6 жніўня ўкраінскія войскі нечакана для ўсіх пачалі наступ у Курскай воласці РФ. Па стане на 15 жніўня, па словах галоўнага камандуючыга УСУ Аляксандра Сырскага, пад кантролем украінскіх войскаў аказаліся 1150 квадратных кіламетраў расійскай тэрыторыі і 82 населеныя пункты Курскай вобласці. У рэгіёне нават стварылі першую ваенную камендатуру, якую ўзначаліў генерал-маёр Эдуард Маскалёў.
Трое сутак беларускае кіраўніцтва маўчала: маўчалі ўсе афіцыйныя асобы, маўчалі прапагандысты. І толькі праз трое сутак адбыўся інфармацыйны выбух. 10 жніўня Лукашэнка спачатку заявіў, што нібыта ўкраінскія беспілотнікі парушылі паветраную прастору і былі збітыя (пазней Мінабароны заяўляла пра 13 ліквідаваных дронаў). Затым міністэрства абароны заявіла, што збіраецца адправіць беларускія войскі на мяжу з Украінай. А МЗС стрэліла цэлым шэрагам заяваў: выступіла з крытыкай украінскага наступу ў Курскай вобласці, выклікала часовую павераную Украіны ў Беларусі і выказала пратэст, напісала нават скаргу ў ААН і АБСЕ.
— Ствараецца ўражанне, што адбыўся нейкі вельмі моцны штуршок, моцны сігнал, моцны ўкол. І я не думаю, што пад моцным уколам трэба разумець толькі абвінавачанні Z-блогераў, якія крытыкуюць Лукашэнку, заяўляюць, што ён здрадзіў. Ёсць меркаванне, што пайшлі папрокі з больш высокіх расійскіх інстанцый, і ў выніку беларускія ўлады вымушаныя рэагаваць, — лічыць палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валерый Карбалевіч.
Але рэакцыя беларускага рэжыму выклікае больш пытанняў, чым дае адказаў. І вось чаму.
— Гэтая рэакцыя досыць штучная. Бо незалежныя эксперты, у прыватнасці, «Беларускі Гаюн» заяўляе, што ніякіх беспілотнікаў з украінскага боку не было; адмаўляюць гэта і ўкраінскія афіцыйныя асобы, заяўляючы, што сітуацыя створана штучна і дэманстратыўна, каб паказаць Расіі: мы застаемся саюзнікамі, мы падтрымліваем Расію, таму не трэба рабіць ніякіх папрокаў.
Але на тым справа не скончылася. Раптам, бы чорцік з табакеркі, у Мінску з’явіўся расійскі прапагандыст, вядучы ток-шоў на тэлеканале «Расія», ён жа дэпутат Дзярждумы Яўген Папоў і Лукашэнка нечакана дае яму інтэрв’ю на дзве гадзіны.
— Асноўны сэнс гэтага інтэрв’ю выглядае такім чынам, што нібыта Лукашэнка апраўдваецца, нібыта дае справаздачу Маскве, што Беларусь па-ранейшаму з’яўляецца саюзніцай Расіі, і няварта ў гэтым ні кропелькі сумнявацца. Лукашэнка зноў вярнуўся да агрэсіўнай рыторыкі на адрас Захаду, зноў пагражаў яму, а заходніх палітыкаў называў «звярамі», палітыкаў Літвы – «вар’ятамі». Вельмі важна, што ён казаў, што беларускія вайскоўцы пачалі рух у бок украінскай мяжы, што вымусіла Украіну трымаць пэўную колькасць войскаў на беларускай мяжы. Маўляў, такім чынам украінскі бок зніжае свае магчымасці наступаць у Курскай вобласці. І нават папракнуў украінцаў у тым, што яны «па-хамску», як ён сказаў, ставяцца да дзеянняў Беларусі. А «хамства» Лукашэнка бачыць у тым, што ўкраінскі бок адмаўляе наяўнасць сваіх беспілотнікаў у паветранай прасторы Беларусі, — мяркуе палітычны аглядальнік.
Пра што сведчыць такая рэакцыя Лукашэнкі на наступ УСУ ў Курскай вобласці?
— Гэтая запозненая рэакцыя афіцыйнага Мінска сведчыць пра тое, што залежнасць Беларусі ад Расіі па—ранейшаму вельмі высокая. І нават маленькія спробы неяк дыстанцыявацца ад Масквы не маюць вялікага поспеху, — адзначае Валерый Карбалевіч.
Палітычны аглядальнік лічыць, што «гульню Лукашэнкі» вельмі добра характарызуюць ва Украіне: Лукашэнка пятляе.
— Сапраўды, Лукашэнка бачыць, што вайна ва Украіне ідзе не зусім так, як планавалася ад пачатку («узяць Кіеў за тры дні”), таму ён спрабуе шукаць «план Б» – на выпадак сітуацыі, калі Расія змушана будзе ісці на нейкія саступкі і трэба будзе шукаць нейкія новыя пункты апоры ў свеце, — мяркуе Валерый Карбалевіч. — Таму мы і назіраем пятлянне. З аднаго боку, Лукашэнка заяўляе, што спачатку мы падводзім войскі да ўкраінскай мяжы, потым адводзім, затым зноў падводзім. Гэта і ёсць пятлянне, якое дае магчымасць, з аднаго боку, прадэманстраваць сваю саюзніцкую вернасць, а з другога – мець магчымасць у патрэбны момант, як кажуць украінцы, «адпятляць».
BGmedia
Наши Партнеры
Волковыск в старых фотографиях - коллекция старых фотографий города
baranovichi24.by - сайт города Барановичи: новости, расписание, погода
volkovysk.org - Новости региона и соседей: Волковыск, Беларусь, Россия