Са сцяны Новага замка ў Гродне знікла драўляная мемарыяльная шыльда, прысвечаная перабыванню ў Гродне нацыянальнага героя Тадэвуша Касцюшкі, піша Hrodna.life.
Размяшчалася яна злева ад цэнтральнага ўваходу ў Новы замак і была ўсталяваная ў 1994 годзе. Са сцяны замка яе знялі ў сярэдзіне красавіка — прыкладна тыдзень-паўтара таму.
Шыльда прысвячалася падзеям паўстання 1794 года пад кіраўніцтвам Касцюшкі. Тады ў замку працавала Паўстанцкая парадкавая камісія, быў там і сам Касцюшка. 30 кастрычніка 1794 года ён правёў у каралеўскім палацы нараду з кіраўнікамі паўстанцкіх атрадаў Вялікага Княства Літоўскага.
Варта дадаць, што месяц таму, 24 сакавіка, акурат споўнілася 230 гадоў з пачатку паўстання Касцюшкі.
Андрэй Тадэвуш Банавентура Касцюшка (1746−1817) — ураджэнец Беларусі. Ён лічыцца нацыянальным героем у Беларусі, ЗША, Літве і Польшчы.
Супраць памяці Касцюшкі актыўна ваюе прарасійская актывістка Вольга Бондарава з Гродна. Улетку 2023-га яна папрасіла Гродзенскі гарвыканкам прыбраць са спісу знакавых для горада людзей у Цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэме Гродна імя Кастуся Каліноўскага, а потым — і Тадэвуша Касцюшку. Першага яна назвала "польскім тэрарыстам", другога — "змагаром за Польшчу супраць Расіі". Абедзве згадкі зніклі з сайта ЦБС праз пару дзён.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия