26 красавіка на турніры памяці Героя Савецкага Саюза Івана Лебедзева сярод юнакоў 2004 года нараджэння адбыліся апошнія матчы. Ваўкавыск-2003, перамогшы Белкард з лікам 1:0, дагнаў Нёман-1 і ў апошняй гульні мог паспрачацца з гаспадарамі за кубак.
І ці дзякуючы прадбачанню арганізатараў, ці жэраб’ёўцы, менавіта апошні матч стаў сапраўды фінальным. Толькі ў выпадку нічыйнага выніку нёманаўцы станавіліся б пераможцамі па лепшай розніцы мячэй (мы забілі толькі 7 галоў, супернік - 30). Аднак ваўкавычане маглі ганарыцца, што да рашаючай сустрэчы прапусцілі аднойчы, таму прыз за лепшую абарону ўручылі брамніку заканамерна стаў нашым.
Пасля складанай гульні з Белкардам, які выставіў супраць нас лепшыя кадры (нам пасля прызналіся, што шэраг недарэчных вынікаў гродзенцаў тлумачыцца рознымі складамі, якія выстаўляліся на гульні, каб і 2004, і 2005 год нараджэння атрымалі гульнявую практыку) некалькі футбалістаў асноўнага складу гулялі з траўмамі. І Нёман-1 адразу паказаў нашыя слабыя месцы: раз - памылка брамніка і 1:0, два – пазіцыйная памылка крайняга левага абаронцы, які на самой справе яшчэ не абаронца, і 2:0. Пасля дзынкнула перакладзіна і падалося, што раздавяць нашу каманду ўшчэнт… Усё, сказалі нам гледачы, вы ўжо другія…
Аднак з гонарам адзначу, што хлопцы сабраліся з апошнімі сіламі, і ў пэўнай ступені выраўнялі гульню, захаваўшы да перапынку не толькі нармальны вынік (2:0), але і нейкія спадзяванні, што яшчэ не ўсё вырашана.
Другі тайм ішоў пад націскам Нёмана, якому мы спрабавалі адказваць контратакамі, якія не вельмі ладзіліся. Некалькі разоў нам пашанцавала, іншымі шанцамі нашы форварды не здолелі скарыстацца. І 3:0 напрыканцы гульні пазбавілі надзеі. І тут сапраўдны капітан Дзмітрый Слесар пакінуў пазіцыю апошняга абаронцы і паспрабаваў сваёй актыўнасцю разварушыць цэнтр поля. Апошнія тры хвіліны змясцілі дзве шалёныя атакі ваўкавычан, якія не здаваліся і марылі забіць… Аднак, памылка перад чужымі брамамі, контратака пісьменных гадаванцаў нашага былога земляка Уладзімера Пятрова, і 4:0.
Ведаеце, можна прайграць безнадзейна. А можна змагацца да апошняга. Трэнеры Гродна былі задаволены не толькі з перамогі, але і цудоўнага спарынгу, які прымусіў іх футбалістаў напружыцца дзеля поспеху. Менавіта мы – Ваўкавыск, сталі адзіным годным супернікам, які на роўных змагаўся з гаспадарамі, якія, кажуць, шчоўкаюць па носу Нёман-2003. І апошні матч стаў сапраўды фінальным.
Трэнеры выказвалі адзін адному рэспект, гарадзенцы і іх бацькі пішчэлі ад шчасця… Нашы ляжалі на паляне цудоўнага манежу, і гэтыя мужыкі, якія нават пасля 0:3 не збіраліся зліваць, як я і марыў, паставілі прыгожую кропку. Кропку ў цудоўнай прыгодзе, якая здарылася з ваўкавыскімі пацанамі і скончылася прыемнымі словамі спецыялістаў (у вас класная каманда), двума кубкамі, медалямі, дыпломам…
Мы зарэкамендавалі сябе якасным спарынг-партнерам, які гуляе сам і дае паказваць свае лепшыя якасці супернікамі, без бруду, хамства, з байцоўскімі якасцямі.
Гэты несумненны поспех заслужылі і футбалісты, і трэнер. Класна было пачуць эмацыянальны спіч трэнера гродзенцаў у бок свайго пацана – паедзеш жыць у Ваўкавыск, там цябе навучаць гуляць. Дзякуй Букрабе Паўлу Багуслававічу, усім, хто дапамог нашым дзецям прыняць удзел у турніры (бацькам, у першую чаргу, што выдаткавалі сродкі).
Не ведаю, як футбалістамі, але веру, што нашы хлопцы не прападуць у жыцці… Не здадуцца і, як сёння, будуць біцца да апошняга.
У нас на адзін шчаслівы момант жыцця стала больш. Будзе што ўспомніць.
Аляксандр Бубноў
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия