«З 2020-га зьмены адбыліся велізарныя, за апошні год — амаль ніякіх». Вынікі году, датычныя грамадзкай думкі ў Беларусі, ад Алега Алампіева.
Ці можна давяраць апытаньням грамадзкай думкі ў Беларусі? Што зьмянілася ў масавай сьвядомасьці беларусаў за 2023 год? Чаму погляды беларускай вёскі і гораду такія адрозныя? Ці існуе раскол у беларускім грамадзтве?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў праграме «Падзея і камэнтар» адказвае кандыдат сацыялягічных навук, супрацоўнік дасьледчага цэнтру «Беларуская аналітычная майстэрня» Алег Алампіеў.
— У Беларусі рэгулярна робяць сацыялягічныя апытаньні тры дасьледчыя каманды: «Беларуская аналітычная майстэрня» пад кіраўніцтвам прафэсара Андрэя Вардамацкага, праект «Беларуская ініцыятыва» Chatham House на чале з Рыгорам Астапенем і група Філіпа Біканава. Майстэрня робіць тэлефонныя апытаньні ўсяго насельніцтва Беларусі, дзьве іншыя каманды — онлайн-апытаньні гараджанаў. Ці магчымая сацыялёгія ў такім рэпрэсіўным грамадзтве, як сучасная Беларусь? Гучаць пярэчаньні: усе баяцца адказваць шчыра, «гэта як апытаньне ў ГУЛАГу». Вы пагаджаецеся ці ня згодны?
— Гэта спрашчэньне сытуацыі. У апытаньнях даволі вялікі адсотак рэспандэнтаў выказваюцца супраць існай улады, супраць рэпрэсіяў, адмоўна ацэньваюць сытуацыю ў краіне ў цэлым. Апытаньне ў ГУЛАГу дало б крыху іншыя вынікі.
Але ў крытыцы ёсьць доля праўды. Мы сутыкаемся з сур’ёзнай праблемай, незалежна ад спосабу збору дадзеных, — з фактарам страху. Ён істотна ўплывае на вынікі дасьледаваньняў.
Калі ў апытаньні 20% выказваюцца супраць існага рэжыму, гэта азначае, што людзей з такімі поглядамі — мінімум 20%.
Я зараз раблю якаснае дасьледаваньне інтэграцыі беларусаў-эмігрантаў у польскае грамадзтва. Яно наагул ня тычыцца палітыкі, там пытаньні пра вывучэньне мовы, пошук працы, вырашэньне сацыяльных пытаньняў. Дык вось, баяцца адказваць нават беларусы, якія жывуць у Польшчы, маюць ДНЖ, амаль ня езьдзяць у Беларусь і ніяк не заангажаваныя ў палітыку. Дык што ж у такім разе адбываецца ўнутры краіны?
Мы праводзім дасьледаваньні мэтадам тэлефонных інтэрвію. Я слухаў гэтыя інтэрвію. І часта проста ў голасе рэспандэнтаў можна адчуць, што яны баяцца адказваць. Спачатку чалавек згаджаецца, потым чуе пытаньні — і ў яго нібыта нешта шчоўкае ў галаве, ён пачынае гаварыць вельмі ціха, павольна і асьцярожна.
— Пры ўсіх агаворках наконт фактару страху, якія істотныя зьмены ў грамадзкай думцы ў параўнаньні з 2022 годам зафіксавалі апытаньні? Ці ўсе каманды адзначылі аднолькавыя зьмены?
— Кардынальным чынам за год у грамадзкай думцы не зьмянілася нічога. Істотная зьмена адбылася паміж 2020 і 2022 годам. За апошні год прыкметнага зруху не зафіксавала ніводная з сацыялягічных камандаў, якія працуюць у Беларусі. Можна адзначыць, што грамадзкая сытуацыя стабілізуецца, грамадзтва больш аптымістычна глядзіць на эканамічныя пэрспэктывы краіны, да пэўнай ступені павялічваецца падтрымка ўлады і арыентацыя на Расею. Але зьмены, паўтаруся, не кардынальныя.
Я б падкрэсьліў вельмі важны фактар, які ўплывае на такія вынікі: гэта адʼезд зь Беларусі ладнай часткі грамадзтва. Арытмэтычна гэтая частка, можа, не такая і вялікая, але яна вельмі значная ў сэнсе ўплыву на астатняе грамадзтва. Выехалі тыя, хто супраць улады, найбольш эканамічна актыўныя, людзі, якія не баяліся выказваць свае думкі. І яны ніяк не прадстаўленыя ў выбарках апытаньняў насельніцтва ў Беларусі.
З асаблівасьцяў хацелася б адзначыць, што эфэктыўнасьць расейскай і беларускай прапаганды аказалася досыць абмежаванай. У нас усё ж толькі Азаронак, а ня Гёбэльс.
— Ці зьмянілася на працягу 2023 году стаўленьне беларусаў да вайны Расеі з Украінай, да розных аспэктаў гэтай вайны?
— Калі поўнамаштабная вайна пачалася, першай рэакцыяй беларусаў быў шок. Але неўзабаве сфармавалася пэўная пазыцыя, і зноў жа стаўленьне да яе ў 2023 годзе было прыкладна такім жа, як у канцы 2022 году. Адбылася пэўная нармалізацыя вайны ў масавай сьвядомасьці. Дарэчы, адказы на пытаньні аб стаўленьні да вайны даволі шчырыя. Беларусь не ўступае ў гэтую вайну сваім войскам, і тут у грамадзтве пануе амаль поўны кансэнсус, што так і павінна быць. Нават прыхільнікі дзейнай улады часта выказваюцца супраць беспасярэдняга ангажаваньня Беларусі ў гэтую вайну.
Пры гэтым пэўная частка рэспандэнтаў падтрымлівае ваенныя дзеяньні Расеі. Але і ў нашых, і ў іншых дасьледаваньнях доля тых, хто спачувае Ўкраіне, большая. Аднак так было і ў канцы 2022 году.
Вы, Юры, у пачатку згадалі тры дасьледчыя каманды. Вынікі іхных дасьледаваньняў часам адрозьніваюцца. Але калі гаварыць пра тэндэнцыі, пра трэнды, то ў гэтым адрозьненьняў, у істоце, няма. Кірунак зьменаў грамадзкіх настрояў ці іх нязьменнасьць у апытаньнях усіх трох дасьледчых цэнтраў аднолькавыя.
— А цяпер усё ж пра адрозьненьні вынікаў. «Беларуская аналітычная майстэрня» апытвае ўсё насельніцтва краіны, у тым ліку і вяскоўцаў, «Беларуская ініцыятыва» і каманда Біканава — толькі гараджанаў. Нядаўна БАМ апублікавала цікавы параўнальны аналіз думак гараджанаў і вяскоўцаў. У чым яны адрозьніваюцца, наколькі і чаму? Існуе ўяўленьне, што вёска — калыска нацыі, культуры, мовы, ідэнтычнасьці. Сапраўды калыска?
— Так, ёсьць такія ўяўленьні. Ёсьць, дарэчы, яшчэ і такое ўяўленьне, што Заходняя Беларусь больш праэўрапейская, чым Усходняя. Нашы дасьледаваньні гэтага не пацьвярджаюць. Вёска сапраўды істотна адрозьніваецца ад гораду. Найперш у шэрагу сацыяльна-дэмаграфічных характарыстык: адукацыя і сярэдні ўзрост. Але мы ня можам патлумачыць выключна гэтым адрозьненьні ў поглядах паміж гараджанамі і вяскоўцамі.
Тут, хутчэй, больш значныя фактары — гэта адрозьненьні ў сьветапоглядзе і ў сыстэмах каштоўнасьцяў. Горад больш сучасны, больш спажывае незалежных крыніц інфармацыі. Вёска больш патэрналісцкая, яна больш схільная ўспрымаць сябе як абʼект, а не субʼект палітыкі.
Савецкі, нэасавецкі, расейскі наратывы (яны даволі шчыльна зьвязаныя паміж сабой) значна больш уплывовыя ў вёсцы, чым у горадзе. Калі б сацыялягічныя каманды, якія вывучаюць грамадзкую думку ў Беларусі, абʼядналіся, мы маглі б вырашыць праблему фактару страху.
— Ці згодны вы з тэзай пра глыбокі ня толькі палітычны, але і каштоўнасны раскол, палярызацыю ў беларускім грамадзтве?
— Гледзячы на адныя і тыя ж дадзеныя, можна прыйсьці да розных высноваў. Я хутчэй ня згодны з тэзай наконт расколу, якую адстойвае Рыгор Астапеня. У нас ёсьць людзі, якія зьяўляюцца перакананымі прыхільнікамі дзейнай улады. Такіх радыкальна перакананых прыкладна 10%. Тых, хто пасьлядоўна падтрымлівае дзейную ўладу, 25-30%, у гэтым я згодны зь Генадзем Коршунавым.
Пры гэтым прыкладна 20% — перакананыя апанэнты ўлады. І застаецца яшчэ 50%, чыя думка сытуацыйная і несфармаваная. Ці можна ў такіх умовах казаць, што ў нас рэзка палярызаванае грамадзтва? Я мяркую, што не. У маім уяўленьні раскол — гэта сытуацыя, калі дзьве групы грамадзтва знаходзяцца ў наўпроставым канфлікце. Калі ў нас ёсьць дзьве групы, якія адна адной грэбуюць, гэта не азначае, што ў рэальным жыцьці яны канфліктуюць.
У сацыялёгіі ёсьць паняцьце «эфэкт Ляп’ера» — адрозьненьне ўстановак і рэальных паводзінаў. Напрыклад, чалавек можа дэкляраваць расісцкія погляды, але насамрэч ставіцца да канкрэтных прадстаўнікоў іншай расы даволі талерантна. Акрамя як у мэдыйнай сфэры і ў галовах людзей, гэтага канфлікту ў выпадку Беларусі, можа, і няма.
Да таго ж у Беларусі ладная частка адной з гэтых групаў пакінула або пакідае краіну ці імкнецца не праяўляць сябе. Я мяркую, што калі ў Польшчы ўзяць перакананых прыхільнікаў PiS ці «Канфэдэрацыі» і «лявіцы», то адрозьненьні паміж імі будуць прыкладна такімі ж, як і паміж перакананымі праціўнікамі і прыхільнікамі ўлады ў Беларусі.
— Ці відаць па апытаньнях 2023 году, чаго можна чакаць у 2024 годзе? Ці фіксуюцца нейкія апераджальныя індыкатары, якія б прадказвалі налета зьмену трэндаў?
— Апошнія тры гады былі вельмі насычаныя падзеямі, якія дагэтуль ня ўкладваюцца ў галаве. У якім-небудзь 1989 годзе, напэўна, ніхто не прадбачыў, што ў 1991 годзе СССР распадзецца. Так і цяпер: нельга нічога выключаць. Але, калі разважаць статыстычна, на падставе тых дадзеных пра грамадзкую думку ў 2023 годзе, якія цяпер маем, то прадказваць кардынальныя зьмены ў 2024 годзе не выпадае.
"Свабода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия