У рамках перадвыбарнай піяр-кампаніі Аляксандар Лукашэнка правёў 12 верасьня сустрэчу з прадстаўнікамі розных нацыянальнасьцяў, якія жывуць у Беларусі.
Дыялёг з нацмяньшынямі напярэдадні так званага «Дня народнага адзінства» задумваўся як бяспройгрышны прапагандысцкі ход, дэманстрацыя міралюбства і грамадзянскай згоды. Аднак прымірэнчая размова пра дружбу і еднасьць скончылася традыцыйнымі папрокамі і абвінавачаньнямі ў адрас суседзяў, піша палітолаг Валер Карбалевiч.
Да «Дня народнага адзінства» прынята прамаўляць узьнёслыя словы пра мір і дружбу. Аднак, як часта здараецца ў палітычным жыцьці Беларусі, хацелі, як лепш, а атрымліваецца, як заўсёды. Яшчэ раз выявілася праблема, якой ужо 30 гадоў. Калі казаць коратка, паліттэхналёгія ўступіла ў супярэчнасьць з чалавечай прыродай, натурай беларускага ўладара. Тут дарэчы прымаўка пра няўдалага прамоўцу, які пачаў за здароўе, а скончыў за спачын душы.
У сваім выступе ў пачатку сустрэчы Лукашэнка шмат гаварыў пра дружбу, народнае адзінства, міралюбства, міжнацыянальны і міжрэлігійны мір у Беларусі.
А потым, калі перайшлі да дыялёгу, адсунуў падрыхтаваны тэкст і стаў гаварыць ад сябе. І тут выявілася, што сапраўдныя ягоныя думкі зусім іншыя. Паняцьці «мір», «дружба» — зусім не ў характары Лукашэнкі. Ён ад прыроды зараджаны на канфлікт. Зь ягоных адказаў на рэплікі ўдзельнікаў сустрэчы вынікала, што наўкол адны ворагі, зь якімі ўвесь час даводзіцца змагацца. Мала таго, што Беларусі не пашанцавала з суседзямі, дык яшчэ і далёкія краіны «дастаюць»: вось ЗША хочуць «за наш кошт вырашыць праблему з Расеяй, а потым з Кітаем разабрацца». Усе гэтыя ворагі падступныя і злыя, увесь час робяць паскудствы.
Вось польскія суседзі. З аднаго боку, паводле Лукашэнкі, «99% палякаў разумеюць нашу палітыку і, упэўнены, падтрымліваюць яе».
А з другога боку, рыхтуюцца да вайны і захопу беларускай тэрыторыі:
«Што патрэбна палякам ад нас? Ну зразумела, трэба зноў Заходнюю Беларусь, Заходнюю Ўкраіну туды».
Таму беларускія ўлады рыхтуюцца ваяваць з палякамі. Лукашэнка расказаў, што ўмацоўваецца мяжа і ў выпадку канфлікту Польшча «пакладзе там тысячы воінаў». Вось такая дружба і міралюбства.
Пракамэнтаваў Аляксандар Лукашэнка і сытуацыю вакол палітвязьня Анджэя Пачобута. Беларускі ўладар зьвяртаецца да Варшавы:
«Добра, забірайце. А ён гаворыць: „Я туды не паеду, мне ня трэба“».
Тут Лукашэнка сьвядома падмяняе, блытае паняцьці «дэпартацыя» і «вызваленьне». Зь ягоных словаў вынікае, што беларускія ўлады гатовыя дэпартаваць Пачобута ў Польшчу. Аднак Анджэй — грамадзянін Беларусі, ён не жадае пакідаць сваю радзіму. А проста вызваліць яго існы рэжым чамусьці ня хоча. У гэтым калізія.
Ня лепшыя, паводле Лукашэнкі, і ўкраінскія суседзі. Ён кажа:
«Украінцы пабеглі наперадзе паравоза, па камандзе амэрыканцаў яны пачалі абвастраць з намі адносіны: яны разьлічвалі, што я таксама пачну ўцягвацца ў вайну. Ім шчасьце было б цяпер, калі б Беларусь уступіла ў гэту вайну».
Выходзіць, аднаго «шчасьця» (агрэсіі з боку Расеі) украінцам мала, яны б хацелі яшчэ, каб і Беларусь на іх напала? Тут цяжка нешта камэнтаваць. Нават з гледзішча чыстай прапаганды гэта выглядае абсурдам.
Здавалася б, чым далёкая ад Беларусі Армэнія не даспадобы Лукашэнку? А даволі вялікую частку сваіх разваг ён прысьвяціў менавіта гэтай краіне. Зь ягоных словаў вынікае, што ён даўно заклікаў армянскае кіраўніцтва капітуляваць у пытаньні Нагонага Карабаху. Таму няма чаго дзівіцца нэгатыву з боку армянаў.
Але галоўная праблема ў дачыненьнях з Армэніяй больш глыбокая. Палітыка Ерэвана разбурае тую карціну сьвету, якую настойліва прасоўвае Лукашэнка апошнія чатыры гады. Маўляў, аднапалярны сьвет з дамінаваньнем Захаду канае, усё больш краін паварочваецца ў бок Кітая, Расеі. А вось Армэнія якраз наадварот, схіляецца ў бок Захаду. І гэта псуе тую прапагандысцкую схему, якую настойліва спрабуюць праводзіць Масква і Менск.
Яшчэ адзін сюжэт. Паводле Лукашэнкі, ён даручыў узмацніць барацьбу зь незаконной міграцыяй на межах Беларусі і краін ЭЗ. У выніку «стала менш людзей на граніцу ісьці». Аднак, паводле інфармацыі суседзяў, актыўнасьць нелегалаў на мяжы ЭЗ зь Беларусьсю ў першыя дні гэтага месяца ўзрасла на 35% у параўнанні з пачаткам жніўня, а за трэць верасьня Літва спыніла больш спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі, чым за ўвесь жнівень.
Такім чынам, можам канстатваць што ў выпадку з Лукашэнкам чалавечая натура перамагла паліттэхналёгію. Закладзеная ў характар Лукашэнкі канфліктагеннасьць адсунула на другі плян усе развагі пра мір, дружбу і народнае адзінства.
"Свабода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия