12 лістапада адразу два зь сямі патэнцыйных кандыдатаў у прэзыдэнты заявілі пра рашэньне зьняцца з выбараў на карысьць Аляксандра Лукашэнкі. Гэта зрабілі старшыня Саюзу афіцэраў Сяргей Бобрыкаў і галоўны ідэоляг Менгарвыканкаму Вольга Чамаданава, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.

Раней ужо даводзілася пісаць, што вылучэньне паралельна з Аляксандрам Лукашэнкам яшчэ некалькіх прэтэндэнтаў, пасьлядоўных прыхільнікаў уладара, стварае дзіўную сытуацыю з гледзішча нармальнай лёгікі. Яны павінны быць нібыта ягонымі апанэнтамі — і адначасова падтрымліваць існы рэжым і ягоную палітыку. Маўляў, я іду кандыдатам у прэзыдэнты, каб падтрымаць адзінага і незаменнага правадыра. Такая практыка існуе ў Расеі, некаторых краінах Цэнтральнай Азіі. Але ў Беларусі раней такое не практыкавалася ў настолькі непрыкрытым выглядзе.

Першае пытаньне, якое ўзьнікае: як назваць гэтых асобаў? Альтэрнатыўнымі прэтэндэнтамі іх лічыць нельга, бо ніякай палітычнай альтэрнатывы яны не прапануюць. У незалежных мэдыя прыжылося слова «спойлеры». Аднак у дадзеным выпадку гэта не зусім дакладны тэрмін. Бо спойлер — гэта кандыдат, які адцягвае на сябе частку галасоў у іншага кандыдата з падобнай праграмай, паніжаючы тым самым ягоныя шанцы на перамогу. Напрыклад, падчас выбарчай кампаніі 2020 году спойлерамі былі Ганна Канапацкая, Андрэй Дзьмітрыеў, Сяргей Чэрачань, якія забіралі галасы ў Сьвятланы Ціханоўскай. Ад каго адцягваюць электарат цяперашнія кандыдаты, незразумела. Тым больш што рэальнага падліку галасоў не прадбачыцца.

Ёсьць яшчэ такое слова «спарынг-партнэры». Але яно таксама недакладна адлюстроўвае цяперашнюю сытуацыю. Бо, напрыклад, у спорце спарынг-партнэр — гэта спартовец, які дапамагае іншаму спартоўцу на трэніроўках падрыхтавацца да важнага спаборніцтва, адпрацаваць прыёмы, тэхніку. Але ён павінен імітаваць рэальнае спаборніцтва, супраціўляцца. А ўявіць, што цяперашнія кандыдаты будуць сапраўды спрачацца з Лукашэнкам, спаборнічаць зь ім, немагчыма.

Гэтыя фэйкавыя кандыдаты павінны стаць часткай, элемэнтам звыклага выбарчага рытуалу і неяк уплываць на зусім апалітычных выбарцаў, для якіх зьмест выбараў зусім ня мае значэньня. Для іх, як калісьці казала Натальля Качанава, выбары — гэта сьвята, буфэт ды іншыя вонкавыя атрыбуты.

З самага пачатку было відавочна, што ўдзел у выбарчай кампаніі гэтых эрзац-кандыдатаў будзе сьмешны і кур’ёзны. Так і здарылася.

Старшыня Саюзу афіцэраў Сяргей Бобрыкаў тлумачыць свой сыход з выбарчай кампаніі тым, што з моманту рэгістрацыі ініцыятыўнай групы яму пачалі паступаць шматлікія звароты афіцэраў з прапановай зьняцца з выбараў. Дзеля таго «каб забясьпечыць згуртаванасьць афіцэрскага корпусу, не дапусьціць дваякіх думак сярод вайскоўцаў, каб падтрымаць дзейнага кіраўніка дзяржавы і нашага лідэра».

Тады навошта было вылучацца? Ня ведаў пра магчымасьць «дваякіх думак сярод вайскоўцаў»? А прызнаньне шматлікіх зваротаў з боку афіцэрскага корпусу сьведчыць пра тое, што рашэньне вылучацца не абмяркоўвалася ў Саюзе афіцэраў. І ці існуе ў такім выпадку рэальна такая арганізацыя? Хто тады загадаў таварышу Бобрыкаву вылучацца?

Вольга Чамаданава патлумачыла, што здымае кандыдатуру, бо Лукашэнка — лепшы за яе, і існуе такі запыт грамадзтва, трэба кансалідавацца «вакол нашага прэзыдэнта». Атрымліваецца, раней яна лічыла, што яе кандыдатура — лепшая, чым Лукашэнкі? Ці не крамольная такая выснова ў цяперашняй Беларусі?

Але немагчыма шукаць лёгікі там, дзе яе проста ня можа быць. Узьнікае толькі адно пытаньне: які сэнс ва ўсіх гэтых дзіўных з нармальнага гледзішча паваротах выбарчай кампаніі?

Варыянт першы. Гэта частка першапачатковага сцэнару. Так было задумана. Хоць бы дзеля таго, каб падтрымліваць цікавасьць да выбарчай кампаніі, штучна стварыць ілюзію інтрыгі. Вось жа траіх прэтэндэнтаў адсеялі на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных груп, двое выйшлі з кампаніі самі, яшчэ хтосьці не зьбярэ неабходныя 100 тысяч подпісаў. І на фінішы апынуцца 3–4 кандыдаты. Як і прадказваў старшыня ЦВК Ігар Карпенка.

Наяўнасьць такога першапачатковага сцэнару магчымая, але ня вельмі верагодная. Бо звонку гэта выглядае трохі няўклюдна. Два кандыдаты раптам у адзін дзень сынхронна вырашылі зьняцца з выбараў. Адначасова ім прыйшла ў галаву адна і тая ж думка. Прычым тлумачэньне такога рашэньня даволі нязграбнае. Публіка не паверыць. Вельмі імаверна, што Бобрыкаву і Чамаданавай спачатку загадалі вылучацца, а потым іх прымусілі зьняцца.

Варыянт другі. Улады на хаду зьмянілі сцэнар кампаніі. Бо нешта пайшло ня так, і атачэньне Лукашэнкі адчула нейкую няўпэўненасьць. Таму і мітусяцца. У гэтым пляне вельмі паказальныя словы Бобрыкава наконт «дваякіх думак сярод вайскоўцаў». То бок трэба разумець так, што адназначнай падтрымкі Лукашэнкі ў вайсковым асяродзьдзі няма?

"Свабода"