Крызіс у Каардынацыйнай радзе (КР) вырашаны. 11 лiпеня рада абрала сваёй сьпікеркай Анжаліку Мельнікаву, прадстаўніцу выбарчага сьпісу «Каманда Латушкі і руху „За Свабоду“». Віцэ-сьпікеркай была абраная Станіслава Гліньнік, прадстаўніца выбарчага сьпісу «Эўрапейскі выбар», пiша палiтычны аналитык Юры Дракахруст.
Падзея мо і не лёсавызначальная, але важная. Не сказаць, каб беларусаў так ужо цікавілі жарсьці ў КР, трансьляцыю ў Youtube пасяджэньня з вылучэньнем кандыдатаў у кіраўніцтва Рады паглядзела агулам каля 1000 чалавек. Тым ня менш сам па сабе шлях вырашэньня крызісу — паказальны ў сэнсе таго, як робіцца беларуская палітыка. Ды і палітыка наагул.
Многія назіральнікі палічылі сымбалічным, што першае працоўнае пасяджэньне КР трэцяга скліканьня адбылося дакладна ў 30-ю гадавіну абраньня прэзыдэнтам Беларусі Аляксандра Лукашэнкі. Некаторыя ўбачылі сымбалізм у тым, што і тады вынікі выбараў аказаліся пахаваньнем дэмакратыі, і зараз у КР — таксама. Прыкладна гэта напярэдадні пасяджэньня ахарактарызаваў сытуацыю «Блёк Пракоп’ева-Ягорава».
Але можна ўбачыць сымбалізм і ў тым, што перамога мае значэньне. А ў сучаснай айчыннай палітычнай культуры — пераможца атрымлівае ўсё. Ці амаль усё. Кааліцыя, створаная пяцьцю блёкамі, найперш «Камандай Латушкі і руху „За Свабоду“» і «Эўрапейскім выбарам», атрымала пераканаўчую большасьць у КР. І здолела дасягнуць мэтаў, якія ставіла перад сабой. Пасьля амаль месяца гарачых дэбатаў быў зьменены рэглямэнт працы Рады, у выніку чаго чальцы Абʼяднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка і Аліна Коўшык атрымалі права быць і ў Кабінэце, і ў складзе Рады. Пры гэтым было заяўлена, што кіроўныя пасады ў Радзе чальцы Кабінэту займаць ня будуць, што можна разглядаць, як саступку меншасьці.
Хто ўзначаліў Каардынацыйную раду?Але ў выніку ад кааліцыі ў кіраўніцтва Рады былі вылучаныя, скажам так, ня самыя палітычна яскравыя фігуры. Анжаліка Мельнікава падчас падзеяў 2020 году зазнала перасьлед, але да каманды Латушкі — Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня (НАУ) — яна далучылася ў чэрвені 2022 году. У НАУ яна была і ёсьць каардынатаркай праектаў — пасада хутчэй апаратная, чым публічна-палітычная. Атрымалася знайсьці лічаную колькасьць публічных выступаў Мельнікавай пачынаючы з 2020 году.
Цалкам дапускаю, што яна — бліскучая і надзвычай эфэктыўная мэнаджарка, таксама магчыма, што на новай пасадзе раскрыюцца і яе таленты палітычнай лідэркі. Але нельга выключаць, што яе роля акажацца больш тэхнічнай, а публічнае палітычнае лідэрства ў Радзе застанецца за сапраўднымі палітычнымі лідэрамі кааліцыі — Латушкам і Коўшык. У 2011-2018 гадах Мельнікава працавала ў падразьдзяленьні па сувязях з грамадзкасьцю беларускага прадстаўніцтва кампаніі Coca-Cola. Гэты шматгадовы досьвед працы ў бізнэсе вельмі адчуваўся ў яе прадстаўленьні сваёй кандыдатуры і адказах на пытаньні дэлегатаў Рады. На некаторыя вострыя пытаньні яна адказвала стандартнымі матывацыйнымі мэмамі бізнэс-коўча.
Як праходзіла абмеркаваньне кандыдатуры сьпікеркі?Яе праграма дзейнасьці на пасадзе сьпікеркі таксама больш нагадвалі праграму разьвіцьця бізнэс-праекту, чым праграму дзейнасьці палітычнай інстытуцыі. Лідэрка блёку «Нашая справа» Роза Турарбекава прапанавала кандыдатцы ў выпадку абраньня сысьці з НАУ, каб не ствараць канфлікт інтарэсаў. Мельнікава адказала няпэўна, не сказаўшы цьвёрда ні так, ні не. Аднак альтэрнатыўны падыход пісьменна сфармуляваў яе калега па НАУ Арцём Брухан, прыгадаўшы, што і ў паўнавартасных дэмакратыях сьпікеры парлямэнтаў не пакідаюць пасадаў у партыях, ад якіх яны балятаваліся.
Яшчэ адным цікавым сюжэтам абмеркаваньня кандыдатуры Мельнікавай стала пытаньне аб справаздачы Абʼяднанага пераходнага кабінэту. Летась, напярэдадні канфэрэнцыі «Новая Беларусь», справаздачы чальцоў АПК перад Радай адбыліся. Па выніках тых справаздачаў Сьвятлана Ціханоўская звольніла з кабінэту Аляксандра Азарава. На прапанову зладзіць такую справаздачу і сёлета Мельнікава адказала, што для гэтага засталося замала часу да сёлетняй канфэрэнцыі «Новай Беларусі», дадаўшы, што выбары ў цяперашні склад КР адбыліся запозна — каменьчык у гарод папярэдняга складу Рады і яе кіраўніцтва. Таксама яна патлумачыла, што справаздача чальцоў АПК перад Радай — пытаньне, якое вырашаюць Ціханоўская, АПК, Рада ў цэлым, а зусім не яе сьпікер ці сьпікерка.
Крызіс вырашаны — супярэчнасьці засталісяАбмеркаваньне кандыдатуры Мельнікавай паказала, што супярэчнасьці паміж большасьцю і меншасьцю ў Радзе насамрэч далёка ня вырашаныя. Прадстаўнікі меншасьці называлі большасьць «кабінэтнай», у прыгаданай заяве «Блёку Пракопʼева-Ягорава» наўпрост гаворыцца, што «дзеяньні фракцыі Паўла Латушкі вядуць да ліквідацыі незалежнасьці Каардынацыйнай рады і яе падпарадкаваньня Офісу Сьвятланы Ціханоўскай і Абʼяднанаму пераходнаму кабінэту пад яе кіраўніцтвам».
Сваеасаблівым дэмаршам меншасьці стала і тое, што яна ня вылучыла сваіх кандыдатаў на пасады сьпікера і віцэ-сьпікера. Меншасьць магла б вылучыць сваіх кандадатаў, нават не разьлічваючы, што іх абяруць, а каб прадставіць сваё бачаньне сытуацыі. Але палічылі за лепшае не ствараць уражаньня альтэрнатыўнасьці, а прадставіць сытуацыю як дыктат дамінуючай сілы.
Люстэркавым адбіткам заявы «Блёку Пракопʼева-Ягорава» стала нядаўняе інтэрвію Насьце Роўдзе дарадцы Ціханоўскай, экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Аляксандра Мілінкевіча. Ён заявіў, што папярэдні рэглямэнт Кааардынацыйнай Рады быў пра тое, «як адсунуць Ціханоўскую». Ён адзначыў, што вельмі гэтым занепакоены і лічыць папярэдняе кіраўніцтва Каардынацыйнай рады на чале з Андрэям Ягоравым — «той групай, якая можа зашкодзіць».
Мілінкевіч — не дэлегат КР, таму можа быць больш вольным у выказваньнях, чым прадстаўнікі большасьці Рады. Але магчыма, агучыў тое, што яны насамрэч думаюць. Навідавоку сутыкненьне двух, па сутнасьці супрацьлеглых падыходаў. Адзін бок — блёк Пракопʼева-Ягорава — абвінавачвае іншы ва ўзурпацыі ўлады ў КР, іншы бок абвінавачвае асабіста Ягорава і яго аднадумцаў у жаданьні падарваць уладу Ціханоўскай.
І тое, як вырашыўся крызіс у КР і абраньне яе кіраўніцтва — гэта перамога ня толькі пэўных людзей, але і пэўнага падыходу, адрознага ад падыходу апанэнтаў. Хутчэй за ўсё Мельнікава ня сыйдзе са сваёй пасады ў НАУ. Хутчэй за ўсё сёлета справаздачы Кабінэту перад Радай ня будзе. Але паўната перамогі большасьці невідавочная.
Меншасьць у КР захоўвае магчымасьці прынамсі ўплываць на рашэньні — задаваць пытаньні, крытыкаваць, вылучаць прапановы, апэляваць да грамадзкай думкі, словам, рабіць тое, што робіць апазыцыя ў парлямэнтах сьвету. КР — не парлямэнт Беларусі і нават протапарлямэнтам яе можна назваць зь вялікай доляй умоўнасьці. Але дзейнічаць меншасьці давядзецца гэтак жа, як дзейнічае меншасьць у паўнавартасных парлямэнтах.
Да таго ж цяперашняя канфігурацыя большасьці ў КР — яна неабавязкова захаваецца ўсю кадэнцыю Рады. Гэты раўнд выйграла кааліцыя Латушкі і Ціханоўскай, выглядае, што Латушку дасталося больш пладоў гэтай перамогі. Як ён скарыстаецца імі, пакуль невядома. І цалкам магчыма, што неўзабаве сёньняшняя меншасьць у Радзе стане часткай новай большасьці.
Крызіс у КР — пасланьне з будучай свабоднай БеларусіЗдавалася б, ці варта так падрабязна разьбіраць сытуацыю ў КР? І галасавала на выбарах у яе няшмат беларусаў, і хадой дэбатаў на ўчорашнім пасяджэньні Рады цікавіліся нямногія, і няшмат на што Рада можа ўплываць. Але крызіс, які адбыўся ў Радзе, і тое, як ён вырашыўся — гэта ня толькі школа палітыкі, школа дэмакратыі, але і паказьнік, індыкатар сучаснай палітычнай культуры беларускага грамадзтва. Гэта не папрок — маўляў, узровень той культуры нізкі, а канстатацыя, што рэальнасьць — яна вось такая.
Ну так — яна такая ў выгнаньні, пад жахлівым ціскам пагрозаў і рэпрэсіяў. Але калі ўявіць сабе, што заўтра рэжым Лукашэнкі разам зь ім некуды зьнікне — ці ёсьць важкія падставы лічыць, што рэальную ўладу трымаць і дзяліць у Беларусі будуць кардынальна іншыя людзі, з кардынальна іншай палітычнай культурай?
Як слушна заўважыў некалі палітоляг Аляксей Пікулік, новы лад пасьля аўтарытарызму будуецца не на абломках папярэдняга, а зь яго абломкаў. Ускосным пацьверджаньнем гэтай дасьціпнай формулы зьяўляецца тое, што пераможцам на выбарах у КР чамусьці аказаўся блёк, кіраваны шматгадовым супрацоўнікам таго самага аўтарытарнага рэжыму. Так, які перайшоў на бок народу, які не пабаяўся пайсьці на варʼяцкую рызыку і шмат што згубіў. Але чалавек адтуль. Ці выпадкова?
Ці ёсьць сумневы, што і ў свабоднай, новай Беларусі будуць адыгрываць важную, калі не вырашальную ролю людзі цяперашняй сыстэмы? З адпаведнай палітычнай культурай. У параўнаньні зь якой усе без выключэньня чальцы цяперашняй КР — сьветачы дэмакратыі, цярпімасьці і павагі да правоў меншасьці.
І таму цяперашнія жарсьці ў КР цікавыя ня толькі і ня столькі самі па сабе. А як узор таго, як вяртаецца дэмакратыя пасьля доўгіх дзесяцігодзьдзяў дыктатуры. Вось так яна будзе вяртацца і ў Беларусі, калі яна вызваліцца ад дыктатуры.
І апошняе — пра сугучча датаў 10 ліпеня 1994 і 2024 гадоў. Яно як бы і відавочна, але варта заўважыць, што 30 гадоў таму Лукашэнка аказаўся больш здольным палітыкам, чым яго апанэнты. На мой асабісты погляд, на вялікі жаль, але аказалася тады менавіта так. Сёлета Латушка ў межах КР паказаў сябе больш здольным палітыкам, чым яго апанэнты. Больш здольным і дзейнічаючы ў межах правілаў, і дамагаючыся іх зьмены.
І ў люстэрку гэтага сюжэту адбілася будучыня Беларусі.
"Сввбода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия