Каталіцкі партал «Слова Жыцця» піша пра новага віцэ-афіцыяла касцёльнага суда у Гародні, які нарадзіўся на Ваўкавышчыне.
— Ксёндз Павел, некалькі слоў пра сябе. Прадстаўцеся, калі ласка, нашым чытачам.
— Сардэчна вітаю ўсіх чытачоў “Слова Жыцця” і ксяндза рэдактара. Я паходжу з парафіі імя НПМ у Вярэйках. Нарадзіўся 16 мая 1979 г. у Пажарках. Адразу ж пасля заканчэння школы паступіў у Гродзенскую вышэйшую духоўную семінарыю. У перыяд семінарыйнай фармацыі скончыў курс рэстаўратараў і спецыялістаў па сакральным мастацтве ва ўніверсітэце імя М. Каперніка ў Торуні, а таксама курс па праблемах алкагалізму і Апостальства цвярозасці ў Закрочыме. Пасля заканчэння семінарыі ў 2001 годзе я як клерык быў накіраваны на літургічна-душпастырскую практыку ў парафію Узвышэння Св. Крыжа ў Лідзе. 16 лістапада 2002 года быў пасвечаны ў дыякана, пасля чаго далей нёс Божую службу ў лідскай Фары. У гэтай жа парафіі быў мой першы, хоць і кароткі, бо толькі 3 дні, вікарыят. Пасля святарскіх пасвячэнняў, якія 24 мая 2003 г. мне ўдзяліў наш ардынарый кс. бп Аляксандр Кашкевіч, я быў прызначаны вікарыем лідскай Фары. Адразу пасля гэтага мяне перавялі на вікарыят у парафію св. Космы і Дам’яна ў Астраўцы, дзе я быў больш за два гады. У 2008 годзе кс. бп Аляксандр Кашкевіч накіраваў мяне ў Люблінскі каталіцкі ўніверсітэт для атрымання ступені магістра-бакалаўра кананічнага права. Я скончыў яго ў 2008 годзе абаронай магістэрскай працы “Прававая сітуацыя Каталіцкага Касцёла ў Рэспубліцы Беларусь” і бакалаўрскім экзаменам. Цяпер я вучуся на IV курсе аспірантуры на тым жа факультэце і рыхтую кандыдацкую дысертацыю на тэму нашай Канферэнцыі Біскупаў. Акрамя гэтага, з мінулага года я выкладаю кананічнае права ў Катэхетычным каледжы імя б-па З. Лазіньскага ў Баранавічах. †
— Якія функцыі і абавязкі выконвае ў касцёльным судзе віцэ-афіцыял?
— Як вынікае з самой назвы, віцэ-афіцыял з’яўляецца памочнікам афіцыяла. Паводле касцёльнага закону ён прызначаецца тады, калі афіцыял не можа эфектыўна працаваць у сувязі са значнай колькасцю спраў, якія разглядаюцца біскупскім судом, або па тэрытарыяльных прычынах. Нягледзячы на тое, што віцэ-афіцыял дзейнічае пад кіраўніцтвам афіцыяла, ён цалкам незалежны ў давераных яму справах. Гэтак жа, як і афіцыял, ён забяспечвае дзейнасць су-дзебнага працэсу, г.зн. прызначае судзейскі склад, узначальвае калегіяльны трыбунал, сочыць за ходам усіх працэсуальных дзеянняў падчас трывання су-дзебнага працэсу.
— Чым, на Ваш погляд, з’яўляецца праца ў касцёльным судзе?
— На маю думку, працаваць у касцёльным судзе – значыць стаяць на варце асабістых правоў чалавека, якія вынікаюць з яго прыналежнасці да рыма-каталіцкага Касцёла, а таксама не дапускаць парушэння супольных каштоўнасцей Касцёла, якім з’яўляецца збаўленне душ і скарбніца Святых Сакрамантаў.
— Якія задачы ў касцёльнага суда?
— Як я ўжо адзначаў, задачай касцёльнага суда з’яўляецца ахова асабістых правоў католіка і чуванне над супольнымі каштоўнасцямі Касцёла. Гаворка ідзе пра вырашэнне ўсіх спрэчных спраў і пра акт правасуддзя. Касцёльны суд разглядае не толькі сямейныя справы, але і ўсе спрэчныя справы, якія адбываюцца ў супольнасці хрысціян-католікаў.
— Як Вы лічыце, ці ведаюць і разумеюць людзі кананічнае права?
— Зыходзячы з вопыту, атрыманага ў зносінах з людзьмі пры розных абставінах, як і падчас лекцый у Баранавічах, я вымушаны прызнаць, што людзі ў большасці сваёй не ведаюць пра існаванне кананічнага права. А тыя, хто штосьці пра яго чуў, адносяць яго выключна да касцёльнай іерархіі.
— З вопыту Вашай практыкі падчас навучання ў Польшчы, якіх спраў у судзе больш за ўсё?
— Гэта, безумоўна, справы аб прызнанні несапраўднасці сужэнства. Хаця сустракаюцца таксама выпадкі дыспэнсы ад недапоўненага сужэнства, справы адносна асобнага пражывання сужэнцаў.
— У Беларусі прызнанне сужэнства несапраўдным стала модным?
— Я не ведаю, ці можна сказаць “модным”. Аднак людзі дастаткова часта, пры розных нагодах, пытаюць, як гэта можна вырашыць, бо дзесьці чулі, што ў біскупа ёсць суд, які займаецца падобнымі справамі.
— Я чуў, што працэс прызнання сужэнства несапраўдным доўжыцца вельмі доўга.
— Згодна з правіламі кананічнага права і інструкцыі “Dignitas connubi”, справа прызнання несапраўднасці сужэнства не павінна доўжыцца больш за адзін год у першай інстанцыі і шэсць месяцаў у другой інстанцыі. Аднак на самай справе судовы працэс можа цягнуцца нават некалькі гадоў. Да падаўжэння працягласці працэсу прыводзяць некаторыя ўмовы. Па-першае, даецца ў знакі недахоп святароў; суддзі павінны выконваць свае фунцыі, аб’ядноўваючы іх з абавязкамі пробашчаў парафій. Такая сітуацыя значна абмяжоўвае іх у выкананні функцыі суддзі, таму што пастырская служба, скіраваная на тое, каб прывесці парафіян да збаўлення, забірае большую частку сіл і часу ксян-дза. Па-другое, адсутнічае належная зацікаўленасць бакоў. Часта можна сустрэць сітуацыю, калі асоба, якая звяртаецца ў суд, перастае прымаць актыўны ўдзел у падрыхтоўцы да судовага працэсу пасля падачы іску. І тады суд праз пробашчаў ці асабіста павінен дабірацца да адказчыка, сведкаў, да іншых матэрыялаў суда, якія без удзелу зацікаўленай асобы нярэдка з’яўляюцца недаступнымі.
— З чаго, такім чынам, неабходна пачаць працэс заключэння аб несапраўднасці сужэнства?
— Безумоўна, з кансультацыі ў пробашча, які падкажа, што рабіць далей.
— Чаму людзі хочуць разрываць тое, што “Бог аб’яднаў”? Можа, гэта вынікі ўплыву амерыканскіх фільмаў, культуры ці іншых праблем?
— Можа таму, што людзі не былі ў стане зразумець шлюб як крыж адказнасці за іншага чалавека. Тых жа, хто хоча прызнаць сужэнства несапраўдным, у большасці сваёй пабуджае да гэтага жаданне ўпарадкаваць перад Богам і людзьмі свае новыя сем’і, а таксама жаданне весці сакраментальнае жыццё.
— Які рэцэпт шчаслівага і ўдалага шлюбу?
— Хіба ў ліпені ў адной з парафій нашай дыяцэзіі я прымаў удзел ва ўрачыстасці 60-годдзя аднаго сужэнства. Я лічу, што гэтае пытанне можна было б накіраваць той сям’і. Расказваючы пра сябе, яны сказалі, што ніколі не занядбалі супольную малітву, споведзь і касцёл.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия