Пры гэтым Лілія Кашанкова верніца і ходзіць у царкву.
— Лілія Васільеўна, а як жа Ленін, якога камуністы і сёння ўзвышаюць? Гэта ж ён пачаў барацьбу з царквой.
— Гэта не Ленін знішчаў царкву, а людзі, якія стаялі каля яго. Тады рэлігія была звязана з захаваннем дзяржаўнага ладу. А любая рэлігія захоўвае лад той дзяржавы, якой яна служыць. У той час кіруючая эліта вітала гэта і гатовая была жыць без рэлігіі. Але насамрэч гэта быў галоўны недахоп камуністаў. Каб камуністы тады не знішчылі тыя духоўныя каштоўнасці, аўтарытэт кампартыі трымаўся б яшчэ шмат гадоў. Паглядзіце, што кітайцы дасягнулі пад кіраўніцтвам камуністаў.
— У Гродне сучасныя камуністы актыўна ходзяць у царкву?
— Я не аналізавала, хто ходзіць сёння ў царкву, але некаторая частка камуністаў ходзіць. Сёння гэта нармальна. Ды і мы дабрачыннасцю займаемся. А дабрачыннасць і царква — яны стаяць побач.
Сёння ў статуце партыі не напісана, што камуніст — гэта атэіст. Мы ўсе схільныя да агульначалавечых каштоўнасцяў. Напрыклад, я праходзіла сёння побач з храмам (рэд. — Свята-Пакроўскім саборам) і падумала: як можна не зайсці ў гэта выдатнае месца. Зайшла і паставіла свечку. У мяне за мяжой шмат сяброў святароў, ды і сваякі ёсць такія.
А яшчэ я захапляюся вышываннем ікон. У мяне дома ўжо тры ўласныя вісяць. Хутка буду рабіць і чацвёртую.
Даведка: Кашанкова раней была цесна звязана з Ваўкавыскім раёнам: працавала настаўнікам сярэдняй школы № 3 Ваўкавыска, сакратаром, першым сакратаром Ваўкавыскага гаркама камсамола, лектарам, загадчыкам аддзела прапаганды і агітацыі Ваўкавыскага гаркама партыі, інструктарам Гродзенскага абкама партыі, сакратаром Гродзенскага райкама партыі.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия