Актывісты Руху «За Свабоду» правялі даследаванне грамадскай думкі ў сямі раёнах Гродзенскай вобласці.

У працэсе даследавання былі апытаныя 635 чалавек, у роўных суадносінах мужчыны і жанчыны. Апытаныя людзі з розных узроставых груп з перавагай людзей сярэдняга ўзросту (30-49 летнія складалі каля 50%). 61% апытаных складалі працуючыя людзі, 16% — студэнты, 10% — пенсіянеры, 12% — беспрацоўныя.

Выбары? Якія!?

На пытанне «Ці ведаеце Вы, якія выбары ў Беларусі будуць бліжэйшымі?» 40% апытаных адказалі, што не ведаюць. Ведалі пра парламенцкія выбары сёлета толькі 29% рэспандэнтаў. Цікава, што 18% апытаных мяркуюць, што ўвосень пройдуць выбары ў мясцовыя саветы. 48 чалавек (8%) адказалі, што ім усё роўна.

Галасаванне як традыцыя

На пытанне «Ці прымаеце Вы ўдзел у выбарах?» 71% апытаных адказалі станоўча. 29% рэспандэнтаў паведамілі, што яны ставяцца да удзелу у выбарах абыякава альбо не бачаць у гэтым сэнсу.

Дэпутат безназоўны

«Ці ведаеце Вы, хто з’яўляецца дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Вашага акругі?» У адказ на пытанне 64% апытаных заявілі, што яны гэтага не ведаюць, яшчэ 26% паведамілі, што яны нікога не выбіралі. І толькі 26 чалавек (4% апытаных) правільна назвалі прозвішча дзеючага дэпутата парламента ад сваёй акругі.

Адзнака «0»

На пытанне «Як Вы ацэньваеце працу дэпутатаў?» больш за палову апытаных (56%) заявілі, што не могуць ацаніць іх дзейнасць, паколькі дэпутаты ПП ні на што не ўплываюць (29%) і пра іх дзейнасці нічога невядома (27%). Прыкладна аднолькавая колькасць рэспандэнтаў (па 16%) ацанілі дзейнасць дэпутатаў станоўча і адмоўна.

Як павінны фарміравацца камісіі

Частка грамадзян выказалася за ўзмацненне празрыстасці працы выбарчых камісій. 39% рэспандэнтаў падтрымалі прапанову аб абавязковым уключэнні ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў кожнага кандыдата. Значная частка апытаных у той жа час адказала, што іх задавальняе існуючы стан рэчаў (23%) або ім гэта абыякава (22%). 16% апытаных выступілі супраць такой ініцыятывы, паколькі, на іх думку, у камісіях павінны быць толькі «надзейныя» людзі.

pyx.by