На спартыўнай пляцоўцы САШ г.п. Краснасельскі 28 і 29 красавіка адбыўся чарговы 29-ты Міжнародны юнацкі турнір па гандболу прысвечаны памяці піянераў-падпольшчыкаў в. Карпаўцы. Дзве каманды гаспадароў 1996-1997 і 1995 гадоў нараджэння (апошняя выступала па-за конкурсам) спаборнічалі з калектывамі з Эйшышкіса (Літва), Гродна, Баранавіч і Зэльвы. Нягледзячы на пранікнёныя словы падтрымкі дырэктара школы Чупрэты А.У., прысутнасць спартыўнага кіраўніцтва раёна Жэшка Ю.У. і Беразоўскага В.Д. мясцовыя гандбалісты (якіх трэніравалі Кітаеў і Акалот М.А.) здолелі паказаць толькі трэці вынік. Першыя дзве прыступкі заваявалі каманды Эйшышкіса і Гродна (СДЮШАР-8), у тым ліку дзякуючы кваліфіцыраванаму арбітражу галоўнага суддзі Папко А.А., сакратара Пайлака Дз.Дз., суддзяў Чарвоніка А.А. , Патула Д.М., Варапая А.А. Прыемна адзначыць што для нашых трэнераў і педагогаў прынцыпы “чэснай гульні” бліжэй, чым для суддзяў самага высокага сусветнага ўзроўню. Дзякуючы падтрымцы ПУП “Цэмстрой” і СДЮШАР-2 г. Ваўкавыск кожная з трох лепшых каманд атрымала кубак, а іх спарцмены медалі і дыпломы. У складзе кожнага калектыва (у тым ліку заняўшых 4-5 месцы) былі вызначаны па два лепшых юнака, якія атрымалі каштоўныя падарункі. Гэта павінна дапамагчы і далей заахвочваць моладзь да заняткаў спортам.
Гандбольныя традыцыі ў Краснасельскім заснаваў Аляксандр Аляксандравіч Папко каля 40 год таму назад, калі, маючы баскетбольную кваліфікацыю, малады спецыяліст захапіўся новым відам спорту. Пасля ён пазнаёміўся з такім жа апантаным аматарам гульні з мячом Радкевічам Антонам Феліксавічам, які рабіў першыя крокі ў Эйшышкісе. Вынікам сяброўства сталі рэгулярныя сутрэчы паміж выхаванцамі педагогаў-трэнераў.
Заўчасная смерць Заслужанага трэнера Літвы, Заслужанага дзеяча культуры Радкевіча А.Ф. не абарвала сувязі. Сярод прыехаўшых на пахаванне беларусаў, якія не маглі не аддаць даніну памяці сябру і паплечніку, выступіў Шчэсюк Р.М. які заклікаў працягваць традыцыю турніраў. Таму вясной школьнікі Ваўкавышчыны (у складзе каманды Краснасельскага даўно выступаюць дзеці з Росі) і Эйшышкіса наведваюць адзін аднаго. З 5 па 8 мая наша каманда ў чарговы раз наведае гасцінных суседзяў.
Аднак не магчыма не прызнаць, што ў Літве больш увагі надаецца спаборніцтву. Усё кіраўніцтва Эйшышкіса маральна і матэрыяльна падтрымлівае турнір, разам з жыхарамі горада і нават каталіцкім святарствам асабіста прысутнічаючы на гульнях. У выніку там рэгулярна ўдзельнічаюць каманды юнакоў і дзяўчат з іншых куткоў Літвы, з Польшчы. На жаль, у Краснасельскім вось ужо 4 гады не спаборнічаюць прадстаўнікі прыгожай паловы, і польскія госці больш не запрашаюцца. Трэба дзякаваць нешматлікім энтузіастам і спонсарам, што турнір, які паступова згасаў у складаныя 1990-я гады і нават пэўны час не праводзіўся, быў адроджаны.
Карысць ад традыцый гандбола ў нашай мясцовасці вялікая. Дзеці не толькі далучацца да здаровага ладу жыцця, цікава бавяць час, вучаца пераадоленню ўласнай ляноты, знаходзяць сабе новых сяброў. Існуе рэальная магчымасць зрабіць кар’еру спарцмена, пра што сведчаць капітан зборнай Беларусі Ірына Калпакова-Чарняўская, ігрок зборнай Бобрык Таццяна, прафесіяналы Сцельмашок Таццяна, Вайтулевіч Андрэй, Навіцкі Андрэй. А браты Янкоўскія з Росі сёння з’яўляюцца капітатам гродзенскага “Кронана” (Сяргей), іграком легендарнага “СКА” (Дзяніс).
Неабходна каб наступны турнір выклікаў увагу не толькі спонсараў, але таксама і нашых землякоў, якія амаль не прыходзяць “хварэць” за сваіх дзяцей.
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия