Вялікі досьвед замежных візытаў Лукашэнкі паказвае, што яны мала ўплываюць на рост гандлю, эканамічнага супрацоўніцтва ўвогуле. І па выніках візыту ў Пакістан падпісана шмат дакумэнтаў, але яны ў асноўным тычацца даволі вузкіх сфэраў супрацоўніцтва, пiша палiтолаг Валер Карбалевiч.

Трэці візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан не заладзіўся з самага пачатку. У гэтай краіне цяпер масавыя забурэньні, востры канфлікт паміж уладамі і апазыцыяй. Апошняя імкнецца прарвацца ў сталіцу Ісламабад, горад заблякаваны паліцыяй і войскам. У выніку — тысячы арыштаваных, адбываюцца жорсткія сутыкненьні. Прычым улады тлумачаць забарону на пратэсты неабходнасьцю запэўніць бясьпеку падчас візыту высокага замежнага госьця. У любым выпадку пакістанскаму кіраўніцтву цяпер не да гасьцей: выблытацца б з той складанай сытуацыі, у якой яно апынулася.

Хоць усе фармальныя рытуалы адбываюцца, праграма візыту выконваецца, але што тычыцца зьместу, то ёсьць сур’ёзныя сумневы, ці гатовыя гаспадары да зьмястоўных перамоваў. Ня тая сытуацыя.

Пакістан — пятая дзяржава ў сьвеце па колькасьці насельніцтва, там жыве 230 млн чалавек, на 80 млн больш, чым у Расеі. Па аб’ёме валавога ўнутранага прадукту Пакістан — 44-я краіна ў сьвеце. Аднак час ад часу дзяржаву скаланаюць вострыя ўнутрыпалітычныя канфлікты, і цяпер мы назіраем чарговае палітычнае абвастрэньне.

Актыўна супрацоўнічаць Беларусь і Пакістан пачалі адносна нядаўна. Беларуская амбасада адчынілася ў Ісламабадзе толькі ў 2014 г., пакістанская ў Менску — праз год. Тады ж пачалася актыўная камунікацыя на высокім узроўні.

Дасюль Лукашэнка наведваў Пакістан двойчы, у 2015 і 2016 гадах. У 2015 годзе пакістанскі прэм’ер-міністар (найвышэйшая асоба ў сыстэме дзяржаўнага кіраваньня краіны) Наваз Шарыф прыбыў зь візытам у Менск. Таксама Лукашэнка і кіраўнік ураду Пакістану сустракаліся на палях розных самітаў у 2019, 2022 (двойчы), 2024 гадах.

У адносінах паміж краінамі створаная немалая інстытуцыйна-дамоўная база. Падпісаныя і дзейнічаюць звыш 80 пагадненьняў і мэмарандумаў, працуюць каля дзясятка міжурадавых камісій у розных сфэрах супрацоўніцтва. Адбыліся чатыры бізнэс-форумы, цяпер падчас візыту правялі пяты падобны форум.

На пачатку актыўнага супрацоўніцтва была пастаўлена амбітная задача дасягнуць аб’ёму гандлю ў 1 млрд даляраў. Аднак рэальнасьць аказалася значна больш сьціплай. Аб’ём гандлю вагаўся паміж 50 і 65 млн даляраў. У 2021 годзе гандлёвы абарот дасягнуў піку — 92 мільёны даляраў. Пры гэтым Беларусь экспартавала ў Пакістан прадукцыю на суму 78 млн даляраў. Асноўным экспартаваным таварам былі беларускія трактары, якія карыстаюцца ў Пакістане папулярнасьцю.

А потым пачалася вайна ва Ўкраіне, Беларусь апынулася пад санкцыямі, эканамічныя стасункі пагоршыліся. Гандлёвы абарот упаў амаль удвая: па выніках 2023 году склаў 50 млн даляраў.

Адметна, што візыт пачаўся з парушэньня Лукашэнкам дыпляматычнага пратаколу. Візыт афіцыйны, ля трапу самалёта госьця чакаў сам прэм’ер-міністар Шахбаз Шарыф. Далей усё як належыць: чырвоны дыван, ганаровая варта, артылерыйскі салют. Строгая афіцыйная цырымонія. А Лукашэнка выйшаў з самалёта ў нейкім ці то спартовым, ці то хатнім адзеньні. Дзіўная непавага да гаспадароў. І ўсё гэта на тле плякатаў у пакістанскай сталіцы на беларускай і англійскай мовах: «Узаемная павага, давер і партнэрства». На Ўсходзе такія рэчы ўспрымаюцца асабліва хваравіта.

Пасьля перамоваў з прэм’ер-міністрам Шахбазам Шарыфам Аляксандар Лукашэнка не ўстрымаўся, каб ня даць кіраўніцтву Пакістана «сяброўскую параду». Ён палічыў дарэчным даваць такія парады, бо, відаць, упэўнены, што мае на гэта падставы, утрымліваючы ўладу ў сваёй краіне на працягу больш як 30 гадоў.

Найперш параіў захаваць адзінства. Парада актуальная на тле таго вострага палітычнага канфлікту, які перажывае Пакістан. Дзіўна толькі тое, што заклік да адзінства гучыць ад кіраўніка, які спрычыніўся да самага глыбокага расколу ў гісторыі Беларусі, які цягнецца ад 2020 году.

Тое, што на ўсіх міжнародных пляцоўках Лукашэнка настойліва праводзіць курс на варажнечу з Захадам, ЗША, даўно стала звыклым месцам. І тут ён застаўся верным сабе: «Тое, чаго вы хочаце, не адпавядае жаданьню гэтых буйных краін, якія вядуць барацьбу за лідэрства. Вы ведаеце, што тут у рэгіёне Злучаныя Штаты Амэрыкі, Англія, ваш сусед Індыя, Аўстралія (магчыма, падключацца Японія і Паўднёвая Карэя) жадаюць стварыць нейкае „ціхаакіянскае NATO“. Натуральна, Пакістану, які жадае мірна разьвівацца, гэта, магчыма, не цікава. Таму вас будуць хістаць, у вас увесь час будуць нагнятаць абстаноўку».

Тое, што Індыя нібыта імкнецца ўступіць у нейкі вайскова-палітычны саюз з ЗША — мякка кажучы, вялікае перабольшаньне. Але Лукашэнка згадаў гэтую краіну не выпадкова. Вядома, што паміж Індыяй і Пакістанам даўнія напружаныя адносіны. І ён так моцна захацеў спадабацца пакістанскай эліце, што не ўтрымаўся, каб асьцярожна, але празрыста ня выказаць сваю падтрымку гаспадарам у супрацьстаяньні з суседам («Мы вас у гэтых адносінах падтрымаем»). Гэта палітычны стыль Лукашэнкі: казаць тое, што ў дадзены момант падабаецца аўдыторыі, не зважаючы на наступствы. Памятаеце, як сёлета ён падчас візыту ў Азэрбайджан нагаварыў шмат камплімэнтаў гаспадарам, у выніку чаго здарыўся дыпляматычны канфлікт з Армэніяй.

Мяркую, гэтыя выпады супраць Індыі не застануцца не заўважанымі ў Дэлі. З усімі непрыемнымі наступствамі для беларуска-індыйскіх дачыненьняў. Нагадаю, што зусім нядаўна Індыя была адным з асноўных пакупнікоў беларускага калію.

Што тычыцца канкрэтных вынікаў візыту, то тут нешта пэўнае казаць цяжка. Падпісана шмат дакумэнтаў, але яны тычацца даволі вузкіх сфэр супрацоўніцтва, кшталту аховы навакольнага асяродзьдзя ці аўтамабільнага транспарту. Можа, галоўны дакумэнт — Дарожная мапа разьвіцьця ўсебаковага супрацоўніцтва паміж краінамі на 2025–2027 гады — зь беларускага боку падпісаны міністрам энэргетыкі Аляксеем Кушнарэнкам. Лукашэнка падпісаў з прэм’ерам Пакістану толькі сумесную заяву.

Вялікі досьвед замежных візытаў Лукашэнкі паказвае, што яны мала ўплываюць на рост гандлю, эканамічнага супрацоўніцтва ўвогуле. Вось для параўнаньня: аб’ём гандлю за 2023 год, напрыклад, з Польшчай, зь якой Беларусь знаходзіцца ў стане вострага канфлікту, склаў каля 5 млрд даляраў. Апошні і адзіны візыт Лукашэнкі ў гэту краіну адбыўся ў далёкім 1995 годзе. Што не перашкаджае даволі актыўнаму гандлю паміж краінамі.

"Свабода"