Існуе відавочная супярэчнасьць, якая спараджае ў дэмакратычных сілах і ў грамадзтве спрэчкі, канфлікты і абвінавачаньні ў «бестэрміновай дыктатуры Ціханоўскай», пiша палiтычны аналiтык Юры Дракахруст.
Супярэчнасьць існуе паміж тым, што прэзыдэнта выбіралі ў 2020 годзе на пяць гадоў, і тым, што вызначыць свабодную волю ўсяго беларускага народу наконт улады налета будзе немагчыма.
Гэтыя звады могуць насамрэч прывесьці да далейшых расколаў, зьніжэньня і без таго невысокага аўтарытэту дэмакратычных сілаў і страты той асобы, якой замежныя партнэры «могуць пазваніць, каб пагаварыць з дэмакратычнай Беларусьсю». Наступствам гэтага можа стаць вяртаньне дэмакратычных сілаў у стан заслужана забытых КРДС, «Пяцёркі +» ды іншых ня вельмі ўдалых спробаў каардынацыі дзейнасьці апазыцыі ў нулявыя—дзясятыя гады.
Ці можна перадухіліць ці зьмякчыць такія наступствы?
У цяперашніх спрэчках абодва бакі дзіўным чынам апэлююць да прынцыпаў дэмакратыі, даводзячы імі рацыю супрацьлеглых падыходаў. Але, магчыма, больш плённым было б зьвярнуцца да практыкі дэмакратыі ў многіх краінах.
Бо якая насамрэч не ідэалягічная, а практычная подбіўка цяперашніх спрэчак? Пэўныя палітычныя сілы, найперш блёк Пракоп’ева — Ягорава ў Каардынацыйнай радзе, яўна не задаволеныя тым, як улічаныя ў Радзе іх інтарэсы. У чым яны і папракалі Паўла Латушку і Сьвятлану Ціханоўскую. На канфэрэнцыі «Новая Беларусь» істотных крокаў насустрач ім таксама зроблена не было.
У выніку наступіў адказ, які цалкам укладаецца ў лёгіку палітыкі: вы нам нічога, дык тады і мы прынамсі паспрабуем наагул паставіць пад сумнеў тое, чым вы ня хочаце дзяліцца.
Гэты немудрагелісты аналіз палітычнай подбіўкі канфлікту падказвае, які можа быць шлях зьніжэньня яго вастрыні. Яго падказвае і досьвед. У 2022 годзе ўжо ўзьнікала пэўнае напружаньне паміж Ціханоўскай і другой паводле вагі фігурай у дэмакратычных сілах — Латушкам. Быў прыдуманы Аб’яднаны пераходны кабінэт, у якім Латушка стаў намесьнікам Ціханоўскай. І раскол быў перадухілены.
Але ж і цяпер хіба нехта жорстка абмяжоўвае колькасьць «партфэляў» у АПК? Чаму не заснаваць пасаду прадстаўніка АПК, скажам, у палітычным плянаваньні? І чым Андрэй Ягораў не гатовы кандыдат на гэтую пасаду? Ці, напрыклад, прадстаўнік ў інавацыях, скажам. Ізноў жа мо ня вельмі ўдалая назва, але ж ясна, што пасада такога кшталту — акурат для Вадзіма Пракоп’ева.
Павал Латушка, абараняючы працяг легітымнасьці Ціханоўскай пасьля 2025 году, тлумачыў, што і КР, і АПК, і Ціханоўская ўлады ў прамым сэнсе ня маюць, таму, паводле яго, не выпадае гаварыць пра ўзурпацыю ўлады з боку Ціханоўскай. Дык пайсьці насустрач крытыкам, скансалідаваным у палітычную сілу, падзяліўшыся сымбалічнай «няўладай», напэўна, нават прасьцей, чым дзяліцца ўладай.
Нехта палічыць такі падыход занадта цынічным і беспрынцыповым. Але залучаць заўважных, уплывовых крытыкаў ва ўладу, дзяліцца зь імі калі ня ўладай, дык прэстыжам, сымбалямі ўлады — на гэтым жа стаяла і стаіць практыка дэмакратыі ўва ўсім сьвеце. Пра тое кажа і досьвед стварэньня АПК у 2022 годзе, як нагадана вышэй.
Хутчэй за ўсё, Ціханоўская гэта і сама выдатна ведае і разумее, але проста не разглядае сваіх крытыкаў з блёку Пракоп’ева — Ягорава як дастаткова важкую палітычную сілу, каб зь імі лічыцца і іх неяк улагоджваць. Аднак яны, імаверна, будуць падымаць стаўкі, каб пераканаць яе, што ацэнкі варта памяняць.
Не параўноўваю маштабаў, але вось кандыдат на віцэ-прэзыдэнта ад Рэспубліканскай партыі ЗША Джэй Вэнс некалі называў Дональда Трампа «ідыётам» і параўноўваў з Гітлерам. Ну і што? Ну, пагарачыўся, а зараз пераасэнсаваў сытуацыю і ацаніў альтэрнатывы. І цяпер, на думку Вэнса, Трамп — найлепшы прэзыдэнт для Амэрыкі.
Дэмакратыя — ня толькі высокія прынцыпы. Гэта яшчэ і практыкі — можа, не настолькі высокія, але эфэктыўныя.
"Свабода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия