Чаго хацеў бы атрымаць ад Кітаю афіцыйны Менск?

На гэтае пытаньне некалькі адказаў. Беларускія ўлады імкнуліся манэтызаваць геапалітычную ляяльнасьць, знайсьці эканамічнага інвэстара. Але галоўная функцыя Кітая ў беларускай замежнай палітыцы, паводле лёгікі афіцыйнага Менску, палягае ў тым, каб КНР стала пэўным балянсірам расейскаму ўплыву, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.

Інтэнсіўныя камунікацыі

Апошнім часам адбылося некалькі падзеяў у беларуска-кітайскіх дачыненьнях.

25 чэрвеня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся з сакратаром партыйнага камітэту Пэкінскага ўнівэрсытэту Хаа Пінам і прадстаўнікамі кітайскіх унівэрсытэтаў. Хоць гэта і не ягоны ўзровень камунікацыі, але згаданая сустрэча стала дэманстрацыяй вагі Кітаю на шкале замежнапалітычных прыярытэтаў афіцыйнага Менску.

4 ліпеня Аляксандар Лукашэнка ў Астане правёў кароткія перамовы з кіраўніком Кітая Сі Цзіньпінам на палях саміту ШАС.Новы міністар замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў свой першы замежны візыт зрабіў у Кітай (калі не лічыць наведваньня саміту ШАС у сталіцы Казахстану Астане).

3 ліпеня вайскоўцы Кітая ўдзельнічалі ў парадзе ў Менску з нагоды Дня Незалежнасьці Беларусі.

З 8 па 16 ліпеня на палігоне "Берасьцейскі«— за 40 кілямэтраў ад украінскай мяжы і за 30 кілямэтраў ад польскай — праводзяцца сумесныя вучэньні («антытэрарыстычная трэніроўка») вайскоўцаў Беларусі і Кітаю пад назвай «Сокал, які атакуе».

З улікам напружаных вайскова-палітычных адносін Беларусі з Украінай і Польшчай, зьяўленьне тут кітайскіх вайскоўцаў набывае асаблівы сэнс. Тым больш што тэрмін «вучэньні» ў нашым рэгіёне мае спэцыфічныя асацыяцыі. Усе памятаюць, што сумесныя беларуска-расейскія вучэньні ў лютым 2022 году трансфармаваліся ў агрэсію Расеі супраць Украіны.

Гэта ня першы трэнінг кітайскіх вайскоўцаў на беларускай тэрыторыі. У пэрыяд з 2011-га па 2018 год. Кітай ужо чатыры разы праводзіў тут антытэрарыстычныя вучэньні. Тым ня менш сумеснае змаганьне Беларусі і Кітая з тэрарызмам на мяжы з Украінай і Польшчай — гэта вельмі дзіўная экзотыка. Якая тэрарыстычная пагроза пагражае КНР адсюль?

Калі спрабаваць расшыфраваць сымбалізм гэтай падзеі для Кітая, то ён такі: геапалітычныя інтарэсы КНР цяпер сягаюць далёка, Пэкін адзначае, памячае, аслупоўвае тэрыторыю.

Чаго хоча Менск ад Кітаю

Што тычыцца таго, чаго хацеў бы атрымаць ад Кітая афіцыйны Менск, то тут некалькі опцый.

На пачатку свайго раману з КНР беларускія ўлады імкнуліся атрымаць яшчэ аднаго спонсара, акрамя Расеі. То бок манэтызаваць геапалітычную ляяльнасьць, паўтарыць мадэль адносінаў Масквы і Менску («танны газ у абмен на пацалункі»).

Аднак атрымаць яшчэ адну эканамічную «халяву» не атрымалася, Кітай аказаўся вельмі прагматычным, проста так плаціць за дружбу ён не пажадаў.

Па вялікім рахунку, не атрымалася роля Кітая як інвэстара беларускай эканомікі. КНР больш зацікаўлены даваць Беларусі зьвязаныя крэдыты, чым інвэставаць у беларускую эканоміку. А калі ўжо і інвэставаць, дык на вельмі льготных умовах, калі гаспадары ствараюць афшор (індустрыяльны парк «Вялікі камень»).

Але галоўная функцыя Кітая ў замежнай палітыцы афіцыйнага Менску ляжыць у іншай плашчыні. КНР павінен стаць пэўным балянсірам, процівагай расейскаму ўплыву. Вялізная залежнасьць ад Расеі ўвесь час выклікала і цяпер выклікае ў Лукашэнкі пэўны дыскамфорт. Беларускае кіраўніцтва хацела б пасябраваць зь нейкім іншым цэнтрам сілы, мець яшчэ аднаго заступніка, апекуна, які ў нейкі крытычны момант мог бы абараніць ад расейскага ціску. Захад на гэтую ролю не падыходзіць, хоць пэўныя спробы ў гэтым кірунку рабіліся ў 2015-2020 гадах. Бо там увесь час успамінаюць аб правах чалавека, дэмакратыі.

А вось Кітаю гэтая ролю пасуе. У Пэкіне ніхто не падымае тэму правоў чалавека, так кіруюцца голым прагматызмам.

Некалькі разоў Кітай прыходзіў на дапамогу Менску ў піку Расеі, калі Масква спрабавала «выхоўваць» малодшага саюзьніка, ціснула на яго. Як толькі Расея адмовілася пастаўляць Беларусі сучасныя ракеты і перадаваць адпаведныя тэхналёгіі, КНР хутка адгукнулася, у выніку чаго зьявіўся на сьвет беларускі ракетны комплекс «Палянэз». Калі Расея пачала тармазіць рэалізацыю касьмічных праграмаў Беларусі, з кітайскага касмадрома быў запушчаны беларускі спадарожнік. Калі ў 2019 годзе Расея распачала эканамічны шантаж Беларусі, фактычна выкручвала рукі афіцыйнаму Менску, прымушаючы да «паглыбленьня інтэграцыі», Кітай выдзеліў першы ў гісторыі беларуска-кітайскіх адносінаў нязьвязаны крэдыт у памеры 500 млн даляраў.

Кітай ня можа быць паўнавартасным балянсірам

Аднак у такой стратэгіі афіцыйнага Менску існуюць праблемы. Ёсьць рознагалосьсі на канцэптуальным узроўні. Калі беларускае кіраўніцтва выступае за шматпалярны сьвет, то, паводле кітайскіх афіцыйных дакумэнтаў, Кітай арыентуецца на двухпалярны сьвет, у якім існуюць два полюсы: КНР і ЗША.

Менск ідзе на штучнае абвастрэньне адносін з Захадам, што вылілася ў транспартны каляпс на беларуска-польскай мяжы. Кітай не зацікаўлены ў жорсткім канфлікце з ЗША і ЭЗ, бо гэта супярэчыць яго эканамічным інтарэсам.

Але галоўная праблема ня ў гэтым. Тактыка балянсаваньня паміж Расеяй і Кітаем ня можа стаць выратаваньнем для Беларусі ў крытычны момант, калі, напрыклад, узьнікне пагроза беларускай незалежнасьці. Бо занадта вялікая залежнасьць ад РФ. Кітай ня будзе субсыдаваць эканоміку Беларусі ў такіх аб’емах, як тое робіць Расея. Ён ня можа пастаўляць сюды нафту і газ па льготных цэнах. Ня зможа аказаць вайсковай дапамогі ў выпадку чаго, хоць бы з прычыны геаграфічных чыньнікаў. Пэкін не захоча канфліктаваць з Масквою дзеля Беларусі.

Увогуле замежнапалітычная стратэгія КНР арыентаваная на тое, каб дыстанцыявацца, ня ўмешвацца ў міжнародныя канфлікты, якія непасрэдна не чапляюць, ня тычацца самога Кітая. Ілюстрацыяй такой лініі зьяўляецца стаўленьне да вайны Расеі супраць Украіны. Таму спадзевы Менску на дапамогу Пэкіна, калі раптам нешта здарыцца, марныя. Кітайскі балянсір — чыньнік вельмі адносны. Тут ня трэба мець ілюзіяў.

"Свабода"