У лекцыі новага міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова 2 верасьня для калектыву Акадэміі кіраваньня моцны акцэнт робіцца на прапаганду ў дзейнасьці ведамства.
МЗС пачынае канкураваць зь Міністэрствам інфармацыі ў прасоўваньні піяру, прапагандысцкіх наратываў, што звычайна не характэрна для дзейнасьці дыпляматычнай установы, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.
Лекцыя новага міністра замежных спраў Максіма Рыжанкова 2 верасьня, прысьвечаная пачатку новага навучальнага году ў Акадэміі кіраваньня, не шараговая зьява. Сам факт яе правядзеньня не ў будынку Акадэміі кіраваньня, а ў Палацы Рэспублікі сьведчыць пра значэньне, якое надалі ёй улады (ва ўсялікім разе МЗС і сам яго малады кіраўнік). Можна сказаць, што ў пэўным сэнсе гэта была праграмная прамова. У ёй заяўлены прыярытэты і акцэнты, якіх будзе цяпер прытрымлівацца дыпляматычнае ведамства.
У чым адметнасьць дзейнасьці МЗС пры новым міністры? Стратэгія застаецца ранейшай, але мяняюцца прыярытэты, тактыка і, што асабліва прыкметна, стылістыка. Можна нават сказаць, што ў пэўным сэнсе мяняецца функцыя МЗС. Моцны акцэнт робіцца на прапаганду ў дзейнасьці ведамства. МЗС пачынае канкураваць зь Міністэрствам інфармацыі ў прасоўваньні піяру, прапагандысцкіх наратываў, што звычайна не характэрна для дзейнасьці дыпляматычнай установы. У гэтым пляне і цікавая лекцыя Рыжанкова.
Важна падкрэсьліць, што прапагандысцкія наратывы, якія праводзіць міністар, не беларускія, а ў асноўным расейскія. І яны супярэчлівыя. Што, зрэшты, ня дзіўна, бо прапагандысцкія канструкты ў самой сваёй прыродзе не павінны быць лягічнымі. Вось некалькі прыкладаў.
Асноўны лейтматыў разважаньняў міністра палягае ў тым, што аднапалярны сьвет разбураны, пэрыяд гегемоніі і дамінаваньня Захаду скончыўся: «Цяпер мы назіраем трансфармацыю асноў аднапалярнасьці і зараджэньне працэсаў фармаваньня больш справядлівага сусьветнага парадку, дзе Глябальныя Усход і Поўдзень павінны мець большую палітычную вагу, сувымерную іх патэнцыялу». І канфлікты ў сьвеце нібыта выкліканы «негатоўнасцью Захаду разьвітацца з прывілеямі гегемона і прыняць аб’ектыўны зрух парадыгмы ў сусьветным балянсе сілаў з умоўнага Захаду на ўмоўныя Поўдзень і Ўсход».
А з другога боку, паводле Рыжанкова, «Вашынгтон і Брусэль актыўна выкарыстоўваюць вынікі работы падкантрольных мэханізмаў ААН і АБСЭ» для сваіх мэтаў, у прыватнасьці для ўвядзеньня санкцый.
Дык калі Захад стаў слабы, страціў гегемонію, то як ён можа кантраляваць міжнародныя арганізацыі кшталту ААН, дзе абсалютная большасьць краін асудзілі агрэсію Расеі ў саюзе зь Беларусьсю супраць Украіны? Ці не выдае міністар жаданае за існае?
Рыжанкоў разважае далей, працягваючы той самы наратыў: «На нашых вачах ствараюцца контуры поліцэнтрычнага сьветаўладкаваньня». Зафіксавалі гэты тэзіс.
А далей кіраўнік МЗС заяўляе: «Складаюцца перадумовы для пабудовы біпалярнай або квазіпалярнай сыстэмы, дзе з аднаго боку будуць прадстаўленыя ЗША разам са сваімі эўрапейскімі і азіяцкімі сатэлітамі, а з другога боку — Расея і Кітай зь іхнымі саюзьнікамі і ўмоўна „недалучанымі“ краінамі».
Ня будзем асабліва засяроджвацца на спэцыфічнай — не дыпляматычнай, а прапагандысцкай — тэрміналёгіі (у ЗША — «сатэліты», у Расеі і Кітая — «саюзьнікі»), а зьвернем увагу на супярэчлівы зьмест. Справа ў тым, што «поліцэнтрычнае сьветаўладкаваньне» і «біпалярная сыстэма» — гэта абсалютна розныя мадэлі.
Поліцэнтрызм азначае, што існуюць розныя і шматлікія цэнтры сілы, ні ў кога няма дамінаваньня, наступае раўнапраўе ў міжнародных адносінах, што павялічвае ўплыў невялікіх дзяржаў кшталту Беларусі. Карціна ідэалістычная, але чаму б не памáрыць.
А вось біпалярная сыстэма — гэта такая мадэль, дзе існуюць два цэнтры (верагодней за ўсё, ЗША і Кітай), адносіны паміж якімі і фармуюць аснову ўсіх міжнародных адносін, усяго сьветаўладкаваньня. Як тое было ў часы «халоднай вайны», калі існавала двухполюсная мадэль з дамінаваньнем ЗША і СССР. Але ў такой сыстэме суб’ектнасьць такіх невялікіх краін, як Беларусь, невялікая, яны вымушаны падпарадкоўвацца правілам, выпрацаваным вялікімі дзяржавамі, якія і захоўваюць гэтую біпалярнасьць.
Дык за што змагаецца Беларусь? За поліцэнтрычнасьць ці біпалярнасьць? Чаму біпалярны сьвет лепшы за аднапалярны? Няма адказу. Бо ён па-за межамі прапагандысцкага дыскурсу.
Яшчэ адна супярэчнасьць. З аднаго боку, міністар даводзіць марксісцкі тэзіс, што «палітыка ёсьць канцэнтраванае адлюстраваньне эканомікі». «І ў пераважных выпадках эканамічная, а яшчэ дакладней, фінансавая падаплёка, — звярнуў увагу Максім Рыжанкоў, — зьяўляецца трыгерам і рухальнай сілай» розных міжнародных працэсаў. «Першапрычыны большасьці разьвязаных Захадам ваенных кампаній апошніх дзесяцігодзьдзяў звязаныя менавіта з пашырэньнем дамінаваньня ў сьвеце і барацьбой за энэргарэсурсы. Плюс атрыманьне калясальных даходаў канцэрнаў, зьвязаных з ВПК» — кажа міністар.
З другога боку, Рыжанкоў шмат разважае, што санкцыі супраць Беларусі эканамічна ня выгадныя Захаду: «Напрыклад, штогадовыя прамыя страты літоўскай эканомікі ад разрыву сувязяў зь Беларусьсю ацэньваюцца ў каля $1 млрд. Гэта ўжо ня стрэл сабе ў нагу, гэта, хутчэй, кулямётная чарга ва ўпор».
Тут міністру трэба неяк дамовіцца з самім сабой. Ці то ў палітыцы Захаду дамінуе эканамічны інтарэс, ці краіны ЭЗ і ЗША ахвяруюць эканомікай дзеля палітычных мэтаў? Ва ўсім вінаватыя сьпічрайтэры?
Рыжанкоў анансаваў правядзеньне ў Беларусі ў лістападзе 2024 году міжнароднай канфэрэнцыі на тэму супрацьдзеяньня нелегальнай міграцыі ў рэгіёне. Паводле міністра, «сярод патэнцыйных удзельнікаў канфэрэнцыі пацьвердзілі ўжо свой удзел шэраг міністраў краін Эўрапейскага зьвязу».
Цікавы паварот. Спачатку беларускія ўлады штучна арганізавалі міграцыйны крызіс у рэгіёне, а цяпер Менск прапануе Эўразьвязу абмеркаваць умовы, на якіх кіраўніцтва Беларусі гатовае вырашыць праблему. Вызваленьне некалькіх дзясяткаў палітвязьняў не зацікавіла Захад, дык робіцца наступны крок. Маўляў, ужо тэма мігрантаў павінна прыцягнуць міністраў краін ЭЗ у Менск. Пакуль, праўда, незразумела, наколькі рэалістычныя падобныя спадзяваньні.
"Свабода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия