Прайшло каля 1.5 года з часу як за гродзенскі стадыён «Абутнік» узяліся гарадскія ўлады і футбольны клуб «Нёман». За гэты час на старым стадыёне апілкі з камянямі ператварыліся ў натуральны травянны газон, які неўзабаве зможа прыняць і першыя трэніроўкі.

Адраджэнне стадыёна «Абутнік» пачалося ў траўні 2016 года падчас рэспубліканскага суботніка. Тады ачысцілі тэрыторыю стадыёна ад смецця, якое назбіралася там за доўгія гады. У чэрвені таго ж года на «Абутніку» пасадзілі і першую траву, паведамляе hrodna.life.

Цяпер бачны вынік. З выгляду газон стадыёна нармальны, але вось трэніравацца на ім яшчэ не рэкамендуецца, бо ў некаторых месцах усё яшчэ ёсць праблемы. Вялікая верагоднасць таго, што ўжо ў наступным годзе стадыён здадуць і там пачнуць праходзіць першыя трэніроўкі ў асноўнай каманды «Нёмана».

Даведка

Стадыён «Абутнік» з трыбунай быў пабудаваны ў 1984 годзе для калектыву абутковай фабрыкі і бліжэйшых раёнаў горада. Але за гады спартыўны будынак прыйшоў у заняпад і ў 2013 годзе яго перадалі ФК «Нёман».

Варта адзначыць, што трыбуна стадыёна размяшчаецца на вале былога форта Гродзенскай крэпасці.