Дзень памяці паўстанцаў 1863 году адзначалі ў Свіслачы з бел-чырвона-белымі сцягамі ды пад гімн Магутны Божа.
Сёлета на фэст, які ўжо стаўся традыцыйным, з’ехаліся людзі з розных мясцін Беларусі – Гродна, Мінску, Брэста, Ваўкавыску, Мастоў, Кобрына. На радзіме Каліноўскіх сабралася каля 70 чалавек, якія пад пільным наглядам міліцыянтаў ды спецслужбаў ушанавалі памяць тых, хто змагаўся за незалежнасць Беларусі. Выступаючы з палымянай прамовай ля помніка Кастусю Каліноўскаму, лідар АГП Анатоль Лябедзька адзначыў наступнае:
— Гісторыя пішацца сёння, але ацэнка гісторыі адбываецца праз гады, праз дзесяцігоддзі, нават праз стагоддзі. Было шмат людзей, якія былі побач з Кастусём Каліноўскім, якія гаварылі што ён робіць нешта не тое, робіць няправільна. Дзе сёння тыя людзі? Гісторыя іх не памятае, гісторыя іх выкрасліла, а імя Кастуся Каліноўскага і іншых выбітных людзей засталіся ў гісторыі. Мы з вамі сёння таксама пішам гісторыю. У залежнасці ад таго як мы сябе паводзім, у залежнасці ад таго што мы робім, праз дзесяцігоддзі, праз стагоддзі людзі скажуць, правільна мы рабілі ці не правільна. Ёсць людзі ў сённяшняй Беларусі, якія працягваюць справу Кастуся Каліноўскага і яго паплечнікаў.
Па традыцыі ўдзельнікі мерапрыемства ўсклалі кветкі да магілы Віктара Каліноўскага на могілках у Свіслачы, а таксама да помнікаў героям паўстання Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, пасля наведалі Якушоўку, дзе захаваліся падмуркі сядзібы Каліноўскіх. Мерапрыемства працягнулася ў пушчанскім лесе канцэртам ды лясной выставай, якую зладзілі свіслацкія мастакі.
Гражына Шалкевіч, Радыё Рацыя.
Фота: аўтара.
* * *
У Свіслачы адзначаюць угодкі паўстання 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага.
Як паведамляе наш карэспандэнт Гражына Шалкевіч, на ўскладанні кветак да помніка не абыйшлося без умяшальніцтва супрацоўнікаў міліцыі:
— Свіслацкая зямля — гэта радзіма Кастуся і Віктара Каліноўскіх, гэта свята адзначаецца дэмакратычнай супольнасцю ў 14 раз. У праграме ўскладанне кветак да помніка Кастусю Каліноўскаму і Рамуальду Траўгуту, а таксама наведванне вёскі Якушоўка дзе захаваліся парэшткі падмурку сядзібы Каліноўскіх, побач з якой актывістамі дэмакратычнага руху быў усталяваны крыж. У Свіслачы каля 70 чалавек, якія ўдзельнічаюць у гэтым мерапрыемстве. Ужо былі ўскладзены кветкі да магілы старэйшага брата Кастуся Каліноўскага, Віктара Каліноўскага, не абыйшлося і без супрацоўнікаў праваахоўных органаў, міліцыянт папярэдзіў усіх прысутных на могілках, што гэта супрацьпраўнае дзеянне, адгаворваў ад удзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия