Украінскі палітоляг, дырэктар Інстытуту сусьветнай палітыкі Яўген Магда аналізуе, чаму афіцыйны Менск адвёў войскі ад украінскай мяжы, адказвае, ці азначаюць некаторыя апошнія падзеі карэкцыю замежнапалітычнага курсу, і распавядае, як Кіеў паставіўся да вызваленьня Менскам украінскіх грамадзянаў.
— Аляксандар Лукашэнка заявіў пра ліквідацыю напружанасьці на мяжы з Украінай і даручыў адвесьці адтуль беларускія войскі. Ужо і беларускі міністар абароны, і старшыня КДБ заявілі, што ўсё гэта зроблена.
Па-вашаму, што адбылося? Ці публіка нечага ня ведае, нейкіх таемных пагадненьняў, ці ўсё неяк больш празаічна?
— Усё нашмат больш празаічна. Ніякай напружанасьці на мяжы зь Беларусьсю з боку Ўкраіны не было. Бо ніякай цікавасьці, ніякага рэзону для Ўкраіны павялічваць лінію фронту з Расеяй на тысячу кілямэтраў няма і не было. Гэта з тэрыторыі Беларусі ў сакавіку-кастрычніку 2022 году па Ўкраіне было выпушчана некалькі сотняў ракетаў. Пры тым ад Украіны ўдару ў адказ ніводнага не было.
Лукашэнка, на мой погляд, імкнецца паказаць, які ён вялікі стратэг і як у яго ўсё атрымліваецца. Я думаю, што на сёньняшні момант гэта ўсё дастаткова празаічна, таму што ён насамрэч стратэг слабенькі, у яго хутчэй добра разьвітыя палітычныя інстынкты.
Калі б ён быў добрым стратэгам, то ён не дазволіў бы Расіі зацягнуць сябе максымальна ў сфэру ейнага ўплыву, паспрабаваў бы круціцца. Але вось з уступленьня Беларусі ў ШАС у Лукашэнкі пачаўся пэрыяд рэнэсансу шматвэктарнасьці.
І ён, на мой погляд, імкнецца паказаць так званую стабілізацыю стасункаў з Украінай зь дзьвюх прычын. Першая — ён паказвае, што ўсё добра і ніякай вайны з тэрыторыі Беларусі ня будзе. А другая — ён паказвае, што вось я сытуацыю цалкам кантралюю і таму здольны быць прагназавальным партнэрам.
Збоку гэта нагадвае імкненьне ў цяперашнюю сьпякоту, якая стаіць у значнай частцы Эўропы, напіцца з кубка, які разьбіты дашчэнту. То бок Лукашэнка лье ваду на гэтыя абломкі, імкнучыся ўсіх пераканаць, што кубак цэлы. Але ўсе, хто назіраў за Лукашэнкам ва ўладзе нават не апошнія трыццаць гадоў, а хаця б апошнія чатыры гады пасьля 2020 году, разумеюць, што ягоная палітычная суб’ектнасьць цяпер вельмі абрэзаная, кароткая. І таму сурʼёзна зь ім размаўляць ніякага сэнсу няма.
— Цікава, што літаральна адначасова з адводам войскаў ад украінскай мяжы Лукашэнка заяўляе аб плянах абмеркаваць з Пуціным далейшыя крокі, якія тычыцца Ўкраіны. Вось ён адводзіць войскі і заяўляе, што абмяркуе з Пуціным далейшыя пляны. Выглядае ня вельмі самастойна. Як гэта ацаніць?
— Сустрэча з Пуціным — гэта адна зь нешматлікіх замежнапалітычных сустрэчаў Лукашэнкі, якую ён сапраўды можа спрагназаваць. Бо спрагназаваць візыт, напрыклад, нават на Каўказ ці Цэнтральную Азію даволі складана і не гарантавана.
Лукашэнка робіць заявы ў тым ліку і для свайго электарату. Маўляў, я сустракаюся з Пуціным — значыць, у нас усё ў парадку.
— Украіна — гэта адзін крок. Аднак разам з гэтым міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў паведаміў, што Лукашэнка прапанаваў польскаму боку, што Менск гатовы прыняць любую польскую дэлегацыю, любых польскіх экспэртаў, спэцыялістаў, каб разам паглядзець на сытуацыю на мяжы. Маўляў, Беларусь хоча дээскаляваць сытуацыю на беларуска-польскай мяжы. Гэта ўжо складаецца ў нейкую пасьлядоўнасьць, мазаіку?
— Беларусь выказала спачуваньні Польшчы з нагоды забойства мігрантам польскага памежніка? Не! Зрабілі выгляд, што нічога не адбылося. Рэгуляваць плынь мігрантаў нескладана, бо ўсе яны залежаць ад беларускіх сілавікоў.
Калі міністар Рыжанкоў такі сьмелы і бадзёры — чаму ён не патэлефанаваў свайму ўкраінскаму калегу Дзьмітрыю Кулебу і не прапанаваў, напрыклад, сустрэцца? Бо паміж Беларусьсю і Ўкраінай ёсьць дыпляматычныя адносіны да гэтага часу, калі Рыжанкоў забыўся. Няхай бы ён паказаў, што гатовы да шырокіх жэстаў, што Беларусь гатовая адказваць за тое, што адбываецца на яе тэрыторыі. Мне здаецца, гэта быў бы куды мацнейшы крок.
— Акрамя таго, што я ўжо пералічыў (вакол украінскай і польскай межаў), ёсьць яшчэ і інфармацыя пра вызваленьне каля 20 палітвязьняў. Некаторыя аглядальнікі, ацэньваючы ўсё гэта, заяўляюць пра карэкцыю курсу. Тыя ж кадравыя зьмены, зьяўленьне ва ўладзе Натальлі Пяткевіч.
— Я лічу, што Лукашэнка, у першую чаргу, рыхтуецца да выбараў 2025 году. Каб атрымаць станоўчы для сябе вынік і не паўтарыць палітычнага крызісу 2020 году, які для яго стаў сур’ёзным выпрабаваньнем.
Гульня з палітзьняволенымі гаворыць толькі пра цынізм беларускай улады. Я лічу, што Лукашэнка бачыць гэта так: я адпушчу 20 чалавек, мне патэлефануе Кая Калас пасьля прызначэньня Вярхоўным прадстаўніком па пытаньнях дыпляматыі Эўрапейскага Зьвязу. А калі не патэлефануе, ну, паспрабую яшчэ 20 адпусьціць. У мяне ж усё роўна сядзіць некалькі тысяч, да таго ж я магу заўжды новых набраць.
Гэта значыць — палітыка пугі і перніка, якая бʼе па чалавечых жыцьцях. Яна, у прынцыпе, нічога ад Лукашэнкі асаблівага не патрабуе. Ніякага асаблівага натхненьня ці асаблівага падыходу. Таму я думаю, што ён будзе ў гэтую гульню працягваць гуляць далей.
Як доўга? Пакуль ня ведаю. Але я разумею, што сёньня ключ да зьменаў у Беларусі знаходзіцца ў Маскве, а не ў якой-небудзь іншай сталіцы.
— Усё ж такі Лукашэнка яшчэ на парадзе 3 ліпеня сьцьвярджаў, што абвастрэньне на мяжы з Украінай, тысячы добраахвотнікаў тэлефанавалі ў ваенкаматы і хацелі абараняць Беларусь. Нейкае абвастрэньне, якога ніхто не заўважыў, а зараз «напружанасьць ліквідаваная». Навошта быў гэты манэўр? Сам стварыў абвастрэньне, сам жа яго ліквідаваў. У гэтым была і задума — ці, можа, там нешта іншае стаяла, па-вашаму?
— Гэта ж бездакорны спосаб для таго, каб нагадаць пра сябе, нагадаць, што ты кіруеш краінай і не дапускаеш вайны.
Лукашэнка грае ў папулізм, ужо больш за 30 гадоў. Наколькі я разумею, ягоныя дарадцы параілі згуляць з Украінай, для таго каб паказаць, што, маўляў, ну глядзіце, ва Ўкраіне ж вайна, а можа вайна і на тэрыторыю Беларусі перакінуцца. А мы тут прыклалі ўсе намаганьні для таго, каб гэтага не адбылося. Дык гэтага і не адбудзецца, таму што гэта нікому не патрэбна.
Бо і сам Лукашэнка, магчыма, баіцца мабілізацыйных мерапрыемстваў у беларускім войску. Бо зброю будуць браць людзі, якія выходзілі на пратэсты ў 2020 годзе. Гэта ня той выпадак, калі Лукашэнка з аўтаматам бегаў каля сваёй рэзыдэнцыі. Гэта крыху ўсё цікавей.
— Ну, а гэты ягоны манэўр хоць неяк пасьпелі ва Ўкраіне заўважыць? Друк, палітыкі ці аналітыкі ўкраінскія неяк адрэагавалі?
— Калі Лукашэнку не пахваліў нават начальнік ГУР Кірыла Буданаў — то, лічыце, ніхто не заўважыў. Насамрэч мы рады вяртаньню зь беларускіх турмаў пяці нашых грамадзянаў. Гэта для Ўкраіны быў, безумоўна, плюс. Але лічыць, што ўся Ўкраіна, затаіўшы дух, сочыць за тым, што яшчэ выдасьць Лукашэнка, — гэта, я думаю, будзе сурʼёзным перабольшаньнем.
— А якія вэрсіі гучалі — што ў адказ на вызваленьне ўкраінскіх грамадзян атрымаў афіцыйны Менск?
— Я ня думаю, што Беларусь атрымала нешта ў пляне нейкіх гарантыяў, бо Ўкраіне няма сэнсу пагаршаць адносіны зь Беларусьсю. Лукашэнка ў ягонай цяперашняй сытуацыі павінен сядзець і рыхтавацца да завяршэньня расейска-ўкраінскай вайны, пралічваць розныя сцэнары ў меру свайго разуменьня. Таму што ўсё, што будзе тычыцца кампэнсацыі з боку Расеі яе агрэсіўных дзеяньняў, паводле дзіўнага зьбегу абставінаў, можа перакінуцца і на яго. Вось якраз гэта будзе той момант, калі Крэмль абавязкова прыгадае пра свайго даўняга і адданага саюзьніка.
Віталь Цыганкоў, "Свабода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия