Палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі — пра тое, як рэжым дэманструе схільнасць да перамоў з Польшчай, на чыім баку мяч і каронны стыль Рыжанкова.

Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў заявіў, што ў Польшчы не атрымаецца шантажаваць Мінск перакрыццём грузавога руху праз мяжу, і ў выніку яна вымушаная будзе супрацоўнічаць з беларускімі ўладамі.

«У іх ёсць чыста палітычныя патрабаванні да нас, якія мы не лічым абгрунтаванымі, — сказаў Рыжанкоў. — А нават калі яны ім патрэбныя, то трэба размаўляць, а не мовай ультыматумаў чагосьці дабівацца, — на гэта мы ніколі не пойдзем».

Паводле слоў кіраўніка беларускай дыпламатыі, «шантаж наконт транзіту кітайскіх тавараў у іх не атрымаўся ад слова зусім», а цяперашнімі паводзінамі Польшча толькі «падстаўляе Еўрапейскі саюз» у пытаннях аховы еўрапейскай мяжы ад нелегальнай міграцыі, забеспячэння грузапатокаў — аднак «калі яны ўбачаць, што гэта не спрацоўвае, то будуць вымушаныя займацца супрацоўніцтвам з намі».

«Ястрабіная» манера новага міністра, у адрозненне ад «галубінай» рыторыкі ягонага папярэдніка Сяргея Алейніка, дзіўным чынам спалучае намёкі на гатоўнасць да гутаркі і спробы перакласці праблему з хворай галавы на здаровую.

Што атрымаецца з гэтакай дэманстрацыі нязломнасці беларускага рэжыму?

— Ужо па першых тыднях працы новага міністра можна зрабіць выснову, што пэўная жорсткасць, наступальнасць — гэта ягоны каронны стыль, — адзначае ў каментары Филину палітычны аглядальнік інфармацыйнага агенцтва Позірк Аляксандр Класкоўскі. — Такі нібыта лейтматыў і ў заяве Рыжанкова на польскую тэму — але гэта толькі верхні слой.

Нягледзячы на браваду міністра, насамрэч беларускія ўлады робяць пэўныя захады, каб зменшыць напружанасць. У прыватнасці, статыстыка паказвае, што цягам некалькіх тыдняў пасля траўня паслядоўна зніжалася колькасць нелегалаў, якія спрабавалі штурмаваць польскую мяжу.

Праўда, дадае аналітык, на мінулым тыдні гэтая лічба зноў вырасла — і ўсё адно яна нашмат меней за колішнія пікавыя значэнні, прынамсі можна думаць, што такім чынам Мінск пасылае сігналы Варшаве.

Дый нядаўнія заявы Аляксандра Лукашэнкі, у якіх ён паўтарыў у розных кантэкстах, што Мінск хоча палепшыць дачыненні з суседзямі—краінамі Еўразвязу — таксама сігналы. Верагодна, Кітай правёў пэўную выхаваўчую работу з беларускім бокам і прымусіў думаць, як можна змякчыць напружанасць.

— Іншая рэч, што беларускім уладам і хочацца, і колецца, — гаворыць Аляксандр Класкоўскі.

«Любыя абмежавальныя меры — зброя двухбаковавострая»

— Другі бок медаля, у чым Рыжанкоў мае пэўную рацыю, палягае ў тым, што любыя санкцыі, абмежавальныя меры — зброя двухбаковавострая. Сапраўды, Польшча таксама залежыць ад кітайскага транзіту, нясе адказнасць перад усім Еўразвязам за тое, каб гэтая артэрыя ўсё ж такі функцыянавала, і тут у сюжэт уплятаюцца інтарэсы іншых краін ЕЗ.

Поўная блакада — крок, які быў бы балючы і для Варшавы, і для ўсёй Еўропы, і для Кітая, таму думаю, што найбліжэйшым часам да гэтага не дойдзе, і закулісныя перамовы так ці іначай будуць працягвацца.

А вось які будзе іх вынік, прагназаваць справа няўдзячная.

З польскага боку ёсць канкрэтныя патрабаванні, якія Рыжанкоў замяняе эўфемізмамі — маўляў, выкочваюць нам палітычныя прад’явы. Аднак зразумела, што гаворка ідзе пра спыненне нелегальнай міграцыі і вызваленне палітвязняў, найперш актывіста польскай дыяспары Анджэя Пачобута.

Ёсць звесткі, што ён займае цвёрдую пазіцыю, не хоча пісаць прашэнне аб памілаванні — але гэта, напэўна, толькі частка праблемы. Былі прэцэдэнты, калі Лукашэнка, у сітуацыях, калі яму прыпякала, выпускаў палітзняволеных і без усялякіх прашэнняў — так было і ў 2011 годзе, калі выпусцілі вялікую група палітвязняў, асуджаных за Плошчу-2010, і перад выбарамі 2015 года, калі падобным чынам вызвалілі Мікалая Статкевіча.

Як прыціснуць абставіны, думаю, і Пачобута выпусцяць без прашэння аб памілаванні. Аднак цяпер ідзе такі этап торгу, на якім бакі падвышаюць стаўкі і дэманструюць баявыя стойкі.

Калі ўважліва ўслухацца ў словы Рыжанкова, зазначае аналітык, у іх гучаць не толькі жалезныя ноткі, але і намёк на тое, што торг магчымы — «не на мове ўльтыматумаў».

«Мяч на беларускім баку»

— Нядаўна Рыжанкоў анансаваў бліжэй да восені вялікі брыфінг з праваахоўнымі органамі і міжнароднымі арганізацыямі, якраз па сітуацыі з мігрантамі і абстаноўцы на беларуска-польскай мяжы. То бок, Мінск усведамляе, што вельмі хуткага паляпшэння не будзе, хоць бы не апусцілася жалезная заслона?

— Цяжка сказаць — па шчырасці, ад гэтых брыфінгаў нікому ні холадна ні горача. Наогул, нейкія жэсты Мінска выглядаюць дзіўнавата. Раней той жа Рыжанкоў казаў: калі палякі ведаюць прозвішчы беларускіх сілавікоў, якія нібыта замяшаныя ў падрыхтоўцы мігрантаў да штурму мяжы — хай іх назавуць. Як быццам бы палякі могуць ведаць дэталі гэтай патаемнай працы, а сілавікі ў Варшаву справаздачы дасылаюць.

Таму брыфінг — хутчэй гульня на публіку, вось якія мы адкрытыя. З гэтай жа оперы і бязвіз для грамадзян 35 еўрапейскіх краін — хутчэй, пусканне пылу ў вочы.

Якія брыфінгі — перакрыць паток мігрантаў, выдаць забойцу польскага жаўнера і вызваліць Пачобута, вось і ўсё, і, як казаў польскі бок, неўзабаве будзе адчынены адзін з пераходаў.

Таму, што б ні казаў Рыжанкоў, мяч на беларускім баку, а не на польскім.

Трапіўся востры на шылаватага

У прынцыпе, вызваленне палітвязняў, канстатуе Аляксандр Класкоўскі — вельмі балючае пытанне для афіцыйнага Мінска:

— Калі б Лукашэнка вызваліў Пачобута, тут ніяк бы не пахіснулася палітычная сітуацыя ў краіне — але для яго гэта пытанне прынцыпу, яму не хочацца паказацца слабым.

«Ненахіляльнасць», якую дэманструе і Лукашэнка, і Рыжанкоў — такі пункцік для дзеячаў аўтарытарных рэжымаў. У іх вялікі страх паказацца слабымі, бо ўся іх улада акурат трымаецца на застрашванні, на грубай сіле, а мяккія інструменты — не іх «каронка».

Але пасаж Рыжанкова дае намёк, што і з вызваленнем палітвязняў можа быць нейкі зрух.

Што да мігрантаў, на думку многіх каментатараў, тут вялікую ролю грае Масква, бо большасць нелегалаў трапляе ў Беларусь праз Расію, у іх расійскія візы. І тут пытанне, наколькі Лукашэнка з’яўляецца самастойным, а наколькі — інструментам у маскоўскай гібрыднай вайне супраць краін Еўразвязу.

Ва ўсякім разе, тое, што плынь мігрантаў апошнімі тыднямі зменшылася, паказвае, што як мінімум Мінск можа яе фільтраваць і ў пэўнай ступені рэгуляваць.

Рэзюмуючы — закулісныя перамовы прадоўжацца, таму што палякам даводзіць да поўнай блакады таксама нявыгадна, і яны хутчэй дзейнічаюць па прынцыпу, што пагроза мацнейшая за выкананне.

Але ж гаворка круціцца толькі вакол таго, зачыняць ці не зачыняць чыгуначны транзіт. Пра тое, каб палепшыць умовы для людзей, якія мучацца на пасажырскіх пераходах, тых жа кіроўцаў фураў, якія прастойваюць тыднямі, гаворка не ідзе.

Таму нават калі да горшага не дойдзе, «жалезная заслона» будзе толькі крышачку прыадчыненая. І пры гэтай уладзе спадзявацца на тое, што сітуацыя на межах з краінамі Еўразвязу значна палепшыцца, не выпадае. Беларусам застаецца маліцца, каб толькі не стала горай.

 Салiдарнасць