20 студзеня адбылася першая за апошнія гады таварыская гульня па хакею паміж хлопцамі з Ваўкавыска і Краснасельскага. Моладзь з горада, што прыехала ў суботу на Вадохрышча, заўважыла некалькі чалавек на каньках і з клюшкамі. Сярод гасцей былі асобы, што не толькі некалі выступалі за наш раён на “Залатой шайбе”, але і сёння ў 25-27 год збіраюцца на лёдзе. У мінулым годзе яны некалькі разоў арганізавалі паездкі ў Пружаны і Бярозаўку ў лядовыя палацы, набылі сабе частку формы.

457

Нягледзячы на розныя справы (у тым ліку і чэмпіянат па інтэлектуальным гульням), краснасельцы вельмі ўзрадаваліся прыезду гасцей і хутка сабралі аптымальны склад (прыйшлі, прыбеглі, прыехалі ўсе лепшыя). Неўзіраючы на патрэсканы лёд, па якому шайба амаль не слізгала, адсутнасць амуніцыі, бартоў, у нас адбыўся сапраўдны матч. Больш дарослыя госці значна паспяховей рэалізавалі свае моманты. Трэба адзначыць, што гульня праходзіла ў карэктнай абстаноўцы, хакеісты імкнуліся не “падымаць” шайбу (краснасельцы наогул без экіпіроўкі, і маглі атрымаць траўмы).

Пасля матчу адбылася шчырая размова паміж хакеістамі. Госці прапанавалі нам збіраць грошы на паездку ў бліжэйшыя лядовыя палацы, аднак тут галоўнае слова павінны сказаць бацькі. Успомнілі мы і каробку ў Ваўкавыску, адзначыўшы яе дрэнны лёд, малы памер і вялікі кошт арэнды.

Спадзяемся, гэта не апошняя сустрэча лепшай часткі нашай моладзі. Прыемна, што ёсць у нашым раёне ініцыятыўныя маладыя людзі. Вось толькі чым займаюцца розныя камітэты і саюзы?

456