У верасні Аляксандр Лукашэнка зачасціў на сустрэчы са студэнцкай моладдзю. Першы дзень новага навучальнага года ён правёў у Віцебскім дзяржуніверсітэце, дзе прасоўваў рэжымныя наратывы і вучыў жыццю, а напрыканцы месца выправіўся ў БДУІР, дзе зладзіў на тры гадзіны стэндап для студэнтаў інжынерна-тэхнічных ВНУ.

Прэс-служба правіцеля паведаміла, што такіх сустрэч у фармаце «Адкрытага мікрафона» будзе цэлая серыя. Ды і ў Нацыянальнай стратэгіі дасягнення мэтаў устойлівага развіцця значна частка ўвагі нададзена менавіта моладзі: улады плануюць «развіваць адукацыйную міграцыю», ствараць умовы для «устойлівага дэмаграфічнага развіцця», прадухіліць і зменшыць адток насельніцтва з краіны.

Сам Лукашэнка тлумачыць знеабходнасць у сустрэчах з моладдзю тым, што хоча зразумець, хто «працягне развіваць і будаваць нашу Беларусь».

Чым гэтая ўвага тлумачыцца насамрэч — перадвыбарчай кампаніяй напярэдадні 2025 года, ці рэжым намацвае доўгатэрміновую стратэгію і спрабуе заключыць, умоўна кажучы, новы сацыяльны кантракт з новым пакаленнем беларусаў?

Гэтыя пытанні Филин абмеркаваў з палітычным аналітыкам, каардынатарам «Нашай Візіі» Вадзімам Мажэйкам.

— Па выкладзеных у сеціве фрагментах трохгадзіннай размовы, дзе рэйтынгі ўніверсітэтаў названы «палітызаванымі» і няважнымі, у адрозненне ад года (а лепш, пяцігодкі) якасці, дзе ад штучнага інтэлекту «саскокваюць» на савецкую адукацыю, склалася ўражанне, што рэтраград спрабуе пагутарыць з сучаснай моладдзю, але не ведае яе мовы і што ёй цікава. Тады дзеля чаго гэта размова наогул?

— Патрэба старым палітыкам размаўляць з моладдзю — гэта агульная тэза, якая тычыцца ўсяго свету. Быў такі мемны дыялог (у парламенце Новай Зеландыі — Рэд.), калі маладая дзяўчына-дэпутатка адказала старому палітыку, што перабіў яе: «Окей, бумер!».

То бок, гэта не ўнікальная для Беларусі сітуацыя. Палітыкі ва ўсіх краінах маюць наладжваць дыялог і клапаціцца пра моладзь, мы гэта не ставім пад сумнеў.

Праект нацыянальных дзяржаў, як ён узнік у 17 стагоддзі, — гэта ўяўленне пра тое, што нацыянальныя дзяржавы будуць працягвацца бясконца, адно пакаленне будзе змяняць другое, а палітычны, эканамічны лад, культура — усё будзе прыкладна, як і было. І гэта ўплывае на светапогляд: ва ўсіх палітыкаў прысутнічае жаданне планаваць на будучыню, а як жа моладзь працягне развіваць краіну.

Тут Лукашэнка і ўсе лукашэнкаўцы цалкам у агульным рэчышчы. Але, канешне, накладаецца яшчэ наш спецыфічны беларускі кантэкст. І тут справа не столькі ў разрыве пакаленняў — і ў маладых людзей, і ў больш сталых, ва ўсіх пакаленняў ёсць пытанні да лукашэнкаўцаў.

Таму ўсе гэтыя канцэпцыі працы з моладдзю выглядаюць як трохі з космасу: тыя, хто ўсё гэта піша, арганізуе — яны не маюць магчымасць шчыра сказаць, што асноўная праблема ў тым, якую палітыку праводзіць рэжым, і трэба перастаць рэпрэсаваць народ. Прамовіць гэта ім падаецца немагчымым, таму даводзіцца рабіць нейкія паліятыўныя меры.

— На вашу думку, і атрымаецца ва ўладаў прадаць пэўны «пернік» замест «бізуна», які мы бачылі ў дачыненні да моладзі раней?

— У лукашэнкаўцаў спецыфічныя ўяўленні пра тое, што такое «пернік» — і звязаны яны з тым, што гэтыя людзі вельмі вузка глядзяць на свет. На гэта ўплывае і літаральна немагчымасць падарожнічаць, убачыць свет, але і пакаленчая розніца.

Беларуская дзяржаўная машына глядзіць вельмі лакальна, у межах Беларусі і як сістэмы, і як геаграфічнай кропкі. Ім уяўляецца, што праца па размеркаванні — гэта ж можа быць вельмі класны «пернік»: «гарантаванае працоўнае месца», «забяспечым інтэрнатам». І яны не разумеюць, у чым праблема.

Гэта як Пратасевіч заклікае да вяртання, каб усе не ў турмы пайшлі, а атрымалі ўмоўны артыкул — «класнае» запрашэнне, дзякуй за прапанову.

Таму ўсё тое, што ўлады прапануюць як «пернікі» — «Карта беларуса», зніжкі на праезд у транспарце, на ЖКГ, — можа спрабаваць вельмі абмежавана.

Перадусім на тых, хто глядзіць на сваё жыццё гэтак жа лакальна і не звязвае яго з нечым большым, чым толькі лукашэнкаўская Беларусь. Такіх сярод моладзі, вядома, меншасць, бо маладыя людзі значна больш глабалізаваныя і шырэй глядзяць на свет. Шмат для каго гэтыя прапановы будуць да смешнага нерэлевантнымі.

Але ёсць і другая катэгорыя, каго гэта задаволіць — тыя, хто з-за нізкай самаацэнкі (або, наадварот, рэалістычнай), шчыра разумее, што ў вялікім свеце насамрэч нікому не патрэбны, што ў іх вельмі нізкія кампетэнцыі, кваліфікацыя.

Яны не надта адукаваныя і прайграюць рэальную канкурэнцыю нават у прыватным сектары ў Беларусі, а тым больш за межамі ім страшна нешта спрабаваць. І ім здаецца, што невысокая планка — лепшае для іх: нейкую кар’еру можна пабудаваць у дзяржаўнай сістэме, мець хатку ў аграгарадку, ну і ўсё, вяршыня шчасця.

— Але хіба дастаткова будзе колькасці такіх згодных , каб вырашыць дэмаграфічны і эканамічны крызісы (ужо не кажучы пра палітычны)?

— Тут пытанне, што такое «дастаткова» і для чаго. Для паляпшэння дэмаграфіі? Так, лукашэнкаўская палітыка прыводзіць да таго, што колькасць насельніцтва Беларусі змяншаецца і надалей будзе змяншацца. Больш за тое, пасля другога дэмаграфічнага перахода колькасць насельніцтва зніжаецца ва ўсіх развітых краінах, за выключэннем хіба Казахстану і Ізраілю.

Так і будзе — пакуль людзі жывуць у гарадах, а жанчыны маюць адукацыю, гэта не зменіцца, калі толькі ўлада не забароніць, як талібы, жанчынам хадзіць у школу. І да гэтага можна ставіцца вельмі крытычна: маўляў, мы выміраем, усё, капец. Але, з інашага боку — у нас жа няма нейкай планкі, колькі людзей мусіць жыць у Беларусі? 10 мільёнаў, 20, або 3 — хто сказаў, пры якой колькасці будзе шчасце?

Праблема ўзнікае з тым, што старыя эканамічныя мадэлі, у першую чаргу, пенсійная сістэма, завязаныя на колькасць насельніцтва. І пры дзейнай у Беларусі сістэме, якая засталася з савецкага часу, моладзь фактычна ўтрымлівае старых людзей, пенсіі плацяцца з заробкаў працоўных.

Таму скарачэнне насельніцтва — капец для пенсійнай сістэмы, гэта праўда.

Акрамя таго, інфраструктура гарадоў «заточаная» на нейкую колькасць жыхароў, калі ў горадзе, дзе быў мільён насельніцтва, стане 50 тысяч, эканамічна немэтазгодна будзе ўтрымліваць яго інфраструктуру. Нейкія гарады могуць паміраць.

У ЗША адзін з такіх вядомых прыкладаў — Дэтройт, які перажыў і бум, і заняпад. Але ці гэта стала трагедыяй амерыканскага народу? Мякка кажучы, не. Тое самае магчыма і ў Беларусі праз адмоўную дэмаграфічную дынаміку — нейкія малыя гарады, умоўна, Валожын, могуць спыніць існаванне, але ці будзе гэта катастрофа і трагедыя?

Само пра сабе гэта проста факт, і пытанне, што з гэтым рабіць. Можна неяк прыцягнуць спецыялістаў з-за мяжы, як прапісана ў новай міграцыйнай канцэпцыі беларускіх уладаў, можна спрабаваць не згубіць людзей, думаць, каб працаўнікі і моладзь не з’язджалі…

Відавочная выснова, што для вырашэння праблемы трэба шчыра казаць пра яе крыніцы. А гэта не толькі другі дэмаграфічны пераход, але і тая рэпрэсіўная палітыка, якую праводзяць беларускія ўлады і якая жудасна ўплывае на дэмаграфію.

Беларусь ужо згубіла сотні тысяч акурат маладых, актыўных людзей — і стратэгічна будзе губляць. Таму лукашэнкаўская палітыка мусіць быць змененая: альбо ўлады павінны іначай сябе паводзіць, альбо трэба прыбраць Лукашэнку і прызначыць новага кіраўніка з іншай палітыкай.

Гэта базавыя рэчы, але паколькі ў Беларусі гэта табу, — то і праблема, адпаведна, не будзе якасна вырашацца.

Салiдарнасць