13-14 cакавіка хакеісты г.п. Краснасельскага адстойвалі гонар Ваўкавыскага раёну на “Залатой шайбе” у г. Лідa.
Вялікі дзякуй Ваўкавыскаму раённаму фізкультурна-спартыўнаму клубу, Святлане Генадзьеўне Сідаркевіч за тое, што былі выдаткаваны значныя сродкі, якія дазволілі пасяліць каманду ў цудоўным гатэлі з вельмі камфортнымі ўмовамі. Так, мы зноў прайгралі ўсе тры гульні: Карэлічам і Лідзе па 2:5, Смаргоні 0:2. З усімі камандамі мы мелі шансы, аднак у нас было толькі 8 чалавек, якія на роўных маглі змагацца з лідэрамі, з якіх Краўчук Дзмітрый атрымаў моцны ўдар па руцэ і не здолеў больш дапамагчы камандзе.
Вельмі непрыемна склалася гульня з Карэлічамі. Пасля лёду возера Баклахі была цяжка адразу прыстасавацца да лідскай пляцоўкі, што прывяло да першай шайбы ў нашы вароты. Аднак пасля каманда выправіла гульню, забіла, і да канца другога перыяду лік быў роўны. Апошнія хвіліны сталі вельмі цяжкімі, было відавочна, што вопытны супернік карыстаецца нашай нешматлікасцю і дажымае нас. Аднак, як на ліха, не было паўз, мы ўсёй камандай прасілі тайм-аўт, каб зрабіць замену і перадыхнуць, але прапусцілі. Табло памылкова паказала, што засталася толькі адна хвіліна і мы выпусцілі аднаго абаронцу і 4 нападаючых, рызыкнулі і атрымалі трэцюю шайбу. Гульня была зроблена, і мы далі шанс праявіць сябе запасным, якія сваёй стараннасцю не далі ліку стаць ганебным.
На савеце каманды было вырашана змяніць тактыку і з самага пачатку да больш вопытных увесь час далучаць тых, каго знайшлі ў гэтым годзе і даць магчымасць большага адпачынку лідэрам. У выніку ў нас хапіла сіл на ўсю гульню з вельмі моцнай Лідай (якая перамагла тыя ж Карэлічы 6:0) і ў канцы мы здолелі з 4:0 зрабіць лік даволі прыстойным.
Вечарам нас чакаў адпачынак у цудоўных умовах гатэля “Экватар” і спачатку мы лічылі, што не заслужылі на такі камфорт. Аднак гульня са Смаргонню асабіста мяне, выконваючага абавязкі трэнера, пераканала, што мае дзеці мелі права на такую павагу. З камандай, якую прывязлі два трэнеры, якая мае не адзін камплект прыстойнай варатарскай формы і трэнера, які ад страху перад намі зацята ганяў на размінцы сваіх дзяцей па трыбунах, мы біліся да апошняга. Напрыканцы лік быў 0:1, але мы ўжо раз трапілі ў штангу і атрымалі права на гульню ў большасці. Аднак сіл ужо не было, Краўчук Дз. рваўся на лёд, аднак вырашылі паберагчы яго руку. Пасля другой прапушчанай шайбы на дзяцей не было як глядзець, усе бачылі, што шанс быў, аднак нам нехапіла хаця б аднаго чалавека. Калі мы ў вельмі распачлівым стане праходзілі каля сапернікаў, іх трэнер спытаўся, колькі раз на год нас вывозяць у лядовы палац і чаму ён раней не ведаў, што Ваўкавыск мае такую каманду. У чалавека быў шок, калі мы яму адказалі, што нас не тое што ў лядовыя палацы ніхто не возіць, у нас, жыхароў г.п. Краснасельска, няма нават хакейнай каробкі і трэніроўкі адбываюцца на возеры Баклаха пад кіраўніцтвам настаўніка гісторыі і кіраўніка гуртка па інтэлектуальным гульням.
Мы чакалі апошнюю гульню за перадапошняе месца на турніры. Аднак каманда Мастоў паехала дахаты і нам яго прысудзілі аўтаматычна. Краснасельцы, разам з прадстаўніком спартыўнага клуба Святланай Яўгенаўнай Баханок (якая сапраўды была адным з нас і шчыра дапамагала і падтрымлівала), пачалі ўпрошваць даць нам магчымасць згуляць з любой іншай камандай. Як сказаў Ваня Ушчанка, лепш згуляць і прайграць, чым атрымліваць перамогу на паперы. Трэнер Кастрычніцкага раёну Гродна згадзіўся стаць нашым супернікам (яны ўжо выйшлі ў паўфінал) і адзін суддзя таксама не здолеў адмовіць, гледзячы ў прасячыя вочы нашых дзяцей. Аднак лёд каштуе грошай, расклад турніру змяняць не сталі і два другіх члена калегіі нам адмовілі. Хто ўважліва чытае дадзены артыкул, зразумее наш стан, калі мы ішлі ў аўтобус. І тут нас дагнаў трэнер Бераставіцы, які прапанаваў на наступную зіму прыязджаць адзін да аднаго на на таварыскія сустрэчы. Мы з сорамам сказалі, што у нас няма каробкі і мы зможам прыняць гасцей толькі на возеры, дзе неякасны лёд і няма бартоў. Аднак пачулі, што ён і яго хлопцы згодны гуляць з намі ў любых умовах і запросіць нас адразу, як толькі здолее заліць лёд.
Наш настрой значна палепшыўся, мы зразумелі, што нас прынялі ў хакейную сям’ю, нас паважаюць. Таксама прыемна, што трэнеры Шчучына і Карэліч, вялікі ім дзякуй, далі нашаму варатару свае лавушкі, а не тое калецтва, што мы маем. Кіраўніцтва Лідскага ледовага палаца і яго супрацоўнікі ўжо другі раз запар за мізэрны кошт дазволілі нам карыстацца іх канькамі (з якаснай заточкай) і было прыемна бачыць, што яны перажываюць за нашы гульні (зразумела, калі мы не гуляем з самой Лідай).
Будзем спадзявацца, што на наступны год нас чакаюць гульні з Бераставіцай. Усе мае хакеісты (9 чалавек) маюць магчымасць удзельнічаць у “Каласку” 2013 (дай Бог, што ніхто з іх не пераедзе, не пакіне каманду, кожны з іх для мяне на кошт золата), дзе, мы верым, нас чакаюць першыя перамогі. Будзем спадзявацца, што спартыўны клуб арганізуе нам паездку на два дні (згодны начаваць у любых умовах). Калі не купяць прыстойнай лавушкі, мы зноў пайдзем прасіць яе ў іншых, не будзе каробкі, не арганізуюць паездкі на штучны лёд, будзем трэніравацца на радной Баклахе, за свае грошы заточым канькі альбо вазьмем у арэнду. МЫ — КАМАНДА. МЫ — СІЛА. Нам, хакеістам Краснасельска, хопіць і такіх умоваў, і такой колькасці формы (дзякуй, Валчок Раман Эдуардавіч), а клюшкі і шайбы дакупім самі.
А вось што датычыцца кіраўніцтва Ваўкавыскага раёну, якое, я мяркую, слухаць нас не стане, хацелася б растлумачыць становішча. На наступны год у Краснасельскім няма ні аднаго хакеіста, які б быў 1998 года нараджэння і маладзей і “Залатая шайба” пройдзе без нас. Мне сказалі, што хай вязуць на гэты турнір дзяцей Вярэйкі, але калі я спытаўся, ці атрымае што за гэта настаўнік фізкультуры, адказ быў – “нічога”. Ну, дык я мяркую, што ён не будзе такім дурнем як я, які трэніруе, вязе, кантралюе, збірае, чытае спартыўную літаратуру па просьбе дзяцей, прабачце, хакеістаў. Так што, Ваўкавыск, кажы “Бывай “Залатая шайба””, альбо вязі каго-небудзь, каб паўтарылася гісторыя з няшчаснымі, якія прайгравалі 42:0 і атрымалі “ганаровую” мянушку за “хуткасць” “ваўкавыскія ракеты” (кажу з іншых словаў, таму не ведаю, анекдот гэта альбо ганебная праўда).
Так, на сёння ёсць два чалавека, якія трэніруюць дзяцей, ёсць хакеісты прыстойнага ўзроўню, ёсць аснова, якая можа дапамагчы развіццю дадзенага віда спорту ў рэгіёне. Аднак прадстаўнікі іншых раёнаў мне апавядалі гісторыі пра альтруістаў-фанатаў, якія стваралі цудоўныя каманды, дабіваліся значных поспехаў, аднак без падтрымкі ад чыноўнікаў “апускалі рукі” і спынялі працу з дзецьмі. Адзін з трэнераў (дакладней, выконваючы абавязкі трэнера, бо за гэта яму ніхто не плаціў) не кінуў і памёр вельмі маладым чалавекам, а традыцыі хутка (пасля адыходу пакалення хакеістаў) страчваліся. Былі калісьці і вельмі моцныя каманды і Ваўкавыска, і Вярэек, і Краснасельскага, ад якіх засталася толькі памяць, і то мала ў каго.
Але навошта патрэбны гэты хакей? На “Залатую шайбу” я вёз вельмі розных дзяцей, у тым ліку і даволі “няпростых” па характару. Мяне ўжо папярэджвалі “спецыялісты”, што тыя, каго я лічу “КАМАНДАЙ”, падчас начлегу ў прыстойным гатэлю нап’юцца, паб’юцца, паломяць, падставяць. Дзякуй Богу, усе прайшло зусім па іншаму, супрацоўнікам “Экватару”было прыемна прынімаць чыстыя без смецця пакоі і яны запрасілі нас да сябе яшчэ. Я вельмі хваляваўся, аднак я верыў у гэтых дзяцей, і я бачыў, што яны пачынаюць верыць у сябе і сваю будучыню, тыя, у якіх ужо шмат хто не верыць. Яны дабіліся поспеху ў гульні, а значыць у іх ёсць шанс рэалізаваць сябе і ў жыцці. Падлеткі адчулі, што гэты супер-гатэль гэта ўзнагарода за тое, што яны дралі лёд ад снегу на возеры, цягалі на сабе форму, вароты (дзякуй, Пайлак Дзмітрый Дзмітрыевіч), куплялі шайбы, якія лёгка губляюцца ў хмызняку і снезе, біліся да апошняга нават у самых безнадзейных гульнях з падрыхтаванымі хакеістамі, якіх трэніруюць, возяць, экіпіруюць, фінансуюць, заахвочваюць. Дзякуй Вам, Святлана Генадзьеўна Сідаркевіч, якая ўражаная КАМАНДАЙ на “Каласке-2012” паверыла ў нас і сама прапанавала нам гэту “Залатую шайбу” на два дні. Два дні, якія мы запомнім на усё жыццё.
Скончыць хочацца непрыемным, але важным. Я не веру, што ў кіраўніцтва раёна няма сродкаў, каб дапамагчы развіццю хакея, а веру, што не існуе такога жадання. Я не веру, што не было дзяцей, якія не жадалі адгукнуцца на наш заклікі, размешчаныя на рэсурсах сайта і газеце (прадстаўніка якой прыйшлося ну вельмі ўпрошваць надрукаваць матэрыял), я веру, што ёсць бацькі, якім напляваць на фізічнае і маральнае развіццё сваіх дзяцей (адгукнуўся толькі Сяргей, які хоча і трэніруе нашу КАМАНДУ, а таксама прывозіць сваіх хлопчыкаў і дзяўчынку).
Я веру ў тых, хто быў побач. Дзякуй вам сем’і Зарыхта, Хадасевіч, Санцэвіч, Кондак, якія падтрымалі нас, дзякуй Журко Ілля і Лукуць Андрэй за тое ж. Нашы лепшыя хакеісты Каральчук Арцём, Краўчук Дзмітрый, Ушчанка Іван, Штоп Аляксей, Новік Віталь, Севярын Сяргей не мелі б магчымасці добра трэніравацца без нашых сяброў па Баклахе Ефіменка Дзмітрыя, Федаровіча Алега, Болдака Яўгена, Панушкіна Арцёма, Куколя Ігара, Зайцава Аляксея, Жука Андрэя і ўсіх, хто прыходзіў гуляць з намі на возера. Будучае ў тумане, але яно ў нашай КАМАНДЫ ёсць. Дзякуй, за тое, што было!
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия