Замест «гісторыі Беларусі» 10-клясьнікі будуць вывучаць «Гісторыю Беларусі ў кантэксьце ўсясьветнай гісторыі». Расказваем, як у краіне пастаянна перапісваюцца падручнікі па гісторыі і зьмяняюцца праграмы.
Сёлета ў 10-клясьнікаў на тыдзень быў адзін урок «Гісторыі Беларусі» і адзін — «Усясьветнай гісторыі». З новага навучальнага году замест іх зьявіцца новы прадмет: «Гісторыя Беларусі ў кантэксьце ўсясьветнай гісторыі». У тых, хто вывучае гуманітарныя прадметы на базавым узроўні, будзе два ўрокі на тыдзень, у профільнікаў — чатыры.
Новаўвядзеньне анансаваў у студзені 2024 году міністар адукацыі Андрэй Іванец.
«Менавіта гэтага інтэграванага ўяўленьня аб гістарычным працэсе не хапала сыстэме адукацыі...» — паведаміў міністар.
Ён таксама паабяцаў «падручнік новага пакаленьня, які дакладна будзе прыемна ўзяць у рукі».
Выданьня з «інтэграваным уяўленьнем аб гістарычным працэсе» пакуль ніхто ня бачыў, але ў праграмы Мінадукацыі для 10 клясы зьмены ўжо ўнесьлі.
Больш пільная ўвага на гісторыю Беларусі пасьля 2020-гаКандыдат гістарычных навук, сябар Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксандар Пашкевіч кажа, што пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады заўсёды быў курс на карэктаваньне падручнікаў па гісторыі Беларусі. Тых, якія зьявіліся ў першыя гады незалежнасьці, калі праводзілася палітыка нацыянальнага адраджэньня, дэкамунізацыя ў сыстэме адукацыі і калі нарэшце адышлі ад старых догмаў.
«З тых падручнікаў штосьці было выхалашчана, але ўсё ж яны не былі такія, як у савецкі час, дзе ўсе важныя падзеі адбываліся ў Маскве, а Беларусь паказаная на нейкім маргінальным узроўні. Так, былі выкінутыя старонкі пра тое, што станоўчага было ў часы Рэчы Паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага. Але ўсё адно гэта былі падручнікі асобнай краіны, асобнай нацыі.
Пасьля 2020 году на падручнікі па гісторыі Беларусі зьвярнулі больш пільную ўвагу, і цяпер мы назіраем спробы выкінуць усё, што сее крамольныя думкі. Рэжым Лукашэнкі, які ў 2020 годзе зазірнуў беларусам у вочы і зразумеў, што ніякай маральнай падтрымкі ў грамадзтва да яго няма, спрабуе абгрунтаваць сваё імкненьне захаваць уладу спасылкай на нейкія гістарычныя моманты. Праводзіць адпаведную палітыку, якая адбіваецца ў тым ліку і на школьнай адукацыі», — мяркуе гісторык Аляксандар Пашкевіч.
На ягоную думку, часьцяком самі стваральнікі новых падручнікаў ня маюць цьвёрдага ўяўленьня, дакладнай канцэпцыі, што пакінуць, а што перапісаць.
«Бо ў краіне няма яскрава выражанай, уцямнай ідэалёгіі. А рэжым Лукашэнкі хоча толькі захаваць уладу любой цаной. Таму і зьяўляецца тэндэнцыя перайсьці цалкам на расейскае сьветабачаньне, расейскае адлюстраваньне, і гэта, на жаль, цалкам магчыма. Адбываецца таталітарызацыя адукацыі паводле блізкіх цяперашняй уладзе савецкіх узораў. Вось і прыдумляюць падручнікі з «інтэграваным уяўленьнем аб гістарычным працэсе», — мяркуе гісторык Аляксандар Пашкевіч.
«Алергія на Каліноўскага ў Маскве»У 11 клясе прадмет «Гісторыя Беларусі» ў новым навучальным годзе застанецца. Навучаньне пакуль будзе адбывацца па праграме і падручніках, якія зьявіліся пасьля падзей 2020 году. Але міністар Іванец паведаміў, што паралельна распрацоўваецца дапаможнік і для 11-й клясы. То бок праз тры гады пасьля зьяўленьня падручніка яго ўжо перапісваюць.
Па словах міністра Іванца, у дапаможніку будуць зьвесткі пра пратэсты 2020 году, рэфэрэндум 2022-га, наступныя выбары. Прычым на гэтыя тэмы неабходна адвесьці цэлы разьдзел, а ня пару старонак. Каб «школьнікі разумелі: гісторыя творыцца тут і цяпер».
Аўтары новага дапаможніка праводзяць прамыя паралелі паміж калябарацыяністамі часоў Другой усясьветнай вайны і пратэстоўцамі з нацыянальнымі сьцягамі супраць гвалту ў 2020-м. Нацыянальная сымболіка ў падручніках і для 10-й, і для 11-й клясы будзе называцца «нацысцкай», паведамляла «Мінская праўда».
У падручніку для 11-й клясы «Гісторыя Беларусі. ХІХ — пачатак ХХІ стагодзьдзя», выдадзеным у 2021 годзе, цэлая старонка, да прыкладу, прысьвечана паўстаньню 1863–1864 гадоў. Замест звыклага для беларусаў Кастуся Каліноўскага «старшынём ЛПК стаў Вікенці Канстанцін Каліноўскі». Узгадваецца і шляхта, у якой не было адзінства. Аўтары падручніка сьцьвярджаюць, што «В.К. Каліноўскага за яго радыкальныя погляды адхілілі ад кіраўніцтва». Далей адзін абзац пра тое, як на барацьбу з паўстанцамі была скіраваная 200-тысячная расейская армія і што новым генэрал-губэрнатарам быў прызначаны М.М. Мураўёў. Што стала з Каліноўскім — пра гэта ў падручніку ні слова. Але ўсё ж яго імя прынамсі названа.
На думку гісторыка Аляксандра Пашкевіча, такія постаці, як Касьцюшка і Каліноўскі, упісваліся ў савецкую ідэалёгію і тэорыю клясавай барацьбы і ў Беларусі, і ў Расеі.
«Гэта былі дзеячы, якія выступалі супраць царызму. Штосьці зь іх дзейнасьці замоўчвалася, але іх постаці прысутнічалі. Каліноўскі — рэвалюцыянэр-дэмакрат, быў за сялянства, супраць шляхты. Ён ішоў у правільным кірунку, але рана загінуў. І ўвогуле ўмовы яшчэ не дасьпелі.
Такія пэрсанажы былі і ў расейскай гісторыі — кшталту Герцэна, Агарова. Цяпер гэтай ідэалёгіі ўжо там няма, там вярнуліся да імпэрскай ідэі. Калі людзі, якія выступалі на пэўным этапе супраць Расеі, прызнаюцца ворагамі. А той жа Каліноўскі выклікае вялікую алергію ня толькі ў Маскве, але і сярод тутэйшых русафілаў, кшталту Гігіна ды іншых», — кажа Аляксандар Пашкевіч.
Да таго ж Каліноўскі стаў цяпер сымбалем альтэрнатывы Лукашэнку, ягонаму рэжыму, і нават беларукі полк, які ваюе ва Ўкраіне, носіць яго імя, заўважае гісторык. Таму змаганьне супраць Кастуся Каліноўскага выглядае лягічна. Зусім прыбраць з падручнікаў пакуль не атрымліваецца, таму інфармацыю пра яго там зьвялі да мінімуму.
«Цяпер ствараецца агульнае бачаньне, збліжэньне поглядаў на гісторыю з Масквой: зьяўляюцца і агульныя падручнікі, і агульная тэрміналёгія, і новыя паняцьці, падобная ацэнка дзеячоў і падзей. Улічваючы і татальную залежнасьць рэжыму Лукашэнкі ад Пуціна, і жаданьне Лукашэнкі зьнішчыць сваіх унутраных апанэнтаў любой цаной, тэндэнцыя гэта ня вельмі радасная», — робіць выснову сябра Беларускага інстытуту публічнай гісторыі Аляксандар Пашкевіч.
"Свабода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия