Ці кантралюе Лукашэнка беларускае неба? На гэтае ды іншыя пытанні Филина адказаў палітычны аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст.

— Мінулы тыдзень прайшоў пад знакам дронаў. Спачатку быў Гомель, дзе давялося тушыць пажар пасля падзення абломкаў. Пасля палёт у бок Літвы над Навагрудкам. І вось навіна пра расійскі дрон, які ўпаў у Латвіі, трапіўшы туды, верагодна, з Беларусі.

Калі зірнуць на гэта збоку, ці выглядае, што Лукашэнка кантралюе неба над Беларуссю?

— Да пэўнай ступені кантралюе. Пры чым, з’яўляюцца звесткі, што дроны пачалі збіваць. Бо калі раней яны ляталі самі па сабе, ці самі падалі, ці ляцелі на тэрыторыю іншых краін, той жа Расіі або Украіны, то цяпер іх сталі збіваць. І гэта сведчанне таго, што неба нейкім чынам абараняецца.

Але, па-шчырасці, мне дагэтуль незразумела, і я нейкіх уцямных тлумачэнняў экспертаў на гэты конт не бачыў — што гэта такое? Чаму так адбываецца?

Сказаць, што гэта вынік выпадковасці не выпадае. Бо гэта занадта часта адбываецца.

І да апошняга часу, а пачалося ўсё ў ліпені, на працягу двух гадоў вайны гэтага не было. Сказаць, каб зараз былі нейкія больш інтэнсіўныя атакі? Яны і раней былі.

Можам прыгадаць інцыдэнт у Польшчы, калі туды заляцела ракета. Ну, гэта можна спісаць на выпадковасць. Яна магла збіцца з курса, заляцець далей, чым меркавалася. Але гэта быў адзінкавы выпадак.

У дадзеным выпадку, калі гэтых эпізодаў некалькі, назваць гэта выпадковасцю ўжо практычна немагчыма. Застаецца толькі версія пра свядомыя дзеянні. І тут ёсць пытанні да ўсіх магчымых варыянтаў.

Калі пачаць з Расіі, то я нядаўна выказваў гіпотэзу, што такім чынам могуць уздзейнічаць на Лукашэнку, як гэта было ў ліпені ў часе першых прылётаў дронаў. Каб такім чынам прымусіць яго рабіць нешта большае. Не тое, каб уцягнуць у вайну.

Тыя палёты ў ліпені былі акурат тады, калі ў ён прыехаў у Лунінец і сказаў, што мы нармалізавалі адносіны з украінцамі. Тады можна было меркаваць, што ад яго чагосьці хочуць. Дамагаюцца, каб ён штосьці больш актыўна рабіў.

Але зараз, калі гэта ператварылася фактычна ў сістэму, гэта не выглядае, як нейкі намёк, падштухоўванне. Бо колькі ж можна падштурхоўваць?

Тым больш, што пачалі збіваць дроны. А гэта сведчыць пра то, што не працуе больш тактыка «мы гэтага не заўважаем і на гэта не рэагуем». Ужо пачалі рэагаваць.

І, нарэшце, яшчэ адзін варыянт тычыцца таго, што ўкраінцы нейкім чынам збіваюць дроны з курса. Ці нават перахопліваюць кантроль над імі і перанакіроўваюць на Беларусь.

Тут ёсць пытанне тэхнічнае, ці можна гэта зрабіць. Нават проста збіць з курса, пасля чаго дрон па інэрцыі ляціць сам куды заўгодна, у тым ліку ў Беларусь. Гэта тэарэтычна магчыма.

Хаця, першыя такія палёты былі ў ліпені, у тым ліку і пасля 13 ліпеня, калі Лукашэнка абвясціў, што мы памірылася, у нас усё добра.

У цяперашняй сітуацыі яно не вельмі добра, таму што частку войскаў ізноў перакінулі на мяжу, усе гэтыя антыўкраінскія заявы Лукашэнкі гучаць. У сённяшняй сітуацыі нейкі сэнс гэтага ўсяго для ўкраінцаў можна прыдумаць. Але найперш тут пытанне пра тэхнічную магчымасць такога.

Калі разглядаць гэтыя палёты дронаў, як пэўную свядомую акцыю, то гэта нейкая незразумелая дэманстрацыя. Яны ляцяць у нікуды, яны не ляцяць па нейкіх канкрэтных цэлях. Ляцяць у белы свет, як у капейку.

Яны могуць палохаць, могуць выводзіць з раўнавагі, але дзе тут канчатковая мэта? У мяне, па-шчырасці, няма адказу на пытанне, чаму і навошта гэта робіцца.

— Уявім сабе сітуацыю, што адзін з такіх дронаў няўдала збілі, ці ён упаў па іншай прычыне, але таксама з трагічнымі наступствамі. Як гэта адаб’ецца на вобразе ўладаў, якія нібыта абараняюць беларусаў ад вайны? Ці атрымаецца ўсё спісаць на ўкраінцаў, ці нават ЗША, як гэта спрабаваў зрабіць той жа экс-пасол Расіі Мезенцаў?

— Па-першае, калі гэта будзе аднаразова, то, зразумела, людзі звернуць на гэта ўвагу. Зразумела, яны гэта не забудуць. Але, я думаю, кардынальная змена стаўлення наўрад ці адбудзецца. Ну, вайна, бывае. Ну, залятаюць тыя дроны.

Але, калі гэта будзе сістэмай, калі гэта будзе і раз, і два, і тры, то гэта можа адбіцца на ўяўленні пра тое, што нас абараняюць. Бо вось жа, глядзіце, ніяк насамрэч не абараняюць, бо ўжо і раз, і два, і тры.

У такім разе гэта на сітуацыю паўплывае. Цяжка сказаць, наколькі кардынальна. Таму што, калі гаворыцца, што я ўратаваў вас ад вайны, то будзе сказана і наступнае: «Так, дроны прылятаюць, але армія пры гэтым не ваюе. І потым, гэта ж рэдка здараецца». Хоць так, гэта будзе ўжо іншая якасць.

Што тычыцца таго, ці скарыстае беларускі бок гэта ў якасці casus belli, то пры жаданні і ўдар па аэрадрому ў Мачулішчах маглі разглядаць у такой якасці. Але не зрабілі гэтага.

Бо ўцягвацца ў вайну — гэта сур’ёзная справа. Таму ўдар дронам наўрад ці будзе разглядацца, як падстава для гэтага. Калі будзе прынятае палітычнае рашэнне, то ўсё можа быць. Але яно можа быць прынятае і без падставы. Цягам больш чым двух гадоў яно прынятае не было.

Ці спішуць гэта на ўкраінцаў з амерыканцамі? Мы бачым па Расіі, па той жа гісторыі з «Крокус-цэнтрам», дзе першапачатковай версіяй было, што гэта ўкраінцы зладзілі тэракт. Яе прасоўвалі паўсюль.

Але ў выніку ўсё новых і новых фігурантаў затрымлівалі, былі заявы ісламістаў на гэты конт. І ў мяне такое адчуванне, што вось гэтая «ўкраінская версія» памерла сваёй смерцю. Таму што аж занадта ўсё складваецца так, што ў выніку гэта зусім не ўкраінцы. І тут, калі будуць увесь час ляцець расейскія дроны і ракеты, то ніяк гэта не спішаш на ўкраінцаў.

Тым больш, што тут цікавая растаноўка акцэнтаў. Прапагандыст Шпакоўскі сказаў, што гэта «ўкраінская правакацыя». Заява Мезенцава — гэта, увогуле, амерыканцы.

Але мы з вамі ведаем, як сфакусавана працуе прапаганда, калі ёсць лінія. Тады з кожнага праса гэта ідзе: і «Советская Белоруссия», і радыё, і тэлебачанне, і ўся гэтая хеўра тэлеграм-каналаў — усе яны б’юць у адну кропку.

Пакуль жа мы гэтага не бачым. Ёсць асобныя заявы асобных палітыкаў і чыноўнікаў, пры гэтым галоўныя калібры прапаганды маўчаць. Яны падтрымліваюць недарэчную версію пра тое, што гэта ўсё фактычна з’ява прыроды. Птушкі прыляцелі — і дроны таксама.

Лінія пакуль накіраваная на тое, што так, гэта небяспека, што з ёй змагаюцца. Але што гэта за небяспека, з-за чаго яна? Я не выключаю, што гэтая лінія, зразумела, можа змяніцца. І гэтая зладжаная артпадрыхтоўка пачнецца.

Але тут акурат і цікава тое, што такая артпадрыхтоўка дагэтуль не пачалася. Прынамсі, адназначнасці, відавочнасці таго, што гэта ўкраінцы альбо збіваюць дроны з курса, альбо перанакіроўваюць іх у бок Беларусі, такой упэўненасці ў іх няма.

Больш таго, не выключана, што ў іх ёсць упэўненасць у тым, што гэта для чагосьці робіцца не ўкраінцамі, а расейцамі. Гэта паўза ў тлумачэннях, на мой погляд, вельмі важная. Яна сведчыць пра тое, што нешта там не чыста.

Бо калі б для іх было відавочна, што гэта ўкраінцы, то гэтая версія была б у трэндзе з першага дня. Як гэта было ў жніўні, калі яны заявілі пра збітыя ўкраінскія дроны.

Былі яны, ці не, гэта другаснае пытанне. Мы назіралі зладжаную, сфакусаваную інфармацыйную працу прапаганды. Тут жа, калі дроны лятаюць ужо ў досыць вялікай колькасці, тлумачэнняў усё яшчэ няма.

І таму «расійскую версію», я б сказаў так акуратна, такія паводзіны прапаганды робяць больш імавернай. Для чаго гэта ўсё расейцам — незразумела.

Калі ў ліпені яны пару разоў праляцелі, то можна было думаць, што Лукашэнку так шчоўкнулі па носе, каб ён не надта мірыўся з украінцамі. А цяпер, калі гэта ператвараецца ў сістэму, то ўласна кажучы — што гэта? Чаго такім чынам можна дамагчыся?

Тым больш, паўтаруся, што сталі адбівацца як-ніяк. І гэта вельмі дзіўная гульня атрымліваецца. І абсалютна незразумелая.

— Гэта не падобна на версію, што Лукашэнку такім чынам хочуць далучыць да перамоўнага працэсу, калі не стварыць яму вобраз абаронцы Украіны, то хаця б падправіць рэпутацыю ў вачах украінцаў?

— Я не думаю. Урэшце рэшт, які ён міратворац ад таго, што ў Беларусь залятаюць дроны? Мне здаецца, што гэта нейкая надта складаная версія. Тым больш, што і мірнага працэсу мы не назіраем.

І ягоная роля там будзе вызначацца не тым, прылятаюць дроны ў Беларусь ці не, а ягонай вагой, ягонай роляй у вайне. Таму мне не здаецца, што такая сітуацыя можа рабіць яго больш прыдатнай фігурай у якасці пастаўшчыка добрых паслуг на перамовах.

Нічога пакуль не гаворыць пра гэтыя перамовы і пра ягоную ў іх ролю.

Так, калі сабе ўявіць, што калісьці такія перамовы будуць, то можа Лукашэнка там на прыстаўным стульчыку і будзе сядзець. Але не з прычыны таго, што ў Беларусь ляцяць чыесьці дроны, а таму, што ён насамрэч не адправіў беларускую армію ваяваць.

Такая прычына можа яму гэтае месца забяспечыць. А вось гэтая гісторыя пакуль незразумелая. Гэта самае складанае ва ўсёй гэтай сітуацыі.

Бо ўсе гэтыя апісанні таго, што там праляцела, тут узарвалася, яны важныя, цікавыя. Зразумела, што на людзей гэта ўздзейнічае. Але самае галоўнае пытанне: чаму і навошта? Усе адказы пакуль вельмі гіпатэтычныя, пазл не складваецца.

Бо калі і шукаць сэнс, то ў д’ябалізацыі аднаго з бакоў. Нехта скажа: «Гэта расейцы!» Чаму? «Таму што яны оркі, таму што яны хочуць Лукашэнку ўцягнуць у вайну». За два гады маглі ўцягнуць рознымі спосабамі. А нехта кажа: «Гэта ўкраінцы. Бандэраўцы, нацысты». Добра, а ў чым сэнс для іх? «А таму што нацысты!»

Я, па-шчырасці, не бачу сэнсу ні ў якім варыянце. Асабліва ў сітуацыі, калі і раз, і два, і тры. Бо разавы ўкол, разавы сігнал у нейкі пазл можна ўбудаваць. Але калі гэта ператвараецца ў нейкую сістэму, нейкую палітыку, то я не бачу сэнсу.

Сыходзячы нават з нейкіх звярыных тлумачэнняў, жахлівых, але рацыянальных матываў каго б там ні было — Кіева, ці Масквы. Я не бачу такога тлумачэння. Яно можа быць у тым, што яны вар’яты, што яны проста хочуць крыві. Калі так, то магчыма і так. Але рацыянальных тлумачэнняў у межах зразумелых мне матываў я не бачу.

 Салiдарнасць