Чаму ўлады ладзяць фактычна датэрміновыя выбары і пры чым тут Расія – у каментары Филину тлумачыць аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.

— Прэзідэнцкую кампанію прызначылі на канец студзеня, а не лютага, як да апошняга меркавалі прадстаўнікі дэмсілаў. Хоць, зрэшты, на карысць іхняй версіі сведчыў і прапагандысцкі каляндар, які прадугледжваў кульмінацыю праўладных гастроляў акурат у канцы лютага.

Акрамя таго, выглядае, што агучанай некаторымі аналітыкамі аперацыі «Пераемнік» не будзе, што Крутому ці Турчыну можна выдыхнуць з палёгкай. То што, Лукашэнка ўсіх перайграў?

— Чаму перайграў? Мне падаецца, што гэтае адрозненне — люты ці студзень — не такое прынцыповае. У любым выпадку гэта вельмі датэрміновыя выбары. Гэта зімовыя выбары.

Прычыны мне ўяўляюцца дзве. Першая — эканамічная.

Пакуль што ўсё расло, сітуацыя ў эканоміцы ў 2024-м была някепская. Але шмат экспертаў прадказвалі і працягваюць прадказваць, што эканоміка перагрэтая, як і расійская.

Могуць быць самыя розныя нечаканасці і там, і тут. І тамтэйшыя нечаканасці могуць адбіцца на Беларусі куды больш моцна, чым у самой Расіі. А таму праводзіць выбары на спадзе будзе не вельмі разумна. І рызыкоўна.

Другі момант — перспектывы міра ва Украіне. Не выключана, асабліва, калі ў ЗША пераможа Трамп, што дыпламатычная сітуацыя вакол Украіны будзе хутка мяняцца. І таму, я думаю, было вырашана паставіць кропку з выбарамі як мага раней. Маўляў, давайце абновім мандат і забудзем гэтыя праблемы.

Я думаю, што гэта два асноўныя матывы. Магчыма, былі яшчэ нейкія. Што тычыцца гэтых прагнозаў, версій пра пераемніка, то я, па-шчырасці, не ўспрымаю іх сур’ёзна. Гэта магчыма, канечне, але мне здаецца, што гэта перспектыва 2030-га.

Вось там, верагодна, гэта ўсё будзе актуальна. І ўсе гэтыя размовы пра тое, што «я не вечны», «вам давядзецца прывыкаць да новага прэзідэнта», яны пра аглядную, але ўсё ж будучыню на інтэрвале пяці гадоў.

Тое самае, калі памятаеце, прагаворвалася і на УНС. Маўляў, а можа Лукашэнка Качанаву прызначыць? Праехалі тады, праехалі і цяпер. Тут даўно было ясна, што на гэтыя выбары ён пойдзе. А што далей? Далей ён будзе думаць пра транзіт.

Хаця, не выключана, што і пад 2030 год усё будзе ўжо распрацавана і падрыхтавана, а потым душа сваё возьме, прага да ўлады: «Ай, пакірую я яшчэ. 75 — гэта не ўзрост. Байдэн у 80 кіраваў і я пакірую».

Пасля 2025-га ўсё магчыма, але пакуль што не. Мне здаецца, гэта ўжо даўно было зразумела, што гэтым разам ніякіх Крутых не будзе. Хіба што толькі ў фантазіях Сяргея Чалага.

— Дэмсілы прапанавалі свой варыянт удзелу — галасаванне «супраць усіх». Наколькі гэта аптымальная ў сённяшніх варунках стратэгія? І наколькі слушная крытыка наконт таго, што гэта фактычна заклік да ўдзелу ў пераабранні Лукашэнкі?

— Тут той выпадак, калі не тое, што аптымальнага, а проста добрага варыянта няма. Пытанне ўсім, хто кажа, што гэты варыянт кепскі: а які добры? Умоўна кажучы, відавочны варыянт — байкот. Не ідзіце на выбары.

Але мы з вамі разумеем, што Карпенка абвесціць 80% яўкі і 83-85% за Лукашэнку. Што далей? Хто і як дакажа, што насамрэч колькасць тых, хто не пайшоў на ўчасткі, была 30%, а не 20%, умоўна кажучы.

Так, можна казаць, што мы ўжо мелі адпаведны досвед. Напрыклад, у 2000-м, калі большая частка апазіцыі байкатавала парламенцкія выбары. І што? Які плён гэта мела тады?

Іншая справа, што ў прапанаваным дэмсіламі варыянце ёсць сур’ёзны недахоп, бо ў дадзеным выпадку лічба акурат такі будзе. Справа ў тым, што на ўсіх выбарах, у тым ліку і прэзідэнцкіх, лічба «супраць усіх» складае ад 2 да 7%. І калі нехта сапраўды прыслухаецца да Ціханоўскай, прыйдзе і паставіць крыжык «супраць усіх», то Карпенка абсалютна шчыра скажа, што такім чынам прагаласавалі 3%, ці 5. І што далей?

5% — гэта хіба вялікі пратэст супраць рэжыму? Так ужо было ў гісторыі пра два крыжыкі на апошнім рэферэндуме ў 2022-м. ЦВК агучыў лічбы, згодна якіх нядзейсных галасоў было каля 4%.

І платформа «Голас» тады нічога не абвергла, сабраныя ёй дадзеныя фактычна супалі з афіцыйнымі. 4% паставілі два крыжыкі. І што? Гэта паўтарэнне паўстання 2020 года?

Але з іншага боку, калі альтэрнатыўных дадзеных увогуле не будзе, а будуць толькі афіцыйыя лічбы — 80% яўкі, альбо, на злосць усім, увогуле 95 — і што? Чалавек у Мінску можа сказаць, што ягоныя суседзі не прыйшлі. Добра. А ў Крычаве ці Ашмянах прыйшлі. А ў вёсцы ўвогуле ўсе 100% прыйшлі. І што далей?

Каму і хто прад’явіць, што ён не галасаваў і ягоныя суседзі не пайшлі на ўчастак? І потым, няхай той байкот будзе масавым, у людзей будзе адчуванне, што многія і праўда не галасавалі. І што, людзі возьмуць вілы і пойдуць на плошчу бараніць байкот?

Можа, гэта і не вельмі ўдалы выбар дэмсілаў, але гэта і не той выпадак, калі яны не бачылі побач іншы цудоўны варыянт, што менавіта вось так трэба было рабіць.

Тут жа нават у гэтай заяве дэмсілаў гаворыцца, што магчымыя варыянты. Напрыклад, калі тая ж Караткевіч пойдзе на выбары. Але ці зменіць гэта сітуацыю?

Забаўная была ідэя «разумнага галасавання» ад Аляксандра Кныровіча прагаласаваць за Гайдукевіча. Але, на мой погляд, гэта прыкол такі. Гэта прыгожа, як прыкол, а як стратэгія… Не той народ. Беларусы не настолькі прыкалісты, нават менш, чым расейцы.

Таму добрых варыянтаў тут няма, калі не здарыцца штосьці незвычайнае. Разлік тут на тое, што нейкая нечаканасць можа адбыцца ад дзеяння, ад удзелу. Можа і за Гайдукевіча, а можа і з-за галасавання «супраць усіх». Калі людзі сядзяць дома і п’юць гарэлку, то што з гэтага? Ад таго, што яны байкатуюць выбары, яны пойдуць скідаць уладу? Не пабягуць, дакладна.

— Пасол Расіі Барыс Грызлоў паабяцаў афіцыйнаму Мінску дапамогу ў задушэнні пратэстаў, калі яны ўспыхнуць у часе выбарчай кампаніі. Ці мае гэтая заява нейкую сувязь з анансаванымі на 2025 год беларуска-расійскімі ваеннымі вучэннямі?

— Шчыра кажучы, не бачу тут сувязі, калі прыгадаць мінулы досвед. Справа ў тым, што вучэнні «Захад» — рэгулярныя. У адрозненне ад вучэняў «Саюзная рашучасць», якія сталі пралогам да вайны ў лютым 2022-га. Гэта былі пазапланавыя вучэнні, а «Захад» адносіцца да планаваных, што ладзяцца раз у чатыры гады.

То бок, яны былі даўно запланаваныя. Акрамя таго, наколькі я памятаю, вучэнні «Захад» звычайна ладзяцца восенню. Яны доўга рыхтуюцца, таму мне цяжка ўявіць, што цягам рэшты месяцаў у Беларусь прыедуць танкі. Думаю, яны пройдуць усё ж восенню.

І таму гэтыя падзеі наўрад ці звязаныя. А вось дзе ёсць сувязь, дык паміж заявай Грызлова і міністра абароны Расіі Белавусава, які на нядаўняй сустрэчы ў вочы сказаў беларускаму калегу Хрэніну: калі што, то мы ажно да ядзернай зброі прыменім.

Можа яны так бачаць жыццё? Кажуць жа, што генералы рыхтуюцца да мінулай вайны. А раптам паўторыцца 2020 год? Але большай часткі прадумоў, якія былі тады, сёння няма. Адзіная прадумова — гэта прэзідэнцкія выбары.

Па-шчырасці, гэта не самая вырашальная перадумова. У 2015-м яны таксама былі. І прайшлі ціха, спакойна, без забурэнняў. Але Лукашэнка лёгка ад гэтага заводзіцца. Таму яны вырашылі: добра, калі так, то мы дапаможам.

Дапаможам, калі нешта здарыцца. А не здарыцца — добра. Мы, маўляў, заўсёды стаім на варце. Іхнія заявы — гэта таксама фактар, каб гэтага не здарылася. Але я нешта не бачу ніякіх перадумоў. Можа, яны чагосьці ведаюць хітрае і сакрэтнае?

Але беларускае грамадства не ў тым стане, каб выступаць сёння. Насамрэч, за што і за каго? Рэальна за Гайдукевіча? Ці за байкот? Людзей нешта павінна натхняць, нейкая альтэрнатыва. У 2020-м была Ціханоўская, так атрымалася. Можа, Лукашэнка цяпер локці кусае, бо можна ж было зняць з выбараў і. можа, усё і было б ціха.

Зараз гэтага не будзе. Нядаўнім урокам была кароткая кампанія Надзеждзіна ў Расіі. Як толькі яму далі збіраць подпісы, ён адразу ж пайшоў уверх. І яго адразу ж патапілі. А Дунцову ўвогуле спынілі на далёкіх подступах.

А ў Беларусі і эксперыментаваць не будуць. Выставяць Гайдукевіча, галоўнага ўрача якога-небудзь шпіталя. Спойлера, што называецца. Але эксперыментаў не будзе, бо прэзідэнцкія выбары для іх — сур’ёзная штука.

І на фоне іх страхаў, што рэтранслююцца ва ўсе бакі, размоў пра тое, што апазіцыя нешта рыхтуе, выбухі, забурэнні, навошта даваць кропку прыцягнення, кропку кандэнсацыі гэтых інтэнцый? Проста не — і ўсё.

Я думаю, што Крэмль Лукашэнку проста падыгрывае. Ён у рамках сваёй гульні, сваёй перадвыбарчай кампаніі паказвае, што «мы ізноў на перадавой», «у нас ізноў 2020-ты» і «мы ізноў пераможам, як у 2020-м». Ну добра, хочаш гэта разыгрываць, мы табе падыграем. Калі што, «можем повторить».

Чагосьці іншага я тут не бачу. Не думаю, што яны нешта ведаюць, нейкія таемныя планы апазіцыі. Тым больш, мы памятаем, якой была рэакцыя на заявы ўкраінскага дэпутата Алега Дунды наконт пераносу вайны на тэрыторыю Беларусі.

І на Захадзе, і ў самой Украіне рэакцыя была: фрык, які распавядае нейкія фантазіі. Меркаваць, што праз тры месяцы ў Беларусь пойдуць дывізіі ЗСУ? Я асабіста не магу сабе такое ўявіць.

 Салiдарнасць