Блог Tribuna.com працягвае знаёміцца з самымі актыўнымі карыстальнікамі нашага сайта. Андрэй Колас – пераможца турніра Ліга прагнозаў. Пагутарылі з Адрэем аб тым, як яму гэта ўдалося, і аб шмат чым іншым.
- Раскажыце крыху пра сябе. Чым займаецеся?
– «Здравствуйте! Мне 34 года. Меня зовут Андрей. Я алкоголик» :) Жартую, канешне :) Мне, насамрэч, 34 годы. Я дырэктар турыстычнай фірмы. Таксама я працую выкладчыкам спецыяльных турыстычных дысцыплін (маркетынг у турызме, менеджмент турызма, эканоміка ў сферы турызма і інш). Маю жонку, сына, дачурку і двух катоў :) Жыву ў вёсцы Падароск, Ваўкавыскага раёну, Гродзенскай воласці.
- У Фэйсбуку Вы стварылі клюб у падтрымку шляхецкай сядзібы ў вёсцы Падароск. Раскажыце пра гэтую сядзібу. Якое яна мае для Вас значэнне? Чаму Вы яе хочаце адрадзіць?
– Так. У ФБ ёсць суполка «Маёнтак Падароск». Гэта супока аб шляхецкай сядзібе, дзе мы (я разам з заснавальнікам фірмы) збіраемся адчыніць Музей беларускай шляхты. Справа добрая. У 2013 годзе сядзіба была набыта ў Міністэрства культуры. Нарэшце, ў верасні гэтага года ў сядзібу заехалі будаўнікі. Будзем аднаўляць спадчыну :)
Асноўным сэнсам стварэння і існавання Музея беларускай шляхты я бачу барацьбу з памылковым стэрыятыпам, што беларусы – гэта сялянская нацыя. Асабіста мне як гісторыку крыўдна, што большасць беларусаў не ведае аб існаванні менавіта беларускай шляхты, як саслоўя. Крыўдна, што большасць беларусаў з цяжкасцю назаве некалькі выбітных шляхцічаў. Але ж я веру, што наш Музей дазволіць выправіць гэтыя хібы.
- Дарэчы, у сацыяльных сетках Вы выкарыстоўваеце псеўданім Якуб Колас. Чаму?
– Гэта псеўданім толькі часткова. Маё прозвішча - Колас. Тут ўсё сапраўдна. А вось зваць мяне - Андрэй. Але ж даўно, пры рэгістрацыі ў сацыяльных сетках, я вырашыў «запсеўданіміцца».
- Вось як, цікава. Напэўна, менавіта Якуб Колас Ваш любімы пісьменнік?
–Не гледзячы на тое, што маё прозвішча Колас, мой любімы пісьменнік не Якуб Колас, а Уладзімір Караткевіч. :) Я прачытаў большасць яго твораў, а некаторыя нават перачытваў. :) З замежных пісьменнікаў люблю Рэмарка і Булгакава.
- Давайце звернемся да спорту. Якое месца ён займае у Вашым жыцці?
– Калі можна лічыць рыбалку за спорт, тады вялізарнае :) Насамрэч, калі быў студэнтам, то мяне цікавілі баскетбол і спартыўнае арыентаванне. Нават меў корачку, дзе было напісана 2 разрад :) Нажаль, зараз не хапае сілы волі, каб займацца нейкім пэўным відам спорту нават на аматарскім узроўні. Выключэнне - гэта рыбалка. Зараз я больш падобны да тэле-камп'ютарнага аматара.
- Як вы пазнаёміліся з «Трыбунай»?
– З «Трыбунай»я пазнаёміўся з самага пачатку. Дагэтуль чытаў Goals.by.
- Колькі часу прысвячаеце нашаму сайту?
– На Вашым сайце бываю амаль штодня. Звычайна па 15-30 хв. Можа быць і гадзіна, але ж гэта зрэдку.
- Што на «Трыбуне» любіце чытаць? Ці маеце якога фаварыта з нашых аўтараў?
– Наконт аўтараў, то я не магу вылучыць нікога. Чытаю розных аўтараў. Усе прыблізна аднолькавага ўзроўню. Я не засяроджваю ўвагі на аўтарах, больш надаю ўвагі напісанаму. Хачу параіць рэдакцыі выдаваць на сайт больш аналітыкі, бо "цыцкі, гарэлка і лазня" – гэта, канешне, патрэбна, але ж і пра аналітыку, дасканалыя разборы матчаў, статыстыку і прагназаванне хацелася б грунтоўней і паболей.
- Вы пераможца ў лізе прагнозаў, напэўна, маеце нейкія здольнасці да прадказанняў вынікаў гульняў. Ці спрабавалі рабіць стаўкі на грошы?
– Не, ніякіх здольнасцяў, падобных да Вангі, не маю. У мяне няма трэцяга вока, і я не ўдзельнік перадачы «Бітва экстрасэнсаў» :) Так, я перыядычна раблю стаўкі на грошы. Але ж стаўлю хутчэй на цікавасць, а не для буйнога выйгрышу. У мяне прынцып не ставіць больш 5-10 у.а.
Трэба дадаць, што эксперыментальным шляхам, сачыўшы за каафіцыентамі ў канторах, я прыйшоў да высновы: Калі б я пачаў з першага тура ставіць на беларускі чэмпіянат сістэмай «Галіяф», то напрыканцы чэмпіянату ў мяне б была сума ў 1,5 - 2 разы болей за заяўленую на пачатку. На працягу года я не прапускаў ніводнага туру прагназістаў, але ж стаўкі рабіў не рэгулярна і, паўтаруся, больш для надання цікавасці і адрэналінасці пры праглядзе матча.
- Галоўная праблема для тых, хто гуляе ў лігу прагнозаў, - не забыцца перад пачаткам тура прадказаць вынікі матчаў. Не сутыкаліся з такой праблемай?
– Так, згодны, сутыкаўся, але ж у мінулыя гады. У гэтым годзе праявіў дастатковую самадысцыпліну. Скажам так - самаарганізаваўся, і ўсе 30 тураў рабіў прагноз за некалькі гадзін да пачатку тура. Так, гэта патрабуе пэўнай сканцэнтраванасці на працягу года.
- Усе мы ведаем моўную сітуацыю ў нашай краіне. Нажаль, многіх часта здзіўляе, што хтосьці размаўляе на мове. Вы размаўляеце выключна па-беларуску?
– Не. Выкладаю цалкам на мове. У хаце і на працы размаўляю прыблізна так: 40 % чыста руская мова, 50 % трасянка, 10 % выключна беларуская мова. У інтернэце і ліставанні: 70 % мова, 20 % руская, 10 % трасянка.
Лічу, што трасянка - гэта першы крок да мовы. Беларуская мова ўвайшла ў маё жыццё паступова. Спачатку быў факультатыў з 2 па 4 клас, пасля з 5 класа па 11 заняткі ў школе. Але ж школа дала разуменне мовы, а не карыстанне ёю.
Пасля ў каледжы чытаў беларускую літаратуру і спрабаваў размаўляць на мове на занятках і з беларускамоўнымі сябрамі. Нарэшце, пасля 10 год навучання ў больш-менш беларускамоўных навучальных установах пачаў часам карыстацца мовай у паўсядзённым жыцці.
Фота: Tribuna.com
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия