Партал catholic.by надрукаваў артыкул пра пілігрымку, якая адбылася ў Ваўкавыскім раёне.
Многія пілігрымы ў летні перыяд спяшаюцца ў росіцкі санктуарый Езуса Журботнага. З 1618 г. у росіцкім касцёле ва ўрачыстасць Спаслання Духа Святога адбываюцца адпусты. Таксама прыгожай традыцыяй сталі харызматычныя рэкалекцыі, якія штогод летам праходзяць у Росі і склікаюць тысячы вернікаў. 3–5 жніўня 2012 г. адбылася ХІ Пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый.
Цуды, звязаныя з фігурай Езуса Журботнага ў росіцкім касцёле, пачаліся з падзеі, калі сляпая жанчына паспавядалася перад фігурай падчас ранішняй святой Імшы, мяркуючы, што перад ёю святар, і атрымала адпушчэнне грахоў. Калі ксёндз, які ўдзяляў ёй Камунію, спытаў, у каго яна спавядалася, жанчына адказала: «Той спаведнік, які сядзіць у бабінцы, выслухаў споведзь і, калі даў мне адпушчэнне, — пачала бачыць». Факт споведзі пацвердзілі ўсе прысутныя на Імшы людзі, і з таго часу цуды і звязаныя з гэтым ласкі пачалі пашырацца сярод вернікаў парафіі і ваколіц.
ХІ Пешая пілігрымка з Гродна ў санктуарый Езуса Журботнага распачалася ранішняй святой Імшой у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі. Памаліцца разам з падарожнікамі прыйшлі і тыя, хто з-за слабога здароўя або абавязкаў не змог удзельнічаць у вандроўцы. У гаміліі падчас літургіі кс. Юрый Марціновіч, узгадваючы дэвіз пілігрымкі: «Езус — наша надзея і супакой», адзначыў, што Езус Журботны, які запрасіў вернікаў да ўдзелу ў падарожжы, «сапраўды ўносіць у сэрца кожнага пілігрыма супакой».
Колькасць пілігрымаў налічвала каля 300 чалавек, якія прасілі Бога аб патрэбных дарах і ласках для сваіх блізкіх і ўсяго свету. Асаблівасцю сёлетняга падарожжа стала тое, што ў ім ўдзельнічалі шмат маленькіх дзяцей, якія разам з бацькамі маліліся аб лепшай будучыні для нашай краіны. Адна жанчына прызналася, што не можа пакінуць сваю 5-гадовую дачку дома, і, хоць ведае, што ісці такі працяглы шлях той будзе цяжка, але жадае вучыць сваё дзіця малітве і паслухмянасці Пану Богу ад самага дзяцінства.
У пілігрымцы ўдзельнічалі вернікі не толькі з Гродзенскай, але і з Пінскай дыяцэзіі і Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, а таксама 4 святары, 5 семінарыстаў і 3 сястры законныя. Сярод падарожнікаў была створана група маўчання — так званая Пустыня, і многія, хто хацеў у цішыні спаткаць Хрыста і пачуць Яго голас, праводзілі вандроўку ў маўчанні і засяроджанні.
Па традыцыі маршрут праходзіў праз парафію ў Квасоўцы, дзе пілігрымы спыніліся на абед, Вялікія Эйсманты і Рэплю. Мясцовыя вернікі выходзілі на дарогу, каб ля прыдарожнага крыжа прывітаць вандроўнікаў, дзяліліся дарам свайго сэрца, рыхтуючы пачастунак, і разам з пілігрымамі маліліся.
У санктуарый пілігрымы прыбылі 4 жніўня. Пры ўваходзе ў святыню вернікаў прывітаў кусташ кс. Чэслаў Паўлюкевіч. Узрушальным для ўсіх быў момант адкрыцця фігуры Езуса Журботнага. Многія прарабілі гэты цяжкі шлях, каб дасягнуць мэты і даверыць Хрысту свае просьбы, ахвяраваць праблемы і цяжкасці, выказаць інтэнцыі ўсіх, хто прасіў аб малітве.
Суботні вечар у санктуарыі быў напоўнены малітвай. Ксёндз Чэслаў Паўлюкевіч выступіў з канферэнцыяй, адзначыўшы: «Мы павінны заўсёды шукаць Езуса і пасвячаць гэтаму сваё жыццё. Чалавек не можа крочыць шляхам праўды, калі прабывае ў мроку граху». Паратунак, па словах святара, чалавеку можа даць толькі Езус.
Падчас чування да вернікаў звярнуўся Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які, згадваючы дэвіз пілігрымкі, заахвоціў хрысціянаў быць у ХХІ стагоддзі надзеяй для свету і несці супакой туды, дзе яго не хапае. Чуванне, адарацыя Найсвяцейшага Сакрамэнту, прыгожы спеў — усё перажывалася вернікамі ў духу засяроджання і малітвы.
Урачыстасці ў Росі завяршыліся 5 жніўня Імшой, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч. «Сёння мы прыходзім да Езуса, які і ў наш час пакутуе з-за нашых грахоў. Прыходзім, каб адшукаць позірк духа, каб убачыць іншага чалавека», — адзначыў іерарх.
Ксёндз Раман Катлімоўскі ў гаміліі падкрэсліў, што Езус корміць свой народ сваім Целам. «Надзея — маці мудрых. Мудрых, якія згінаюць калені прад Богам, абіраючы Езуса сваім Панам і кіраўніком зямной пілігрымкі», — адзначыў святар.
Літургію ўпрыгожваў спевам хор «Vox Domini» з гродзенскай парафіі Найсвяцейшага Адкупіцеля. На заканчэнне ўрачыстасці адбыўся канцэрт моладзевага гурту «MAJ» з парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.
ХІ Пешая пілігрымка Гродна — Рось завяршылася. Як адзначыў напрыканцы святой Імшы біскуп Кашкевіч, «скончыўся час прабывання ў духоўным санаторыі, і мы, наладзіўшы свае „акумулятары“, вяртаемся да сваіх абавязкаў і справаў».
Застаецца чакаць плёнаў гэтай пілігрымкі. Аднак, напэўна, толькі Бог ведае, як шмат прынесла гэтае падарожжа вернікам. Магчыма, многія знайшлі адказ на турбуючыя іх пытанні, многія атрымалі ласку прабачэння і паяднання. Шматлікія вернікі прыступілі да сакрамэнту пакаяння і да святой Камуніі. Верагодна, сярод пілігрымаў былі і такія, хто знайшоў сілы, каб падняцца з граху, парваць з нейкай слабасцю.
Дзякуем усім, хто ўдзельнічаў у падрыхтоўцы пілігрымкі, пілігрымкавым службам, парафіям, якія прымалі падарожнікаў на абед і начлег. Няхай Бог аддзячыць таксама ўсім спонсарам і ахвярадаўцам. Дзякуем пілігрымам за іх чарговае сведчанне веры.
Сёння, 6 жніўня, запрашаем усіх удзельнікаў вандроўкі на супольную падзяку за ХІ Пешую пілігрымку Гродна — Рось у парафіі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Гродне.
Праграма сустрэчы:
19.00 — святая Імша падзякі за ХІ Пешую пілігрымку Гродна — Рось у інтэнцыі ўсіх пілігрымаў і ахвярадаўцаў
20.00 — супольная вячэра, спевы і танцы.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия