Гісторык і палітоляг Аляксандар Фрыдман разважае пра адну з найбольшых мараў менскага рэжыму — каб Ціханоўская палітычна зьнікла; аналізуе, які эфэкт можа мець інтэрвію Юрыя Васкрасенскага на дыскусіі ў дэмакратычных сілах; і канстатуе, што паміж Менскам і Захадам няма аніякага даверу.
— За апошнія дні адбыўся шэраг міжнародных форумаў, сустрэчаў, падчас якіх завочную дыскусію вялі паміж сабой прадстаўнікі менскага рэжыму і беларускіх дэмакратычных сілаў. Пры гэтым прадстаўнікі ўладаў мараць пра тое, каб вядомыя замежныя палітыкі спынілі сустрэчы зь Сьвятланай Ціханоўскай. Аднак выглядае, што ўзровень яе кантактаў па-ранейшаму застаецца даволі высокі?
— Сапраўды, яны падкрэсьліваюць такія пажаданьні, і нядаўна пра гэта заявіў Юры Васкрасенскі ў сваім скандальным інтэрвію — што пасьля выбараў 2025 году пра Ціханоўскую нібыта ўсе забудуць. Гэта іх мара, іх жаданьне — каб Ціханоўская палітычна зьнікла.
Праблема для іх заключацца ў тым, што Ціханоўская ў пэўным сэнсе стала іконай міжнароднай палітыкі. Яна набыла вядомасьць пасьля пратэстаў 2020 году, яна прысутнічае ў публічнай міжнароднай прасторы, і яе назад пасунуць складана. Яе па-ранейшаму запрашаюць і зь ёй размаўляюць.
Магчыма, цяпер гэта ўжо ня ўзровень прэзыдэнта ЗША і канцлера Нямеччыны — але гэта сур’ёзныя сустрэчы на вялікіх міжнародных пляцоўках, дзе Ціханоўская можа данесьці сваю пазыцыю. Так што спадзяваньні дзяржаўных прапагандыстаў, што яна зьнікне з публічнай прасторы, што пра яе забудуцца — ня спраўджваюцца.
Я думаю, што прынцыпова сытуацыя ў 2025 годзе ў гэтым пытаньні ня зьменіцца. Зь Ціханоўскай будуць сустракацца як зь лідэрам дэмакратычных сілаў Беларусі і будуць яе падтрымліваць. Вядома, ступень гэтай падтрымкі можа быць рознай.
— Даволі адметнай стала гісторыя з прыняцьцем у ААН на «Саміце будучыні» выніковага дакумэнту — «Пакту аб будучыні». Супраць прагаласавалі толькі 7 дзяржаваў — Расея, Беларусь, Іран, КНДР, Нікарагуа, Сырыя і Судан. Чаму расейскае кіраўніцтва разам зь беларускім саюзьнікам пайшлі супраць усяго сьвету ў непрыманьні гэтага дастаткова дэкляратыўнага дакумэнту?
— Яны баяцца, што гэты Пакт, хай сабе і дэкляратыўны, стварае магчымасьці для таго, што яны называюць «умяшаньнем ва ўнутраныя справы». Яны ж жадаюць рабіць зь іншымі дзяржавамі што заўгодна, умешвацца ў чужыя справы — але каб ніхто не наважыўся ўмешвацца ў іхныя ўнутраныя справы.
Масква забаялася, што тое рэфармаваньне ААН, якое прадугледжана ў гэтым дакумэнце, у пэрспэктыве можа прывесьці да больш жорсткай міжнароднай крытыкі расейскай улады. А афіцыйны Менск як сапраўдны верны сатэліт традыцыйна падтрымаў Маскву.
— Вы ўжо ўзгадалі інтэрвію Васкрасенскага, якое цяпер шырока абмяркоўваецца. Ці можна сказаць, што зь ягоных вуснаў прагучала цяперашняя пазыцыя ўладаў: «апазыцыі — заткнуцца, Захаду — прызнаць Лукашэнку і адмяніць эканамічныя санкцыі, але не чакайце спыненьня рэпрэсіяў»? Гэта проста празьмернае жаданьне Васкрасенскага праславіцца — ці сапраўды нейкая праграма афіцыйнага Менску?
— Мяркую, гэта другі варыянт. Але і першы чыньнік — імкненьне Васкрасенскага быць у цэнтры ўвагі — я б таксама не ігнараваў.
Тое, што ён там нагаварыў — гэта можа быць навіной ці сэнсацыяй толькі для тых людзей, якія актыўна ня сочаць за дзяржаўнай беларускай прапагандай. Бо ўсё тое, што кажа Васкрасенскі пра санкцыі і палітвязьняў, — гэта проста паўтор тэзісаў беларускіх прапагандыстаў.
Адзіная адносна новая рэч, якую яму, відаць, загадалі артыкуляваць, — пра тое, што Беларусь (пры горшым разьвіцьці падзеяў, калі ціск Захаду працягнецца) можа ўвайсьці ў склад Расеі. Але і гэты тэзіс ня новы, гэта тое, што колішні міністар замежных справаў Уладзімер Макей прасоўваў заходнім партнэрам, асабліва актыўна пасьля 2014 году. Маўляў, ня трэба вам ціснуць на Лукашэнку, бо будзе яшчэ горш.
Васкрасенскі мае рацыю ў тым, што асабістыя санкцыі ва ўладзе асабліва нікога не турбуюць, іх непакояць найперш эканамічныя санкцыі. Але тут парадаксальная рэч. Васкрасенскі, я думаю, цудоўна разумее, што за рэпрэсіі і парушэньні правоў чалавека ўводзіліся пераважна асабістыя санкцыі, супраць пэўных асобаў. А санкцыі эканамічныя былі ўведзеныя за саўдзел Менску ў вайне Расеі супраць Украіны. І пакуль менскі рэжым працягвае падтрымліваць Расею, то тут паразуменьне з Захадам немагчымае.
— Ці можа гэтае інтэрвію Васкрасенскага разагрэць дыскусіі ўнутры дэмакратычных сілаў, якія актывізаваліся апошнія месяцы, наконт стаўленьня да рэжыму Лукашэнкі? Эскаляцыя і жорсткае процістаяньне — альбо дээскаляцыя і пэўныя кампрамісы? Ці можна дапускаць, што пэўны раскол па гэтым пытаньні будзе пашырацца?
— Думаю, што так. Я бачу дыскусію, рэакцыі ў сацыяльных сетках. Некаторыя абураюцца, чаму ўвогуле «Люстэрка» дало Васкрасенскаму пляцоўку для пашырэньня такіх поглядаў.
Галоўная праблема ва ўсёй гэтай гісторыі ў тым, што беларускія ўлады чакаюць ад дэмакратычных сілаў ня нейкіх мякчэйшых крокаў, яны чакаюць капітуляцыі. Каб апазыцыя проста спыніла сваё існаваньне. І Васкрасенскі гэта падкрэсьлівае.
Яны ведаюць, што ў пытаньні санкцыяў у беларускіх дэмакратычных сілаў толькі дарадчая функцыя. Яны могуць нешта прапанаваць, і калі гэта будзе цікава Варшаве, Вільні, Брусэлю — то гэта будзе абмяркоўвацца. Калі Эўразьвяз ці ЗША ўводзяць санкцыі, то грунтуюцца на ўласных інтарэсах.
І гэта не працуе так, што прыйдзе Ціханоўская і скажа ім: «Мы вырашылі спыніць сваю дзейнасьць, вы больш не чапайце Лукашэнку, адмяніце свае санкцыі». Яны адкажуць ветліва: «Ну добра, мы падумаем», а прымаць рашэньні будуць зыходзячы са сваіх прынцыпаў і інтарэсаў.
Так што дыскусія наконт гэтага ў дэмакратычных сілах перабольшаная — у тым сэнсе, што ўплыў дэмакратычных сілаў на прыманьне рашэньняў заходнімі краінамі вельмі абмежаваны.
— А ці ёсьць падставы ў заходніх лідэраў мяняць сваю палітыку ў дачыненьні да рэжыму Лукашэнкі? Ён вызваляе кропкава палітвязьняў, зьмяншае міграцыйны націск на мяжы. Ці павінен на гэта Захад неяк адказваць?
— Захад чакае сымэтрычных крокаў. Санкцыі ўводзіліся за нейкія канкрэтныя справы і дзеяньні. Вызваліць Пачобута — магчыма, Варшава зробіць нейкія паслабленьні на мяжы. Калі ж Лукашэнка сказаў некалькі словаў альбо выпусьціў тых, каго пажадаў вызваліць, і адразу нечага патрабуе — так гэта не працуе.
Бо паміж бакамі няма аніякага даверу. Захад мае досьвед: Лукашэнка сёньня нешта паабяцаў, а заўтра зьмяніў свой погляд. І Лукашэнка Захаду не давярае. Ён вызваліць Пачобута, такі важны рэсурс,— а Варшава не адкрые памежны пераход. Ён бы многіх вызваліў, калі б яму за гэта нешта важкае прапанавалі. Выглядае, што пакуль ніхто яму нічога не жадае прапаноўваць. Бо разумее, што калі ты ідзеш з дыктатурамі на такія ўгоды, то падштурхоўваеш іх да працягу практыкі рэпрэсіяў і палітычнага перасьледу.
Віталь Цыганкоў, "Свабода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия