У Беларусі загаварылі пра магчымасьць датэрміновых прэзыдэнцкіх выбараў, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.
Наколькі рэальныя такія пляны і што такі сцэнар можа даць Лукашэнку?
Паводле зьвестак «Белполу» (аб’яднаньне былых сілавікоў, якое мае доступ да інсайдэрскай інфармацыі зь дзяржаўных органаў), беларускія ўлады прынялі рашэньне правесьці прэзыдэнцкія выбары 23 лютага 2025 году. Арганізацыя спасылаецца на «надзейныя крыніцы ўнутры Беларусі». Нібыта падрабязныя пляны выбарчай кампаніі ўжо распрацаваныя, але хаваюцца ад грамадзтва.
Такі сцэнар цалкам магчымы. На тое існуюць дзьве матывацыі. Найперш, задача палягае ў тым, каб нэўтралізаваць пляны апазыцыі. Як ні дзіўна, пасьля ўсіх «зачыстак», «пасадак», забароны публічнага іншадумства ўлады ўсё яшчэ баяцца народных пратэстаў. Іх не супакоіла тое, што падчас «адзінага дня галасаваньня» 25 лютага гэтага году ніякіх забурэньняў ці актыўнасьці палітычных апанэнтаў не назіралася. Маўляў, тое былі парлямэнцкія і мясцовыя выбары, якія нікому не цікавыя, а вось прэзыдэнцкія выбары — гэта барацьба за рэальную ўладу, і тут апазыцыя можа праявіць сябе. Важна і тое, што апазыцыйныя цэнтры ў замежжы пакуль ня вызначыліся з тактыкай падчас будучай кампаніі, і важна ня даць ім часу для гэтага, засьпець зьнянацку.
Можна меркаваць, што значны ўплыў на магчымыя пляны правядзеньня датэрміновых выбараў аказвае праблема са здароўем Аляксандра Лукашэнкі. Яно пагаршаецца, што вымушаны прызнаць ён сам. Таму, чым хутчэй пройдуць выбары, тым для яго лепш. І пяць месяцаў у гэтым пляне — вялікі тэрмін, невядома, што можа здарыцца за гэты час.
Паводле артыкула 81 дзейнай Канстытуцыі Беларусі прэзыдэнт выбіраецца на пяць гадоў. У тым жа артыкуле запісана, што выбары прэзыдэнта прызначаюцца Палатай прадстаўнікоў не пазьней як за пяць месяцаў і праводзяцца не пазьней як за два месяцы да сканчэньня тэрміну паўнамоцтваў папярэдняга прэзыдэнта. Гэта значыць, што выбары павінны быць прызначаныя дзесьці ў ліпені 2025 году, не пазьней за 20 чысло.
Здавалася б, тут усё ясна і зразумела, ніякіх іншых трактовак Канстытуцыя не дапускае. То бок выбары нельга прызначаць раней за тэрміны, прадугледжаныя Канстытуцыяй. Гэта магчыма толькі пры ўмове, калі дзейны прэзыдэнт зь нейкіх прычынаў датэрмінова спыняе свае паўнамоцтвы.
Такія ж палажэньні былі запісаныя і ў папярэднім варыянце Канстытуцыі, які дзейнічаў да 2022 году.
Тым ня менш гэты артыкул Канстытуцыі беларускія ўлады не аднойчы парушалі. Прэзыдэнцкія выбары ў 2006 годзе прайшлі на чатыры месяцы раней за тэрмін, прадугледжаны Асноўным законам, а выбары 2010 году — на 49 дзён раней за гэты тэрмін. То бок улады трактуюць заканадаўства так, як самі хочуць і як ім выгадна.
Напрыклад, пад прэзыдэнцкую кампанію 2006 году нечакана для ўлады апазыцыя аб’ядналася і вылучыла адзіным кандыдатам Аляксандра Мілінкевіча, які пачаў езьдзіць па рэгіёнах, ягоны рэйтынг хутка рос. Улады спалохаліся і вырашылі правесьці выбары як мага хутчэй, каб апазыцыйны прэтэндэнт ня меў часу на «раскрутку». І прызначылі іх на чатыры месяцы раней за тэрмін, прадугледжаны Канстытуцыяй.
Таксама магчыма, што ўлады лічаць: узімку арганізаваць пратэсты будзе цяжэй. Аднак ранейшая практыка не пацьвярджае гэтай высновы. У халодныя сакавіцкія дні і ночы 2006 году апазыцыя стварыла намётавае мястэчка ў цэнтры сталіцы. Масавы пратэст таксама здарыўся ўзімку, пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году.
І апошняе. Калі прэзыдэнцкія выбары плянуюць правесьці датэрмінова, то гэта здымае ўсе пытаньні наконт таго, будзе Лукашэнка балятавацца ці не. Бо калі б вылучаўся пераемнік, то не было б ніякай патрэбы сьпяшацца. Наадварот, для пераемніка неабходны час, каб яго «раскруціць» з нуля, правесьці неабходную піяр-кампанію. А так усё ідзе паводле звыклага сцэнару.
"Свабода"
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия