Гісторык і палітоляг Аляксандар Фрыдман аналізуе вынікі візыту ў Менск кітайскага прэм’ера, лічыць, што Менск пачуў ад Пэкіна пажаданьне вырашыць праблемы на польскай мяжы, і ставіць пытаньне, наколькі цяперашняя Беларусь ва ўмовах заходніх санкцыяў прывабная для Кітаю.
— Як можна ацаніць вынікі візыту ў Менск прэм’ера Дзяржаўнай Рады КНР Лі Цяна? Ці дадаў гэты візыт нешта новае да кітайска-беларускіх дачыненьняў? Ці ёсьць уражаньне, што афіцыйны Менск інтэнсыфікуе разьвіцьцё гэтых адносінаў?
— Так, гэтая актывізацыя назіраецца ўжо даволі доўга: абмен візытамі, у тым ліку Лукашэнкі ў Кітай, розныя заявы беларускага кіраўніцтва. Цікава назіраць, як адрозьніваецца рыторыка Лукашэнкі ў дачыненьні да Кітаю і да Расеі. У апошнім інтэрвію расейскаму прапагандысту Папову беларускі кіраўнік кажа пра тое, што Расея — імпэрыя, але нічога ня кажа пра нейкія яе дасягненьні.
А вось калі Лукашэнка кажа нешта пра Кітай, то заўсёды пералічвае кітайскія дасягненьні ў самых розных сфэрах. Маўляў, вы і тут першыя, і тут самыя пасьпяховыя, і мы хацелі б мець вашы тэхналёгіі, і мы гатовыя да самага шчыльнага супрацоўніцтва, мы гатовыя фактычна на ўсё.
Падчас візыту кітайскага прэм’ера бакі абмяняліся самымі прыемнымі словамі, падпісалі нейкія ня самыя значныя пагадненьні, але што за гэтым будзе стаяць канкрэтнага — пытаньне адкрытае.
— Ці можна меркаваць, што менскі рэжым шукае ў Кітаі для сябе новага «старэйшага брата», нейкую процівагу адносінам з Расеяй, дзе ён трапіў у надта вялікую залежнасьць?
— У гэтым сэнсе, безумоўна, Кітай для Лукашэнкі больш прымальны. Бо адносіны з Кітаем даволі прагматычныя. Нейкіх «імпэрыялістычных амбіцый» у дачыненьні да Беларусі Кітай ня мае. Вядома, у гэтым сэнсе Кітай для Лукашэнкі больш бясьпечны. І па-другое, перад Менскам сапраўды стаіць задача зьменшыць залежнасьць ад Расеі.
Калі назіраць за стаўленьнем Лукашэнкі да Кітаю, асабіста ў мяне склалася ўражаньне, што ён сапраўды лічыць, што за Кітаем будучыня. Арыентавацца трэба на Кітай, і калі ты зь ім саюзьнік, то ў цябе будуць добрыя шанцы на будучыню.
Дастаткова глянуць на цікавы момант, зьвязаны зь Мікалаем Лукашэнкам. Аляксандар Лукашэнка мог бы накіраваць свайго малодшага сына вучыцца ў Расею. Аднак Мікалай вывучае кітайскую мову і (хаця б часткова) вучыцца ў Кітаі. І, як выглядае, Аляксандар Лукашэнка лічыць, што Расея — гэта сёньняшні дзень, а Кітай — будучыня.
Але пытаньне ў тым, наколькі цяперашняя Беларусь ва ўмовах заходніх санкцыяў прывабная для Кітаю і ягоных эканамічных інтарэсаў. Другое — наколькі Кітай гатовы паводзіць сябе моцна і актыўна на беларускім кірунку. Бо кітайскі дыскурс наконт Беларусі ў значнай ступені палягаў на тым, што гэта тэрыторыя пад кантролем Расеі. І калі паводзіць сябе там занадта актыўна, то гэта можа выклікаць рэўнасьць і нэгатыў з боку Масквы, што Кітаю не патрэбна.
Але, магчыма, пасьля 2022 году Кітай стаў дзейнічаць на беларускім напрамку больш рашуча. Тое, што зараз падчас візыту кітайскі прэм’ер накіраваўся ня толькі ў Маскву, але потым і ў Менск, для Лукашэнкі, безумоўна, посьпех, які дае яму надзею на больш шчыльнае супрацоўніцтва з Пэкінам.
— Пры гэтым ёсьць уражаньне, што афіцыйны Менск нават гатовы ахвяраваць эканамічнымі паказьнікамі дзеля палітычнага сяброўства з Кітаем. У той час як іншыя эўрапейскія краіны асьцерагаюцца пускаць Кітай на свае рынкі і ў інвэстыцыі, Беларусь, наадварот, адчыняе ўсе магчымыя дзьверы. А ў таваразвароце менавіта з Кітаем самы вялікі мінус — перавышэньне імпарту над экспартам.
— Так, бо Лукашэнка бачыць у кітайскай падтрымцы пэўныя гарантыі свайго палітычнага выжываньня. І робіць усё, каб зрабіць Беларусь (і сябе, уласна кажучы) прывабным для Кітаю.
Таму прапаганда і падкрэсьлівае, што супрацоўніцтва з Кітаем — гэта асабістае дасягненьне Лукашэнкі, што безь яго такога не было б. Маўляў, калі Лукашэнку на чале Беларусі зьменяць, то зьменіцца ў краіне і стаўленьне да Кітаю.
— Якая ваша ацэнка ўплыву Кітаю на дээскаляцыю на польска-беларускай мяжы? Нагадаем, што адбылося гэта ў тым ліку і пасьля візыту ў Кітай прэзыдэнта Польшчы Анджэя Дуды. Ці падзяляеце вы вэрсію, што Кітай мог «намякнуць» беларускаму рэжыму паводзіць сябе больш памяркоўна?
— Гэтая вэрсія даволі распаўсюджаная, і Варшава ўскосна яе пацьвярджае, але самі кітайцы традыцыйна такія рэчы не камэнтуюць. Цікавы момант у тым, што ў кітайскім выніковым дакумэнце пасьля візыту Лі ў Менск была падкрэсьлена праблема мяжы, супраца па грузавых цягніках паміж Кітаем і Эўропай.
Было адзначана, што Кітаю гэта вельмі важна. І Менск атрымаў ад Пэкіну гэты мэсыдж: вырашыце праблему на мяжы, нам не цікава, як вы гэта будзеце рабіць. Ёсьць праблема, і Лукашэнка павінен яе вырашыць, каб пацьвердзіць сяброўства з Кітаем. І Лукашэнка спрабуе. Тое, што група палітвязьняў была вызвалена менавіта перад візытам Лі ў Менск, — я думаю, гэта не выпадкова.
Вядома, кітайцы не патрабуюць ад Лукашэнкі: выканай патрабаваньні палякаў, і ўсё будзе нармальна. Кітай — таксама аўтарытарная дзяржава, якая ня любіць вызваляць сваіх палітзьняволеных. Таму яны разумеюць складанасьці Лукашэнкі, але чакаюць ад яго выніку.
— У гэтыя ж дні адбываецца іншы знакавы візыт. Прэм’ер-міністар Індыі Модзі наведаў Польшчу, а 23 жніўня прыехаў у Кіеў. Індыя разглядаецца як геапалітычная процівага Кітаю і пры гэтым уваходзіць зь ім і з Расеяй і зь Беларусьсю ў Шанхайскую арганізацыю супрацоўніцтва. Аднак выглядае, што з Дэлі ў афіцыйнага Менску няма такіх посьпехаў, як з Пэкінам. Чаму?
— З Пэкінам Менск яднае і ідэалягічны чыньнік, бо ў Кітаю найлепшыя стасункі выходзяць з аўтарытарнымі і дыктатарскімі рэжымамі. Што тычыцца Індыі, то — пры пэўных умоўнасьцях — гэта ўсё ж дэмакратычная краіна з дэмакратычнымі інстытутамі. Таму і Захад, і ўвесь сьвет чакаюць ад Індыі іншых паводзінаў.
Візыт Модзі ў Расею ў ліпені, які выклікаў шмат абурэньня ў Кіеве, паказаў, што Расея для Індыі вельмі важны рынак, асабліва цяпер, калі Індыя купляе за індыйскія рупіі расейскую нафту і па-ранейшаму купляе ў Расеі ўзбраеньні.
Але ж Дэлі трэба падтрымліваць добрыя стасункі і з Захадам і, у прыватнасьці, з краінамі Ўсходняй Эўропы. Мне было цікава паглядзець, якой будзе праграма візыту індыйскага прэм’ера ў Кіеў. Ён наведаў мэмарыял у Кіеве, прысьвечаны дзецям, якія загінулі ў выніку агрэсіі Расеі, і было відаць, што яго гэта кранула. Ягоная прысутнасьць там — гэта ўжо сымбалічна. І Модзі падкрэсьліў пазыцыю, што Індыя супраць вайны і за тэрытарыяльную цэласнасьць Украіны. Адметна таксама, што Модзі наведаў Кіеў на фоне падзеяў у Курскай вобласьці, чым паказаў, што для Індыі гэта праблемай не зьяўляецца.
Віталь Цыганкоў, "Свабода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия