Калі два месяцы таму BelPol (аб’яднаньне былых сілавікоў, якое мае доступ да інсайдэрскай інфармацыі зь дзяржаўных органаў) паведаміў, што беларускія ўлады прынялі рашэньне правесьці прэзыдэнцкія выбары 23 лютага 2025 году, Аляксандар Лукашэнка назваў тую інфармацыю «інсынуацыяй». BelPol памыліўся амаль на месяц. Аднак больш важным у тым паведамленьні быў факт, што прэзыдэнцкія выбары пройдуць датэрмінова. Прызначэньне іх на 26 студзеня азначае, што яны адбудуцца на паўгода раней за тэрмін, вызначаны Канстытуцыяй, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.
Паводле артыкулу 81 дзейнай Канстытуцыі Беларусі, выбары прэзыдэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазьней як за пяць месяцаў і праводзяцца не пазьней як за два месяцы да сканчэньня тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзыдэнта. Гэта значыць, што выбары павінны быць прызначаныя дзесьці на ліпень 2025 году, не пазьней за 20 ліпеня.
БелТА цытуе старшыню ЦВК Ігара Карпенку:
«Асноўны закон не забараняе праводзіць выбары раней, ён забараняе праводзіць іх пазьней за вызначаны тэрмін».
Але гэта вельмі адвольная трактоўка Канстытуцыі. Бо паводле таго ж артыкула 81 дзейнага Асноўнага закону Беларусі, прэзыдэнт выбіраецца на пяць гадоў. Кропка. Здавалася б, тут усё ясна і зразумела, ніякіх іншых трактовак Канстытуцыя не дапускае. Гэта значыць, выбары нельга прызначаць раней за тэрміны, прадугледжаныя Канстытуцыяй. Цяпер атрымліваецца, што Лукашэнка кіруе ня пяць гадоў, а толькі чатыры гады і чатыры месяца. І гэта не парушэньне Канстытуцыі?
Праводзіць прэзыдэнцкія выбары раней за тэрмін магчыма толькі пры ўмове, калі дзейны прэзыдэнт зь нейкіх прычын датэрмінова спыняе свае паўнамоцтвы. Такія ж палажэньні былі запісаныя і ў мінулым варыянце Канстытуцыі, якая дзейнічала да 2022 году.
Тым ня менш гэты артыкул Канстытуцыі беларускія ўлады не аднойчы парушалі. Прэзыдэнцкія выбары ў 2006 годзе прайшлі на чатыры месяцы раней за тэрмін, прадугледжаны Асноўным законам, а выбары 2010 году — на 49 дзён раней за гэты тэрмін. Значыць, улады трактуюць заканадаўства так, як самі хочуць і як ім выгадна.
Напрыклад, да прэзыдэнцкай кампаніі 2006 году нечакана для ўлады апазыцыя аб’ядналася і вылучыла адзіным каныдатам Аляксандра Мілінкевіча, які пачаў езьдзіць па рэгіёнах. Ягоны рэйтынг хутка рос. Улады спалохаліся і вырашылі правесьці выбары як мага хутчэй, каб апазыцыйны прэтэндэнт не набраў разгон. І прызначылі іх на чатыры месяцы раней за канстытуцыйны тэрмін.
І вось цяпер — на паўгода раней. Для вонкавых назіральнікаў гэтае рашэньне не выглядае нечаканым. Бо выбарчая кампанія Лукашэнкі ідзе ўжо пэўны час. Дарэчы, сам Лукашэнка ў гэтым прызнаўся, выступаючы 19 кастрычніка ў Валожыне на «Дажынках» Менскай вобласьці.
Навошта ўлады так сьпяшаюцца? У сёньняшніх палітычных умовах прэзыдэнцкія выбары пройдуць як нейкі тэхнічны рытуал, без канкурэнтаў, без удзелу апазыцыі. Гэта будзе чарговая імітацыя выбараў. Яны нікому не цікавыя — ні беларускаму насельніцтву, ні вонкавым суб’ектам. У такой сытуацыі, здавалася б, увогуле ня мае значэньня, калі іх праводзіць. І няма ніякай неабходнасьці сьпяшацца.
Аднак высьвятляецца, што беларускія ўлады разглядаюць гэту кампанію як палітычную падзею, прычым галоўную ў пяцігадовым палітычным календары.
Для пераносу даты выбараў на больш раньні тэрмін існуе некалькі прычын. Найперш задача палягае ў тым, каб нэўтралізаваць пляны апазыцыі. Як ні дзіўна, пасьля ўсіх «зачыстак», «пасадак», забароны публічнага іншадумства, улады ўсё яшчэ баяцца народных пратэстаў. Іх не супакоіла тое, што падчас «адзінага дня галасаваньня» 25 лютага гэтага году ніякіх забурэньняў ці актыўнасьці палітычных апанэнтаў не было. Маўляў, то былі парлямэнцкія і мясцовыя выбары, нікому не цікавыя, а вось прэзыдэнцкія выбары — гэта барацьба за рэальную ўладу, і тут апазыцыя праявіць сябе. Важна і тое, што апазыцыйныя цэнтры ў замежжы пакуль ня вызначыліся з тактыкай падчас будучай кампаніі, і ўладзе трэба ня даць ім часу для гэтага. Не выпадкова ўлады ўтойвалі інфармацыю пра фактычна датэрміновыя выбары, каб засьпець апанэнтаў зьнянацку.
Яшчэ адна магчымая прычына: узімку цяжка арганізаваць пратэсты. Хоць мінулая практыка не заўсёды пацьвярджае такую выснову. У халодныя сакавіцкія дні і ночы 2006 году апазыцыя стварыла намётавае мястэчка ў цэнтры сталіцы. Масавы пратэст здарыўся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.
Можна меркаваць, што значна большы ўплыў на магчымыя пляны правядзеньня датэрміновых выбараў аказвае іншы чыньнік. А менавіта — праблемы са здароўем Аляксандра Лукашэнкі. Яно пагаршаецца, што вымушаны прызнаць ён сам. Таму чым хутчэй пройдуць выбары, тым для яго лепш. Бо вонкавы выгляд галоўнага кандадата — важны элемэнт піяр-кампаніі. І паўгода ў гэтым пляне вялікі тэрмін: невядома, што можа здарыцца за гэты час.
Яшчэ адна магчымая прычына ў тым, што, верагодна, Лукашэнка спадзяецца з дапамогай новых прэзыдэнцкіх выбараў «перагарнуць старонку» ў адносінах з Захадам. Не дарэмна ж адбыліся памілаваньні 115 палітвязьняў, анансавалі новыя вызваленьні.
Разьлік на тое, што новыя выбары «абнуляць» праблему 2020 году, Захад будзе вымушаны прызнаць паразу праекту дэмакратычнай трансфармацыі Беларусі, зьмірыцца з фактам нязьменнасьці дзейнай улады і ўрэшце пойдзе на прызнаньне існага рэжыму. І такім чынам адбудзецца легітымізацыя Аляксандра Лукашэнкі і дэлегітымізацыя Сьвятланы Ціханоўскай. Апошняе даволі важна, бо можна будзе казаць заходнім палітыкам, што, маўляў, нават калі вы і лічыце, што яна была выбраная прэзыдэнтам, то толькі на пяць гадоў, і яе тэрмін заканчваецца пасьля правядзеньня новых выбараў.
Варта сьпяшацца яшчэ і таму, што міжнародныя падзеі разьвіваюцца імкліва, налета могуць пачацца перамовы аб замірэньні ва Ўкраіне, а Лукашэнка, як ён сам нядаўна сказаў, хацеў бы ў іх удзельнічаць. А гэта магчыма толькі тады, калі Захад прызнае яго легітымны статус.
І апошняе. Прызначэньне датэрміновых выбараў здымае ўсе пытаньні наконт таго, будзе Лукашэнка балятаваццца ці ня будзе. Бо калі б вылучаўся пераемнік, то ня трэба было б сьпяшацца. Наадварот, для пераемніка патрэбен час, каб яго «раскруціць» з нуля, правесьці неабходную піяр-кампанію. А так усё ідзе паводле звыклага сцэнара.
"Свабода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия