Расьцягнутае ў часе вызваленьне палітвязьняў, якое фактычна ператварылася ў палітычную кампанію, патрэбна ўладам дзеля дасягненьня пэўных мэтаў, піша палітолаг Валер Карбалевiч.

Яно найперш сьведчыць пра тое, што цяперашні статус-кво не задавальняе існы рэжым. Чаму?

Як і было анансавана, вызвалена яшчэ 37 палітзьняволеных. Аляксандар Лукашэнка 16 верасьня падпісаў указ аб памілаваньні напярэдадні сьвяткаваньня «Дня народнага адзінства». Гаворка ідзе пра грамадзян, асуджаных за злачынствы «экстрэмісцкай накіраванасьці».

Гэта ўжо чацьвёртая група беларускіх палітвязьняў, вызваленых зь ліпеня 2024 году. Агулам Лукашэнка памілаваў 115 палітзьняволеных. Паводле ацэнак праваабаронцаў, паводле стану на 14 верасьня ў Беларусі было 1344 палітвязьні.

Адметна, што Лукашэнка пэрыядычна заяўляе, што ў Беларусі нібыта няма палітвязьняў, бо ў Крымінальным кодэксе адсутнічаюць «палітычныя» артыкулы. Тым ня менш вызваленьне палітзьняволеных абстаўлена так, каб усе зьвярнулі на гэта ўвагу.

Калі б улады імкнуліся неяк схаваць выхад на волю праціўнікаў рэжыму (бо, маўляў, «палітвязьняў у нас няма»), то можна было б гэты працэс замаскаваць. Напрыклад, вызваліць іх у рамках закону аб амністыі, якая адбылася ў першай палове году і была прымеркаваная да 80-годзьдзя вызваленьня Беларусі ад нямецкай акупацыі. І тады палітвязьні згубіліся б сярод значнай колькасьці іншых амніставаных. Аднак тады ўлады адмыслова падкрэсьлівалі, што амністыя ня будзе тычыцца палітзьняволеных (то бок тых, хто асуджаны «за экстрэмізм і тэрарызм»).

У выніку «палітычныя» вызваляюцца на падставе не амністыі, а працэдуры памілаваньня. Прычым гэты працэс набыў рысы палітычнай кампаніі. У калёніі прыяжджала начальства (прадстаўнікі пракуратуры), настойліва патрабавала ад вязьняў пісаць хадайніцтвы аб памілаваньні. Прапагандыст Юры Васкрасенскі абтэлефаноўваў родных палітвязьняў і агітаваў іх угаворваць блізкіх пісаць падобныя заявы.

Улады маглі вызваліць гэтых 115 палітвязьняў адразу, адным указам — якраз напярэдадні новага «сьвята» 17 верасьня. Аднак вырашылі рабіць гэта порцыямі, разьдзялілі на чатыры групы. Вызваленьне адбылося паэтапна — у ліпені, жніўні і верасьні. Расьцягнулі на тры месяцы, каб больш прыцягнуць увагу да гэтага працэсу. Каб усе, каму трэба, убачылі ці пачулі гэты сыгнал.

То бок гэтае расьцягнутае ў часе вызваленьне, якое фактычна ператварылася ў палітычную кампанію, дзеля нечага патрэбна існаму рэжыму. Яно найперш сьведчыць пра тое, што цяперашні статус-кво не задавальняе ўлады. Чамусьці ён для Лукашэнкі не камфортны.

Хоць вонкава, здавалася б, усё ідзе нармальна: расьце эканоміка, падвышаюцца заробкі, апазыцыя і грамадзянская супольнасьць зьнішчаныя, замежныя пагрозы нэўтралізаваныя, ніякіх хмараў на палітычным небасхіле, якія маглі б сапсаваць кампанію прэзыдэнцкіх выбараў, ня бачна. І тым ня менш сытуацыя з палітвязьнямі нечым муляе Лукашэнку. Ён хацеў бы атрымаць нейкую дадатковую страхоўку — магчыма, рэалізаваць «плян Б» на ўсялякі выпадак. Таму і пасылае гучны сыгнал унутранай і вонкавай аўдыторыі. Калі гаварыць пра вонкавых суб’ектаў, то сэнс гэтага сыгналу палягае ў тым, што Лукашэнка гатовы да торгу. Маўляў, прапановы прымаюцца: рабіце вашы стаўкі.

"Свабода"