Фактычна з 3 ліпеня цягнецца вялацякучы працэс вызвалення беларускіх палітвязняў: за два месяцы на волю, як афіцыйна абвешчана, выйшлі (і яшчэ выходзяць) 48 палітзняволеных. Такімі тэмпамі цяперашніх закладнікаў рэжыму хопіць не адзін год. Аднак адначасова ідзе працэс захопу новых закладнікаў, прычым больш хуткімі тэмпамі: за апошні месяц новымі палітвязнямі аб’яўлены каля 70 чалавек.

Дык навошта ўся гэтая гульня ў «вызваленне палітвязняў»? Вызваліць 50, каб на іх месца кінуць сотню новых?

Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валерый Карбалевіч бачыць дзве галоўныя прычыны такіх дзеянняў. Абедзве яны маюць адносіны да прэзідэнцкай кампаніі, якая мае адбыцца ў 2025 годзе.

Валерый Карбалевіч нагадвае, што фактычна прайшлі дзве хвалі вызваленняў палітычных праціўнікаў Лукашэнкі:

– Першая хваля адбылася пасля 3 ліпеня, у выніку якой вызвалена 18 чалавек. Цяпер новая хваля, нібыта паводле ўказа, павінна быць вызвалена 30 чалавек, хаця пакуль вядомыя імёны толькі 22 чалавек.

Навошта вызваляць сваіх праціўнікаў, калі гэтая «гуманнасць» не прыносіць яўных дывідэндаў рэжыму?

– Улады дэманстратыўна паказваюць, што гэта не ёсць пачатак лібералізацыі. Таму што адначасова з вызваленнем адных палітвязняў затрымліваюць новых палітвязняў, і колькасць затрыманых большая, чым вызваленых. Больш за тое, з’явілася тэндэднцыя, калі людзей з «хіміі» пачалі пераводзіць у калоніі. Для Лукашэнкі вельмі важна, каб у грамадстве раптам не падумалі, што гэта лібералізацыя.

Усе чакаюць і трэцюю хвалю вызваленняў. Мяркуючы па тым, што па калоніях ездзяць чыноўнікі з праваахоўных органаў, патрабуюць і нават прымушаюць палітвязняў пісаць прашэнні аб памілаванні.

У любым выпадку гэта сігнал. І варта зразумець, каму і дзеля чаго адрасуецца гэты сігнал.

– Найперш – унутранай аўдыторыі. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка хацеў бы трошкі палепшыць, ачалавечыць, трошкі гуманізаваць свой імідж, свой вобраз. Невыпадкова вызваляюцца хворыя і людзі сталага веку: калі зняволены памірае за кратамі, гэта не вельмі добра ўспрымаецца грамадствам, нават прыхільнікамі Лукашэнкі. Таму гэта спроба стварыць больш пазітыўны вобраз напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў – гэта сігнал унутранай аўдыторыі, – кажа палітычны аглядальнік.

Але Валерый Карбалевіч бачыць і сігнал вонкавай аўдыторыі, найперш Захаду. У чым сэнс гэтага сігналу?

– Зноў жа, як мне падаецца, ён звязаны з прэзідэнцкімі выбарамі. Лукашэнка хацеў бы нейкага прызнання новых прэзідэнцкіх выбараў, прызнання новай перамогі, ягонага статуса – прэзідэнта Беларусі. Бо цяперашні статус, калі Захад не прызнае яго прэзідэнтам, трохі дыскамфортны для Лукашэнкі. Тут ідуць нейкія размовы пра перамовы паміж Расіяй і Украінай, паміж расіяй і Захадам, асабліва ў звязку з прэзідэнцкімі выбарамі ў ЗША, дзе не выключана перамога Дональда Трампа, які дэманструе іншы падыход да гэтай вайны.

– І вось калі пачнуцца перамовы, то Лукашэнка хацеў бы неяк у іх удзельнічаць. Але дзеля гэтага трэба прызнанне ягонага статуса, таму што яго спытаюць: а ўвогуле ты хто такі? Хай сабе прызнанне не на 100 працэнтаў фармальнае, але хаця б рэальнае, то бок какб яго прызналі рэальным кіраўніком на гэтай тэрыторыі. То бок ён хоча адаптаваць цяперашнюю сітуацыю да таго, што адбылося пасля 2020 года.

Наколькі гэта рэалістычна? Палітычны аглядальнік лічыць, што Захад успрыняў першы крок Лукашэнкі пазітыўна.

BGmedia