17 кастрычніка 2004 году ў Беларусі быў праведзены рэфэрэндум аб зьмене артыкула Канстытуцыі, які забараняў адной асобе займаць пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны. Тое, што Ўладзімір Пуцін зрабіў толькі ў 2020 годзе, Аляксандар Лукашэнка зьдзейсьніў 20 гадоў таму, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.

У першыя гады кіраваньня Лукашэнка, выступаючы з трыбуны Вярхоўнага Савету і адказваючы на закіды апазыцыйных дэпутатаў, заявіў: «Не хвалюйцеся, я буду прэзыдэнтам 12 гадоў!» (Канстытуцыя 1996 году абнуліла першыя два гады ягонага прэзыдэнцтва, таму меліся на ўвазе два тэрміны па пяць гадоў, плюс тыя два гады).

Другі тэрмін заканчваўся ў 2006 годзе. Мяркуючы па ўсім, Лукашэнка ні сэкунды не вагаўся, ці варта заставацца або сыходзіць. Непамерная прага да ўлады выключала ўсялякія хістаньні. Да таго ж за гады кіраваньня ён столькі ўсяго нарабіў у краіне, столькі разоў пераступаў закон («зьнікненьне» Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара, Анатоля Красоўскага было сьвежым у грамадзкай памяці), што пытаньне пра юрыдычную адказнасьць непазьбежна паўстала б у выпаду адстаўкі з прэзыдэнцкай пасады.

Пытаньне палягала толькі ў тым, калі і ў якой форме ажыцьцявіць патрэбныя яму перамены ў Канстытуцыі. Гэта трэба было рабіць загадзя, каб намэклятура не пачала шукаць новага гаспадара.

Увесь 2003 год прайшоў пад знакам надзеі пераканаць Пуціна падпісаць Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы, які меркавалася вынесьці на ўсенародную ўхвалу ў зьвязку з пытаньнем аб зьмене Канстытуцыі Беларусі. У такім выпадку адлік прэзыдэнцкіх тэрмінаў Лукашэнкі зноў можна было пачынаць з нуля. Але, як гэта ні дзіўна сёньня выглядае, кіраўнік Расеі адмовіўся прымаць Канстытуцыйны акт Саюзнай дзяржавы, бо не захацеў пускаць Лукашэнку ў расейскую палітычную прастору, добра разумеючы ягоныя прэтэнзіі на крамлёўскі пасад.

І тады Лукашэнка ў дзень агульнарасейскай жалобы па загінулых у тэракце ў Беслане аб’явіў пра рэфэрэндум у Беларусі 17 кастрычніка 2004 году. На яго выносілася пытаньне, якое гучала наступным чынам:

«Ці дазваляеце Вы першаму прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь Лукашэнку А. Р. удзельнічаць у якасьці кандыдата ў прэзыдэнты Рэспублікі Беларусь у выбарах прэзыдэнта і ці прымаеце частку першую артыкула 81 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь у наступнай рэдакцыі: „Прэзыдэнт выбіраецца на пяць гадоў непасрэдна народам Рэспублікі Беларусь на аснове ўсеагульнага, свабоднага, роўнага і прамога выбарчага права пры тайным галасаваньні“?».

То бок артыкул 81 выносіўся без сказа, які забараняў адной асобе займаць пасаду прэзыдэнта больш за два тэрміны.

З прававога пункту гледжаньня ў прапанаванай фармулёўцы былі закладзены два розныя пытаньні: дазвол Лукашэнку балятавацца на прэзыдэнцкую пасаду і зьмена ў Канстытуцыі.

Пазьней, калі Ўладзімір Пуцін памяняўся пасадамі зь Дзьмітрыем Мядзьведзевым, Александар Лукашэнка, мякка крытыкуючы расейскага лідэра, казаў журналістам з РФ: маўляў, навошта гэтыя хітрыкі, трэба быць шчырым з народам. І ў якасьці прыкладу прывёў сябе. Маўляў, вось я адкрыта зьвярнуўся на народу, прапанаваў на рэфэрэндуме прыбраць артыкул Канстытуцыі аб двух тэрмінах. То бок ня ўтойваў, што хачу ўладарыць вечна.

Якімі былі вынікі рэфэрэндуму? Ня будзем зважаць на дадзеныя, афіцыйна аб’яўленыя Лідзіяй Ярмошынай («за» нібыта прагаласавалі 79,42%, «супраць» — 9,90%). Бо яны ня маюць нічога агульнага з рэальнасьцю. Але на той час у краіне актыўна працавалі незалежныя ад улады сацыялягічныя структуры.

Паводле заканадаўства, падтрымка вынесенага ўладамі пытаньня набывала юрыдычную моц у выпадку, калі б «за» прагаласала звыш 50% ад агульнай колькасьці выбарнікаў (а не ад колькасьці тых, хто прыйшоў на выбарчыя ўчасткі). Апытаньні недзяржаўных сацыялагічных цэнтраў напярэдадні рэферэндуму паказвалі, што Лукашэнка не набірае паловы галасоў. Дасьледаваньне, праведзенае Балтыйскім аддзяленьнем Інстытута Гэлапа ў першай дэкадзе кастрычніка, дало ў сярэднім такія лічбы: «за» — 41,4%, «супраць» — 37%. Паводле «экзыт-пола», праведзенага той жа арганізацыяй, у падтрымку пытаньня, вынесенага Лукашэнкам на рэфэрэндум, прагаласавалі каля 54% ад прыйшоўшых на выбары і 48% ад сьпісачнага складу выбарнікаў.

Прыкладна да такіх жа высноў прыйшоў і маскоўскі Аналітычны цэнтар Ю. Левады: 42% можна лічыць верхняй мяжой падтрымкі пытаньня рэфэрэндуму за тыдзень да яго правядзеньня; за апошнія дні перад галасаваньнем гэтая лічба можа яшчэ крыху падрасьці, але ў любым выпадку не дасягае парогавай велічыні ў 50%.

У той час ні грамадзтва, ні эліта да канца не ўсьведамлялі, што рэфэрэндум — гэта гістарычны рубеж. Былі даволі папулярнымі разважаньні, што, маўляў, мы ж гэтым рашэньнем на рэфэрэндуме не перадвызначаем новае перавыбраньне Лукашэнкі, мы толькі захоўваем такую магчымасьць на выпадак, калі на момант выбараў ня знойдзецца аптымальнай кандыдатуры. Гэта быў самападман, які прывёў да той трагедыі, якую цяпер перажывае Беларусь. З таго моманту пажыцьцёвае і аднаасобнае кіраваньне аднаго чалавека стала амаль незваротным. З усімі драматычнымі наступствамі для краіны і самого Лукашэнкі. Насамрэч рэфэрэндум 2004 года адразаў альтэрнатыву больш як на 30 гадоў.

Усе нэгатыўныя наступствы таго рэфэрэндуму добра разумела апазыцыя. Аднак пераканаць народ не атрымалася. Сацыяльная мадэль, створаная Лукашэнкам, у той час была на пад’ёме, крызіс, выкліканы распадам СССР, здаваўся пераадоленым, эканамічныя паказьнікі расьлі. Дый тагачасны параўнальна мяккі аўтарытарызам ня надта пужаў абываталя. Маўляў, тое, што апазыцыю б’юць, мяне не надта тычыцца, бо дзяліць уладу — брудная справа.

Можа, толькі пасьля 2020 году да большасьці грамадзтва прыйшло разуменьне, што той рэфэрэндум заклаў міну пад будучыню, прывёў краіну ў тупік. Бо такое доўгае знаходжаньне аднаго чалавека пры ўладзе ў ХХІ стагодзьдзі ніводнай краіне не нясе нічога добрага. 9,5 мільёна людзей сталі закладнікамі дыктатара, ягоных архаічных поглядаў на сьвет, ягоных каштоўнасьцяў і капрызаў.

"Свабода"