Ігар Тышкевіч, украінскі палітоляг беларускага паходжаньня, экспэрт Украінскага інстытуту будучыні, аналізуе імавернасьць пачатку перамоваў паміж Расеяй і Ўкраінай, выказвае думку, што Кітаю нявыгадна, каб Расея перамагла ў вайне, і ацэньвае «міратворчыя» пэрспэктывы Аляксандра Лукашэнкі.
— Апошнім часам усё часьцей з самых розных бакоў (у тым ліку і з Кіева, і нават з Масквы) гучаць развагі пра магчымыя перамовы наконт заканчэньня вайны ва Ўкраіне. Як вы лічыце, гэта проста палітычная рыторыка з мэтай абвінаваціць праціўніка ў нежаданьні міру — ці сапраўды адбываюцца нейкія працэсы, якія набліжаюць пэўныя зрухі? Наколькі імаверныя мірныя перамовы?
— Зацяжная вайна — гэта дылема: у каго больш рэсурсаў. Украіна — дзяржава, якая стала ахвярай агрэсіі, мае часткова зруйнаваную эканоміку, вялікую колькасьць уцекачоў. Натуральна, яна вядзе вайну шмат у чым дзякуючы замежнай падтрымцы. Але гэты працэс не бясконцы. У тым ліку не бясконцыя ўнутраныя рэсурсы Ўкраіны.
Расейская Фэдэрацыя ў лепшым становішчы зь фінансавага гледзішча і з гледзішча чалавечых рэсурсаў. Але, з другога боку, накладзеныя на Расею санкцыі моцна яе абмяжоўваюць у тэхналягічным аспэкце. Яна тут відавочна адстае, і гэты працэс можа стаць незваротным цягам наступных гадоў. Да таго ж расейская эканоміка трапляе ў вялікую тэхналягічную і фінансавую залежнасьць ад Кітаю. Па вялікім рахунку, Кітай зараз робіць з Расеяй тое, што Крэмль намагаўся рабіць зь Беларусьсю, толькі Кітай гэта робіць хутчэй і больш эфэктыўна.
Адпаведна, у той ці іншай ступені і Расеі, і Ўкраіне патрэбна нейкае завяршэньне вайны. Іншая справа, на якіх умовах. Калі аналізаваць даступныя на сёньня сцэнары, то, па вялікім рахунку, няма сцэнару перамогі Расеі і няма сцэнару поўнай перамогі Ўкраіны. Таму цяпер баявыя дзеяньні скіраваныя найперш на тое, каб атрымаць лепшыя перамоўныя пазыцыі.
Гаворачы пра рэальнасьць перамоваў, я б ня быў настолькі аптымістычны, каб сьцьвярджаць, што яны могуць пачацца ў найбліжэйшыя месяцы. Магчыма, можа пачацца публічная частка сустрэч «упаўнаважаных асобаў». Гэта яшчэ не перамовы, гэта кансультацыі наконт таго, у якім фармаце і на якія тэмы могуць пачацца перамовы.
— Я бачыў украінскую сацыялёгію, паводле якой большасьць украінцаў хацелі б пачатку перамоваў, але не гатовыя ісьці ні на якія саступкі Расеі ў пытаньні тэрыторыяў. Наколькі афіцыйны Кіеў вымушаны рэагаваць на грамадзкую думку? Ці можа ён сабе дазволіць ігнараваць яе ва ўмовах вайны?
— Сацыялёгія, безумоўна, уплывае на дзеяньні палітыкаў. Дарэчы, мы маем расейскія апытаньні, якія паказваюць, што ў расейскім грамадзтве тэма завяршэньня таго, што там называюць «СВО», набірае больш за 65 працэнтаў падтрымкі. Так што ў абедзьвюх краінах думка грамадзтва прыблізна такая: няхай вайна скончыцца, але ахвяраваць нейкімі заваёвамі і інтарэсамі мы не гатовыя. Калі б грамадзкая думка была павернутая ў бок «спыніць вайну любой цаной», то гэта моцна ўплывала б на палітыкаў. Але такога настрою грамадзтва няма ні ў Расеі, ні ва Ўкраіне.
— Многія чакаюць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у ЗША ў лістападзе і кажуць, што любыя прагнозы ня варта рабіць да гэтага моманту. Але наколькі гэты чыньнік вызначальны з пункту гледжаньня магчымасьці спыненьня вайны?
— Дзесьці палова ваеннай дапамогі Ўкраіне — зброя, амуніцыя, боепрыпасы — паступае з ЗША. Вашынгтон мае апошняе слова ў сэнсе перадачы і ўмоваў выкарыстаньня найбольш тэхналягічных узбраеньняў.
З другога боку, заходнія партнэры могуць раіць, рэкамэндаваць, але іх слова не зьяўляецца вырашальным для Кіева. Вельмі яркі прыклад — калі ЗША ў канцы 2023 году ўвайшлі ў пэўны ўнутраны палітычны крызіс, які дэ-факта спыніў вайсковую дапамогу Ўкраіне амаль на 6 месяцаў. І я б не сказаў, што на фронце ў той пэрыяд адбылася поўная катастрофа.
Так, ад ЗША шмат што залежыць, у іх свая грамадзкая думка. І выглядае, ЗША ня могуць сабе дазволіць, каб прайграла Ўкраіна. Але пры гэтым як рэспубліканцы, так і дэмакраты не ўспрымаюць тэзісу, што Расея мусіць цалкам прайграць. Бо для ЗША ключавое пытаньне ўсё ж — канкурэнцыя з Кітаем. Зьніжэньне геапалітычных прэтэнзіяў Расеі на статус звышдзяржавы — працэс, выгадны і Пэкіну, і Вашынгтону. Але выгадны па-рознаму. Для Пэкіну важна, што можна Расею прывязаць да сябе і фактычна зрабіць залежнай краінай, эканоміка якой будзе завязаная на Кітай.
Для ЗША зьвядзеньне статусу Расеі да неглябальнага рэгіянальнага лідэра выгаднае, але пры адной умове: што Расея ня будзе настолькі залежная ад Кітаю.
— А Кітай можа адкінуць гістарычна ўласьцівую яму асьцярожнасьць і пачаць больш актыўна падтрымліваць Расею ў вайне з Украінай?
— А навошта гэта Кітаю? Давайце паглядзім, што адбываецца. Ці адбываецца перадача кітайскіх узбраеньняў Расеі? Што б ні пісалі ў прэсе, даказаных фактаў няма. Зусім. Ці адбываецца перадача праз проксі-дзяржавы? Не. Нават Беларусь ня можа перадаць Расеі свае «Палянэзы» (створаныя ў супрацоўніцтве з Кітаем), хоць прадае іх Азэрбайджану. А ў Расею ня можа іх прадаць, бо Кітай супраць.
Для Кітаю нявыгадна, каб Расея перамагла ў гэтай вайне з Украінай. Бо калі яна перамагае, то пачынае рэалізоўваць свае геапалітычныя амбіцыі і ў іншых рэгіёнах. Давайце паглядзім на Цэнтральную Азію — гэта рэгіён, дзе дамінаваньне Расеі зьмянілася на дамінаваньне Кітаю. ШАС (Шанхайская арганізацыя супрацоўніцтва) стала фактычна правадніком кітайскіх інтарэсаў. Таму паўтаруся: навошта Кітаю падтрымліваць Расею, каб тая пачала сьцьвярджаць свае амбіцыі?
— Аляксандар Лукашэнка 17 верасьня зноў даў зразумець, што хацеў бы ўзяць удзел у перамовах паміж Захадам і Расеяй аб прымірэньні ва Ўкраіне. Нават расказаў загадкавую гісторыю, што амэрыканцы «апошнім часам вельмі часта намякалі нам аб перамовах і нават выставілі ўмовы для гэтых перамоваў, мы пагадзіліся».
— Для Лукашэнкі гэта пытаньне выжываньня. Расея — гэта сіла, якая пры нагодзе можа дапамагчы яму ўтрымацца ва ўладзе. Але яна ж адзіная сіла, якая можа яго зрынуць.
Што можа адбыцца, калі РФ выйдзе з вайны на нявыгадных для сябе ўмовах? Расейскае грамадзтва будзе перакананае, што Расея прайграла. І, каб пагасіць гэты нэгатыў, будзе патрэбна пэўная геапалітычная перамога. Напрыклад, большая прывязка да сябе Беларусі і вырашэньне пытаньня Лукашэнкі.
Іншы варыянт — калі Ўкраіна праваліцца і Расея пераможа. Навошта тады Крамлю цацкацца з Лукашэнкам?
Таму, як ні парадаксальна, для Лукашэнкі фармат нейкага замірэньня, дзе ніводзін з бакоў ня ўзяў канчаткова верх, можа стаць найлепшым. І, адпаведна, Лукашэнка будзе шукаць варыянты, пры якіх ён можа стаць удзельнікам перамоўнага працэсу.
Паралельна з гэтым Лукашэнка ліхаманкава актывізуе кітайскі вэктар. І гэта знаходзіць разуменьне ў Пэкіне, бо Кітаю важнае пашырэньне ўласнай зоны ўплыву. Мы назіраем істотнае ажыўленьне кантактаў за апошнія 4 месяцы.
— Аднак Кітай, у сваю чаргу, патрабуе ад Менску нармалізаваць адносіны з Захадам, з Польшчай. Хіба Лукашэнка на гэта здольны?
— Давайце прааналізуем некалькі падзеяў апошняга часу. Па-першае, аднаўленьне кадравага складу ў кіраўніцтве: упершыню за апошнія гады прызначэньне атрымалі асобы, якія не зьяўляюцца «людзьмі ў пагонах». Далей: адбылося некалькі этапаў памілаваньня палітвязьняў, і відавочна, што гэты працэс будзе працягвацца. Адначасова назіраем зьніжэньне колькасьці незаконных мігрантаў на беларуска-польскай мяжы; першыя судовыя працэсы адносна тых, хто нібыта арганізоўваў нелегальны трафік мігрантаў; арышты нелегальных мігрантаў, якія заехалі з тэрыторыі Расеі.
Таксама прагучала запрашэньне ў адрас заходніх палітыкаў на канфэрэнцыю аб нелегальнай міграцыі, якая плянуецца ў Менску. Здаецца, гэта больш чым дастатковая колькасьць прыкметаў таго, што афіцыйны Менск імкнецца да нармалізацыі адносінаў хаця б з Польшчай.
Віталь Цыганкоў, "Свабода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия