Сёння ў Беларусь з Варшавы прыйшло больш за 40 грузавікоў у складзе калоны Дзяржаўнай пажарнай службы, Пагранічнай службы і паліцыі Польшчы, якія даставілі другую партыю добрасуседскай дапамогі для барацьбы з распаўсюджваннем каронавіруснай інфекцыі. Яна будзе перададзена Рэспубліканскаму цэнтру арганізацыі медыцынскага рэагавання Міністэрства аховы здароўя Беларусі, а таксама ў медыцынскія ўстановы г. Гродна і Гродзенскай вобласці, сярод якіх Гродзенская абласная інфекцыйная клінічная бальніца, Шчучынская, Лідская, Смаргонская, Ваўкавыская цэнтральныя раённыя бальніцы, паведамляе МЗС Беларусі ў сваім акаўнце ў фэйсбуку.

У склад грузу ўвайшлі апараты ШВЛ, некалькі тысяч упаковак прэпаратаў «Fenle» і «Arechin», некалькі мільёнаў ахоўных і медыцынскіх масак аднаразовага выкарыстання, антысептычная вадкасць, ахоўныя халаты, камбінезоны біялагічнай аховы, медыцынскія шчыткі, ПЦР-тэсты.

У цырымоніі афіцыйнай перадачы прынялі ўдзел намеснік Міністра аховы здароўя Беларусі Барыс Андрасюк, кіраўніцтва Пасольства Польшчы.

МЗС выказаў удзячнасць польскаму боку і адзначыў, што гэта не проста сімвалічны жэст, а знак добрасуседскіх, дружалюбных адносін дзвюх краін у няпросты для ўсёй сусветнай супольнасці час.

 

 

Польшча накіравала ў Беларусь другую партыю гуманітарнай дапамогі для барацьбы з COVID-19